Хто такі Лінкявічус:
- Дэпутата Сэйму Літвы (1992 − 1996)
- Пасол Літвы ў NATO (1997 — 2000)
- Міністар абароны (2004 — 2004)
- Спэцпрадстаўнік Літвы ў NATO (2005 — 2011)
- Пасол у Беларусі (2012)
- Міністар замежных справаў (2011 — 2020)
«Удар па сувэрэнітэце нанесены былым прэзыдэнтам. Рэшткі сувэрэнітэту і бясьпекі зьнішчаюцца на вачах»
— Ваш былы калега, міністар Макей, у інтэрвію газэце «Коммерсант» сказаў, што санкцыі захаду — гэта ўдар па беларускай эканоміцы, што ў выніку б’е па сувэрэнітэце, маўляў, ад яго нічога не застанецца. Літва ўводзіць санкцыі сама і лабіруе санкцыі ЭЗ. Што б вы адказалі Ўладзіміру Макею?
— Я б яму неяк адказаў, але мы ўжо даўно не камунікавалі. Пасьля жнівеньскіх падзеяў мы яшчэ трошкі перапісваліся і я спадзяваўся, што ён будзе паводзіць сябе па-іншаму. Але ён зрабіў выбар і гэта ягоны выбар. Што тычыцца ўдару па сувэрэнітэце, то ён нанесены былым прэзыдэнтам, ягоным рэжымам. Ён раней называў сябе гарантам бясьпекі і незалежнасьці, але пасьля таго, што ён зрабіў з народам і краінай, рэшткі сувэрэнітэту і бясьпекі зьнішчаюцца на вачах.
Але трэба пагадзіцца, што санкцыі яшчэ больш заганяюць у кут рэжым, павялічваюць ізаляцыю і яшчэ больш заганяюць яго ў бок Расеі. Але калі мы адмовімся ад санкцыяў, то гэта ня спыніцца. Санкцыі павінны быць прынамсі дзеля таго, каб рэжым і кіраўніцтва адчувалі цану таго, што адбываецца. Гэта павінна адчувацца, бо іншай мовы яны не разумеюць. Заклікаў да перамоваў са сваімі людзьмі яны ня чуюць, ідуць рэпрэсіі і злачынствы. Нельга ўсё пакінуць так, нібыта нічога не адбываецца. Так бы я яму і адказаў. Калі мой былы калега шукае прычыны таго, што адбываецца, яны павінны найперш паглядзець на сябе, што яны робяць і што ўжо зрабілі для сваёй краіны.
Тэкставая вэрсія гутаркі скарочаная. Глядзіце цалкам інтэрвію тут:
— Зянон Пазьняк кажа, што санкцыі супраць «Белавія» — гэта найперш удар па людзях. Эканамічныя санкцыі — таксама ўдар па людзях. Атрымліваецца, што гэта ўдар па людзях, якія са жніўня актыўна пратэстуюць супраць улады.
— Я згодны, што ад санкцыяў жыць лепш ня стане. Санкцыі, асабліва эканамічныя, нэгатыўна ўплываюць і на тых, хто іх уводзіць. Тое, што адбываецца ў Беларусі, бачаць самі беларусы, якія пакутуюць. Але я наіўна спадзяюся, што гэта ўбачаць і тыя, хто не ўчыняў злачынстваў, але знаходзіцца ва ўладзе і неабыякавы да лёсу сваёй краіны. Мы цяпер не гаворым пра геапалітыку, мы кажам пра мінімальныя ўмовы для людзей, каб яны маглі дыхаць, выказваць думку і каб іх гэта не садзілі за краты. Без ціску і ізаляцыі, санкцыяў, гэта зрабіць немагчыма. Але зьмены могуць выйсьці толькі знутры, звонку ніхто нічога ня зробіць. Ніхто ня будзе ўмешвацца ва ўнутраныя справы краіны.
«Усё самае нэгатыўнае ідзе з Крамля»
— Ёсьць меркаваньне, што самыя адчувальныя санкцыі, якія б маглі паўплываць на сытуацыю ў Беларусі — гэта санкцыі супраць Расеі, напрыклад супраць «Паўночнага гаправоду». Што пра гэта думаеце?
— Тут ужо цэлая тэндэнцыя, што ўсё самае нэгатыўнае ідзе з Крамля. Такая рэальнасьць. Мы там бачым прычыны ўсяго, што адбываецца. Па-першае, у самой Расеі. Але мы бачым і замарожаныя канфлікты ў Грузіі, дзе акупавана 20% тэрыторыі, анэксія Крыму. Гэта ўсё адбывалася па ініцыятыве Крамля. А цяпер адбываецца абсорбцыя Беларусі. Трэба гэта бачыць і рабіць высновы.
— Ці можа Беларусь паўтарыць прыклад Кубы, супраць якой санкцыі дзейнічаюць дзясяткі гадоў і краіна, па-сутнасьці, стаіць на месцы?
— Я хацеў бы спадзявацца лепшага. Сусьветная супольнасьць рэагуе вельмі позна і вельмі мала. Нельга казаць, працуюць санкцыі ці не. Яны, па-першае, недастатковыя. Пасьля рэпрэсій 2010 году ў санкцыйным сьпісе было за 170 чалавек з Лукашэнкам на чале, а палітвязьняў было 7. А цяпер у санкцыйным сьпісе няма і сотні, а палітвязьняў больш за 420. Але яшчэ патрэбны быў час, каб пераканаць адзін аднаго, што ў гэтым сьпісе мае быць прэзыдэнт Лукашэнка. Мы рэагуем павольна і мала і гэта ўплывае на тое, што крызіс паглыбляецца. Будзем спадзявацца, што сусьветная супольнасьць будзе паводзіць сябе больш пасьлядоўна і жорстка, і што людзі зразумеюць, што іншага шляху няма і што яны павінны зьмяніць сытуацыю.
— Ці можа быць нейкім пераломным момантам у вырашэньні крызісу ў Беларусі сустрэча Байдэна і Пуціна?
— Яны абавязаны гэта абмяркоўваюць. Такія супэрдзяржавы маюць вялікую вагу. Я ўпэўнены, што там будзе абмяркоўвацца не перазагрузка, а будуць цьвёрда абароненыя элемэнтарныя дэмакратычныя правы і будзе сказана, што так сябе паводзіць нельга, што будуць наступствы. Прэзыдэнт ЗША можа так сказаць. Гэта можа зьмяніць або скарэктаваць сытуацыю.
«Сяброўства Лукашэнкі з Пуціным мае таксычны характар і яна ня можа доўжыцца доўга»
— А які сёньня галоўны фактар, які можа паўплываць на Лукашэнку і прымусіць сысьці?
— Мне цяжка ўлезьці ў галаву былога лідэра. Здаецца, цяпер ён баіцца ўсіх і ўсяго. Парадаксальна, але і тая ж Расея, якую ён абвінавачваў раней, цяпер яго адзіная надзея застацца ва ўладзе. Але думаю, што і ён разумее, што гэта ня будзе вечна. Я думаю, што партнэрства і сяброўства Лукашэнкі з Пуціным мае таксычны характар і яна ня можа доўжыцца доўга. Раней Лукашэнка балянсаваў, фліртаваў то з Захадам, то з Расеяй, выйграваў час, але цяпер гэта гульня скончылася. Цяпер сядзець на плоце і глядзець у два бакі больш не атрымаецца. Ён цалкам у расейскіх абдымках, тут ужо няма выбару. Я не чакаю, што ён зьменіцца, але вакол яго могуць зьмяніцца людзі і разумець наступствы, што ў іх руках будучыня.
— Вы згадвалі, што пасьля жнівеньскіх падзей размаўлялі зь мінстрам Макеем. Якія ў вас былі ад яго чаканьні?
— Наколькі я асабіста яго памятаю, нашыя размовы, я шмат што чакаў. Я разумею, што ня проста быць ва ўрадзе, дзе прэзыдэнт краіны дыктатар. На жаль, ён зрабіў ня той выбар, які я чакаў. Цяжка сказаць, чаму так адбылося, але я спадзяваўся, што ён павядзе сябе інакш. Я ведаю яго погляды, можна іх назваць у пэўным сэнсе лібэральнымі, з разуменьнем каштоўнасьцяў, пра якія мы кажам. Мы зь ім абмяркоўвалі магчыма не набліжэньне да ЭЗ, але да ладу жыцьця, падключэньне Беларусі да розных праектаў супрацы. І я бачыў у гэтым дададзеную вартасьць, разуменьне, што гэта карысна, а ня шкодна супрацоўнічаць з Эўразьвязам. Магчыма калісьці, калі захоча, ён раскажа, чаму так сябе павёў.