Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пастаялі некалькі хвілін, паглядзелі». У «карагоднай справе» будуць судзіць цяжарную жанчыну, якая мае дваіх малых дзяцей


Андрэй і Паліна Ляшко зь дзецьмі
Андрэй і Паліна Ляшко зь дзецьмі

14 траўня ў Берасьці пачнецца разгляд крымінальнай справы аб «карагодзе». Гэта ўжо чацьвёртая «партыя» жыхароў гораду над Бугам, якія трапілі пад крымінальны перасьлед за карагод на праспэкце Машэрава.

Сярод 11 абвінавачаных — сужэнцы Андрэй і Паліна Ляшко. У сям’і двое малых дзяцей — трох і шасьці гадоў. Паліна цяжарная трэцім дзіцем.

Пра абставіны крымінальнай справы Паліна расказала Свабодзе.

13 верасьня яна гуляла з мужам у цэнтры гораду. «Мы заўважылі нешта незвычайнае — людзі вадзілі карагод! Спачатку нехта ўключыў музыку, гралі „Песьні пераменаў“, NRM, здаецца, іншыя гурты, а людзі танцавалі. Усе былі такія натхнёныя, радасныя. Людзі былі прыгожа апранутыя, нібыта сьвята нейкае было. Нехта купляў і даваў людзям марозіва. Мы стаялі на тратуары і назіралі за гэтым. І то пастаялі мо некалькі хвілін і пайшлі. А потым па нас прыйшлі», — кажа Паліна.

«Пайшлі сьведкамі — выйшлі падазраванымі»

Спачатку мужа і жонку выклікалі на допыт як сьведак. «Мяне шукалі на працы, хоць я ў дэкрэтным водпуску, па месцы рэгістрацыі — я там не жыву. Урэшце прыехалі да нас на лецішча. Пайшлі мы як сьведкі, а выйшлі — сталі падазраванымі ў крымінальнай справе. За тое, што стаялі і глядзелі. А па-іхнаму выходзіць, што мы „груба парушалі грамадзкі парадак“, „спынілі працу транспарту“ і гэтак далей. Мы былі там без сьцягоў, без анічога. Не крычалі, не арганізоўвалі нікога і нічога, ня клаліся на асфальт пад тралейбусы...» — кажа жыхарка Берасьця.

Яе муж Андрэй — адзіны карміцель у сям’і. Бо Паліна цяжарная ў дэкрэце. Калі Андрэй стаў падазраваным у крымінальнай справе, яму забаранілі выезд за мяжу. А ён працаваў дальнабойнікам за мяжой, і з гэтага заробку жыла сям’я. Цяпер Андрэй бяз працы, і гэта адбілася значна на фінансавым стане сям’і. «Мы вымушаныя былі адмовіцца ад адваката, бо гэта вельмі дорага для нас... Мы проста не пацягнем адвакацкія паслугі. Раней у Берасьці былі праваабаронцы, яны дапамагалі бясплатна. Але цяпер і іх перасьледуюць — няма да каго і зьвярнуцца па дапамогу. Я раней зьвярталася да праваабаронцаў, дык мяне цяпер і за гэта выклікалі ў міліцыю, але я не пайшла, якраз дзеці хварэлі», — кажа Паліна.

«Мы зь дзецьмі застанемся без капейкі грошай»

Яна бядуе, што калі муж атрымае «хімію», то ёй зь дзецьмі ня будзе наагул за што жыць. Яе наўрад ці хто возьме на працу з траімі малымі. «Мы проста застанемся без капейкі», — кажа яна. Сям’я жыве на здымнай кватэры.

«Ужо тры „партыі“ людзей асудзілі за той карагод. Давалі нават калёнію, а ў асноўным — жанчынам — „хатнюю хімію“, а мужчынам — „хімію“ з накіраваньнем ва ўстанову. Яшчэ такая акалічнасьць... Цяжарным жанчынам паводле нашага закону ня могуць даць „хімію“, а вось калёнію — могуць... Вось так. Мы нічога не грамілі, не палілі, не ламалі, нават не скакалі і ня пляскалі ў далоні — а цяпер нас будуць судзіць. На допытах нам казалі: „Раз вы ступілі на асфальт, значыць, парушылі працу транспарту“», — зазначае жыхарка Берасьця.

Што за «карагодная справа»?

13 верасьня падчас акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў сотні берасьцейцаў выйшлі на скрыжаваньне праспэкту Машэрава і бульвару Касманаўтаў, дзе зладзілі карагод. Паводле абвінавачаньня, людзі «дзейнічалі ў групе зь іншымі асобамі, якія на праезнай частцы гучна крычалі, сьвісталі, выгуквалі лёзунгі, пляскалі ў ладкі, наўмысна бралі актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, перашкаджалі працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацыяў».

Беларускія сілавікі ўжылі супраць жыхароў Берасьця вадамёт — разагналі карагод.

Усяго ў крымінальнай справе праходзяць сама меней 56 чалавек. Ужо прайшлі тры суды, на якіх судзілі па 10–14 жыхароў Берасьця.

Цяпер будуць судзіць чацьвёртую «дзясятку», дакладней 11 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG