Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці судзяць 13 новых фігурантаў «карагоднай справы»


«Карагодная справа», акцыя пратэсту ў Берасьці, 13 верасьня 2020 году.
«Карагодная справа», акцыя пратэсту ў Берасьці, 13 верасьня 2020 году.

Усяго асудзілі ўжо 32 асобы, траіх зь іх адправілі ў калёнію.

24 траўня ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця пачаўся працэс над чарговымі фігурантамі «карагоднай справы».

13 асобаў абвінавачваюць паводле ч. 1 артыкулу 342 за ўдзелу 13 верасьня ў карагодзе на скрыжаваньні бульвару Касманаўтаў і праспэкту Машэрава. У той дзень для разгону пратэстоўцаў сілавікі ўжылі вадамёт.

Справу разглядае судзьдзя Яўген Брэган (30 красавіка ён прысудзіў 14 фігурантам «пінскай справы» ад 5,5 да 6,5 года пазбаўленьня волі. — Свабода).

На лаве падсудных 13 чалавек:

  • Ігар Вінакураў,
  • Сяргей Ксянжук,
  • Дзьмітры Курганаў,
  • Алена Лойка,
  • палітвязень Радзівон Медушэўскі (знаходзіцца ў Берасьцейскім СІЗА № 7),
  • Соф'я Нішт,
  • Андрэй Нямірскі,
  • Андрэй Аніскевіч,
  • Ільля Палхоўскі,
  • Кацярына Смірнова,
  • Мікіта Увараў,
  • Аляксандар Храпко,
  • Галіна Чугунова.

У чым абвінавачваюць падсудных?

Усіх іх абвінавачваюць паводле ч. 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («Падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку»). Санкцыя ў гэтым выпадку прадугледжвае штраф, або арышт, ці абмежаваньне або пазбаўленьне волі на тэрмін да трох гадоў.

Згодна з вэрсіяй абвінавачаньня, падсудныя ў групе зь іншымі асобамі наўмысна ўзялі актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Іх дзеяньні нібыта былі спалучаныя зь непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады, пацягнулі за сабой парушэньне працы транспарту, арганізацый і прадпрыемстваў.

У прыватнасьці, з прычыны прастою тралейбуснаму парку была нанесеная шкода 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму — 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін зачыніліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчаваньня. Пацярпелым бокам у справе выступаюць тралейбусны і аўтобусны паркі.

У Берасьці ў «справе карагоду» раней адбыліся ўжо 3 суды. Суд над чацьвёртай часткай фігурантаў працягваецца да гэтага моманту. Агулам асудзілі ўжо 32 асобы, траіх зь іх адправілі ў калёнію.

Справа аб карагодзе — адна з самых масавых палітычных справаў у Беларусі. Колькасьць абвінавачаных у ёй на гэты момант складае больш за 70 чалавек. Аднак сілавікі да сёньня працягваюць займацца пошукам удзельнікаў тых падзеяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG