Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы занепакоеныя: палітвязень Вадзім Гурман у калёніі рызыкуе страціць зрок


Вадзім Гурман
Вадзім Гурман

Ён мае даўнюю праблему са зрокавымі нэрвамі, аднак улады праігнаравалі ўсе просьбы маці палітвязьня ўратаваць здароўе Вадзіма.

Палітвязьню Вадзіму Гурману тэрмінова патрэбная мэдычная дапамога акуліста: у яго неапэрабэльная атрафія зрокавых нэрваў абодвух вачэй. Адно вока бачыць на 12%, другое — на 23%. Кожныя чатыры месяцы ён мусіць знаходзіцца на абсьледаваньні: інакш да 30 год яму прагназавалі поўную сьлепату. Да таго ж Вадзім — баксэр, і ў яго было адпляставаньне сятчаткі, піша «Вясна».

Маці палітвязьня Вольга Гурман сказала, што сына адмовіліся лячыць нават у Бараўлянах, бо там няма патрэбнага абсталяваньня.

«За нас узяліся толькі лекары 10-й клінічнай лякарні, куды нам пастаянна патрэбна прыяжджаць на абсьледаваньні. Я прыносіла дакумэнты ў суд і Сьледчы камітэт: з такім дыягназам нельга было пазбаўляць Вадзіма волі, любая фізычная нагрузка на працы ў калёніі будзе хуткімі тэмпамі пагаршаць ягоны зрок. Яшчэ да абвесткі з калёніі мне патэлефанавалі і сказалі, што моцна зьбітага сына зьнялі з „этапу“ — таму так доўга не было інфармацыі пра яго — такія ўмовы павялічваюць тэмпы пагаршэньня зроку».

Вадзім ужо ня бачыць у тых акулярах, якія маці перадала яму па старым рэцэпце: ён ня можа ў іх ні чытаць, ні пісаць. Ад яго прыйшоў толькі адзін ліст, а пры этапаваньні ў яго забралі ўсё — ручнікі, брытвы, абцужкі для пазногцяў.

Хоць маці Вадзіма прасіла накіраваць яго для адбыцьця пакараньня ў калёнію ў Навасадах, што блізка да Маладэчна, яго адправілі ў Горкі: цяпер, каб адвезьці перадачы, сваякі палітвязьня мусяць ехаць 720 км у абодва бакі, сваёй машыны сям’я ня мае. Да таго ж судовыя прыставы пачалі прыходзіць да Вольгі па спагнаньне пазоваў, прызначаных судом.

19-гадовая дзяўчына Вадзіма Віялета ў хуткім часе народзіць двойню, што істотна ўзмоцніць нагрузку на бюджэт сям’і палітвязьня. Гурман ужо ня першы палітвязень, які мае праблемы са зрокам. На праблемы з вачыма пачалі пакутаваць і тыя, хто, у адрозьненьне ад маладачанца, ніколі на іх ня скардзіўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG