Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Без нагі, хворы на рак, з розумам дзіцяці. Хто сядзіць «за палітыку» з сур’ёзнымі хваробамі


Сярод людзей, якіх затрымалі ў сувязі з пратэстамі пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў, ёсьць тыя, хто мае цяжкія захворваньні, групу інваліднасьці. Расказваем, хто гэта.

Уладзімер Малахоўскі

Малахоўскага прызналі вінаватым у тым, што падчас затрыманьня на акцыі пратэсту спрабаваў ударыць міліцыянтаў, пашкодзіў форму, распыліў у іх газавы балёнчык. Мужчына віны не прызнаў.

Яшчэ на волі Малахоўскі прайшоў курс хіміятэрапіі. У лісьце зь СІЗА ён расказаў, што блага сябе адчувае, нямеюць рукі і ногі. Яму забараняюць ляжаць удзень на ложку. З волі перадалі інгалятар, таму стала лягчэй дыхаць.

Малахоўскага накіроўвалі на агляд у анкалягічны цэнтар. Па шпіталі яго вадзілі на ланцугу. Аднак яго не павезьлі ні на плянавую апэрацыю, ні на мэдыка-рэабілітацыйную экспэртную камісію (МРЭК).

Сяргей Верашчагін

Верашчагін назіраў за жорсткімі затрыманьнямі з вакна сваёй кватэры. Закрычаў на міліцыянтаў і кінуў у іх бок плястыкавую бутэльку. Тыя ўварваліся да яго дадому, моцна пабілі, скакалі па галаве. Ён атрымаў сама меней 100 удараў. У шпіталі ў яго зафіксавалі чэрапна-мазгавую траўму, шматлікія гематомы і пашкоджаньні, у тым ліку грудной клеткі, шыйнага, груднога і паясьнічнага аддзелаў хрыбта.

У лісьце ад 21 красавіка Верашчагін напісаў, што губляе зрок. Пэтыцыю за тое, каб Верашчагіна шпіталізавалі, падпісалі больш як 6 тысяч чалавек.

Аляксей Губіч

Маці Губіча расказала, што сын мае рэдкую хваробу вачэй — кератаконус. Калі не зрабіць своечасова апэрацыі, ён можа асьлепнуць. Апэрацыю хлопец плянаваў рабіць летась увосень.

Родныя Губіча кажуць, што ў калёніі ў Аляксея ўжо пагоршыўся зрок. Яму патрэбна абсьледаваньне і новыя акуляры.

Мікіта Залатароў

Мікіта — дзевяціклясьнік з Гомля. Яго затрымалі за пратэсты 10 жніўня і абвінавацілі ў тым, што кінуў «кактэйль Молатава» у бок вайскоўцаў. Бутэлька ўпала побач з байцамі і не нанесла ім шкоды.

Хлопец хварэе на эпілепсію. Ён неаднаразова скардзіўся бацькам, што яго білі ў СІЗА, катавалі электрашокерам, не давалі своечасова лекаў. Сьледчыя ня выявілі складу злачынства ў дзеяньнях супрацоўнікаў СІЗА.

Пасьля прысуду падлетак пачаў кідацца на клетку і крычаў: «Выпусьціце мяне адсюль!»

Пасьля прысуду яго зноў арыштавалі ў новай крымінальнай справе, бо ён нібыта «накінуўся на супрацоўніка СІЗА». Бацька ўбачыў, што сын схуднелы і бледны. Мікіта пасьпеў сказаць бацькам, што больш ня вытрымае сядзець у адзіночнай камэры.

Галіна Дзербыш

Дзербыш усё жыцьцё працавала бухгальтаркай у калгасе. У маладосьці трапіла ў цяжкую аўтамабільную аварыю. Пасьля гэтага ў яе здараліся прыступы галаўных боляў, слабасьці, калі яна траціла прытомнасьць.

Сядзіць у горадзенскай турме амаль 5 месяцаў. За гэты час у жанчыны яшчэ пагоршылася здароўе. Піша, што ёй цяжка сядзець, скардзіцца на болі ў страўніку.

Уладзімер Гундар

Некалькі гадоў таму Гундар перанёс апэрацыю. Яму ампутавалі нагу, ён мае гіпэртанію і судзіннае захворваньне. Актывіст шмат гадоў носіць пратэз, але падчас затрыманьня праваахоўнікі прымусілі яго зьняць. У турме мужчына перасоўваецца на мыліцах.

Яго судзяць у закрытым рэжыме ў Берасьці. На суд не пусьцілі нават сваякоў.

Валянцін Колб

Колба вінавацяць у «масавых беспарадках» у Пінску ў ноч на 10 жніўня. Ён спачатку знаходзіўся ў статусе падазраванага, пад падпіскай аб нявыезьдзе. Пасьля затрыманьня яму стала блага. Яго пад канвоем шпіталізавалі. Нейкі час ён знаходзіўся ў рэанімацыі. Калі мужчыну стала лепш, яго перавялі ў СІЗА. Раней ён перанёс інфаркт.

Дзьмітры Гопта

Экспэртыза прыйшла да высновы, што Гопта можа адказваць за свае дзеяньні. Віну хлопец прызнаў цалкам і пагаджаўся з кожным сьцьвярджэньнем пракурора, судзьдзі ці адваката, бо думаў, што тады яго не пасадзяць. Перад судом хлопец самастойна пагаліў галаву, перад прысудам моцна плакаў і казаў, што ня хоча ў турму.

Маці Дзьмітрыя расказала, што дыягназ сына гучыць як «Разумовая адсталасьць лёгкай ступені; парушэньне ў паводзінах, якое патрабуе пастаяннага назіраньня, лячэньня і дагляду».

«Калі іншыя дзеці разумелі свае патрэбы, у яго гэтага не было. Ды і цяпер ён можа ў мароз ісьці ў кедах на вуліцу, а ў 30-градусную сьпёку — у цёплай кофце», — расказвала Вольга Гопта.

Як працаваць, што рабіць на працы, Дзьмітры не разумеў. Ніхто яго не хацеў браць, а калі ўладкоўвалі, то хутка звальнялі. Інваліднасьць яму таксама не далі.

«Ён так моцна баяўся... Ішоў на кожны суд — яго трэсла. У яго энурэз, таму ён часта на судзе прасіўся ў прыбіральню, гэта ўсё ад нэрваў», — расказвала маці хлопца.

Пэтыцыю, каб вызваліць Гопту, падпісалі 3 тысячы чалавек.

Аляксей Раманаў

Раманаў напісаў у красавіцкім лісьце, што яго з калёніі вазілі на дасьледаваньне ў шпіталь. Лекарка сказала, што выявілі новую пухліну.

«Я так стаміўся ад гэтых боляў, хутчэй бы памерці», — напісаў Раманаў.

Яго судзілі ў закрытым рэжыме.

Сяргей Драздоўскі

Знаходзіцца пад хатнім арыштам бяз права камунікацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG