Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Фізычнымі практыкаваньнямі займацца не дазваляюць, упаў зрок». Асуджаную мэдсястру Юлію Кашавераву пераводзяць у калёнію


Юлія Кашаверава
Юлія Кашаверава

Віцебскі абласны суд пакінуў бязь зьменаў прысуд палітзьняволенай мэдсястры Юліі Кашаверавай. Яна будзе адбываць паўтара года зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму за тое, што падчас акцыі пратэсту ўдарыла нагой па міліцэйскім бусе.

23 лютага суд прызнаў яе вінаватай у хуліганстве па ч.1 артыкула 339 Крымінальнага кодэксу. Юлію Кашавераву затрымалі 20 кастрычніка мінулага году.

Паводле Сяргея Кашаверава, бацькі Юліі, паседжаньне цягнулася каля сарака хвілін.

«Пракурор сказаў, што нішто ня можа паўплываць на тое, каб зьмяніць Юліі меру стрыманьня. Мы прасілі ўлічыць, што бабуля інвалід другой групы і патрабуе догляду і апроч Юліі ніхто ня можа аказаць патрэбную дапамогу. Аднак пракурор заявіў, што бабуля ня мае значэньня. Таксама не ўлічылі тое, што Юлія выхоўвалася ў сям’і вайскоўца», — кажа бацька.

Юлія прызнала віну, што ўдарыла міліцэйскую машыну, матэрыяльная шкода пакрыта. Яна не аказвала супраціўленьня. На момант разгляду апэляцыі яна была ў зьняволеньні ўжо шэсьць з паловай месяцаў. Але ў абласным судзе нічога не прынялі да ўвагі і меру стрыманьня не зьмянілі, кажа бацька.

«Канечне, перакос сыстэмы. Выконваецца каманда, указаньні зьверху. Гэта тычыцца ўсіх палітычных. Наколькі што магчыма будзе далей, ня ведаю. Казала, што ня можа ўсяго гаварыць, як выйдзе на волю, усё раскажа», — сказаў бацька.

Юлія Кашаверава цяпер у віцебскім СІЗА № 2. Чакаецца, што для адбыцьця пакараньня яе накіруюць у гомельскую калёнію № 4.

Пасьля суду Юліі дазволілі спатканьні з 82-гадовай бабуляй Лідзіяй Уладзімераўнай, якая не прапусьціла ніводнага суду, бацькам і братам. Сустрэчы праходзілі праз шкло з магчымасьцю размаўляць праз тэлефонную слухаўку. Размова запісваецца. Раней Юлію прыводзілі на спатканьне ў кайданках, цяпер без кайданкоў, кажа бацька.

«Балела калена пэўны час, цяпер вузельчыкі на руках, кажа, праходзяць. Адсутнасьць руху і недахоп сьвежага паветра дае пра сябе знаць, адмоўна ўплывае на здароўе. Натуральна, рэжым не дазваляе днём паляжаць. Усе, хто зьвязаны з такімі парушэньнямі, сьпяць на другім паверсе, на першым нельга. Зарадкай і фізычнымі практыкаваньнямі займацца не дазваляюць, — кажа бацька. — У яе праблема са зрокам, зрок упаў, і не магу безь яе зрабіць акуляры. У паліклініцы сказалі, што трэба, каб сама прыйшла, бо трэба ўсё памераць, патрэбны дакладныя дадзеныя. Нават падборка аправы мае вялікае значэньне. Безь яе гэта зрабіць немагчыма. Нават на сустрэчу ўзяць аправу нельга, каб памераць».

У зьняволеньні Юлію ратуе тое, што ёсьць кнігі, што ёй пішуць лісты. Яна чытае кнігі па псыхалёгіі, спрабуе вывучаць ангельскую мову. Бацька кажа, што перадае ёй газэты і часопісы.

«Юлі шмат пішуць з-за мяжы і зь Беларусі. Гэта дае магчымасьць трымаць сябе ў руках. Каб быць упэўненым, што лісты даходзяць, на старонцы ліста я зьмяшчаю фатаздымак з хатніх альбомаў. Яна прасіла сфатаграфаваць котку, зьмясьціў котку. Гэта лепш запамінаецца, і падчас сустрэчы яна казала, што ўсё атрымала. Яна дае сябрам мой тэлефон, яны тэлефануюць мне, — кажа Сяргей. — Але кажа, што стамілася ў зьняволеньні, замкнёная прастора, цісьне, як бы там ні было».

У СІЗА Юлія сустрэла дзень нараджэньня, ёй споўніліся 23 гады. Пакуль была пад сьледзтвам, у камэры было два-тры вязьні. Пасьля прысуду яе перавялі ў камэру, дзе было 9 чалавек, а потым у камэру на 6 чалавек.

«Завёз ёй куртачку, красоўкі, якія павінны быць на ліпучках, каб магла ехаць, — кажа бацька. — Піша, каб я трымаўся. Нягледзячы на цяжкія моманты, стараецца нас неяк падтрымліваць, каб ня падалі духам. Піша, што вернецца і ўсё будзе добра».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG