Літва высылае двух беларускіх дыпляматаў з прычыны іх дзеяньняў, «несумяшчальных з дыпляматычным статусам», і ў знак салідарнасьці з Латвіяй. Яны павінны пакінуць краіну на працягу 7 дзён, паведамляе МЗС Літвы, якое цытуе сайт Delfi.lt.
Міністар замежных спраў Літоўскай Рэспублікі Габрыелюс Ландсбергіс напісаў, што гэтыя дыпляматы — супрацоўнікі выведкі.
Прадстаўніку амбасады Беларусі таксама быў выказаны пратэст супраць працягу ў краіне рэпрэсій у дачыненьні да беларускай грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ.
У адказ Беларусь абвясьціла пэрсонамі нон грата двух літоўскіх дыпляматаў, паведаміла БелТА.