Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявілася пэтыцыя ў падтрымку палітвязьня Верашчагіна, стан здароўя якога крытычна пагоршыўся


Сілавікі ў Гомлі, архіўнае фота
Сілавікі ў Гомлі, архіўнае фота

Зьявілася пэтыцыя з патрабаваньнем неадкладнай мэдычнай дапамогі асуджанаму на 5 гадоў пазбаўленьня волі паводле артыкулу 364 Крымінальнага кодэксу (гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі) Сяргею Верашчагіну. Ён адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 13 у Глыбокім на Віцебшчыне.

Пэтыцыя на плятформе «Зручны горад» набрала амаль 1000 подпісаў і
будзе накіраваная ў Міністэрства аховы здароўя і Ўпраўленьне дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС па Віцебскай вобласьці.

Сяргея Верашчагіна затрымалі 12 жніўня і моцна зьбілі. Сярод дыягназаў — закрытая чэрапна-мазгавая траўма, удар галаўнога мозгу, множныя гематомы, удары грудной клеткі, шыйнага, груднога і паяснічнага аддзелаў хрыбетніка, скроневых абласьцей. Яго абвінавацілі ў тым, што ён нібыта з вакна сваёй кватэры крычэў на супрацоўнікаў міліцыі, а таксама кідаў у іх бутэлькі. Мужчыну прызналі вінаватым і прысудзілі да 5 гадоў калёніі. Сваёй віны ён не прызнаў.

Як стала вялома родным, стан здароўя Сяргея рэзка пагаршаецца. Ён імкліва траціць зрок, не адчувае левую палову цела, у яго ўвесь час кружыцца галава. Пры гэтым ніякай мэдычнай дапамогі яму не аказваюць.

Пры гэтым артыкул 14 закону «Аб ахове здароўя» вызначыў, што асобам, якія знаходзяцца пад сьледзтвам, ці якiя адбываюць пакараньне ў выглядзе арышту, абмежаваньня волі, пазбаўленьня волі, пажыцьцёвага зняволеньня, а таксама асуджаным да сьмяротнага пакараньня, гарантуецца аказаньне неабходнай мэдычнай дапамогі.

На падставе гэтага падпісанты пэтыцыі патрабуюць неадкладна аказаць Сяргею Верашчагіну належную мэдычную дапамогу, зьмясьціць яго ў шпіталь для больш дэталёвай дыягностыкі і лекаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG