У судзе Маскоўскага раёну Берасьця пачаўся суд над чацьвёртай групай абвінавачаных ва ўдзеле 13 верасьня ў карагодзе на скрыжаваньні бульвару Касманаўтаў і праспэкту Машэрава. У той дзень для разгону пратэстоўцаў сілавікі ўжылі вадамёт. Справу разглядае судзьдзя Сяргей Маручак.
Агулам на падсуднай лаве 12 асобаў. Сярод іх:
- Вольга Глушэнь і Раман Яхін (палітзьняволеныя, знаходзяцца ў берасьцейскім СІЗА № 7),
- цяжарная маці дваіх дзяцей Паліна Ляшко і яе муж Андрэй Ляшко,
- Раман Дземідовіч,
- Марына Дарашук,
- Вікторыя Каральчук,
- Алеся Крамчаніна,
- Сьвятлана Марчук,
- паэт-пчаляр Мікалай Папека,
- Яўген Сіняк разам с 19-гадовым сынам палітвязьням Арсенем Сіняком (ён з 9 лютага знаходзіцца ў берасьцейскім СІЗА № 7)
Усіх іх абвінавачваюць паводле ч. 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («Падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку»). Санкцыя ў гэтым выпадку прадугледжвае штраф, або арышт, ці абмежаваньне або пазбаўленьне волі на тэрмін да трох гадоў. Ніхто з 12 фігурантаў да гэтага моманту ня меў судзімасьці.
«Хай бы ўжо 5 тысяч судзілі»
—Шмат вас там будзе? — цікавіцца адзін з падсудных у дзьвюх жанчын, якія прыйшлі падтрымаць абвінавачаных. Самі жанчыны — фігуранткі 6-й часткі абвінавачаных па карагоднай справе.
— 12, — адказвае адна з жанчын.
— А ў пятай дзясятцы, цікава, колькі? — пытаецца хлопец зноў.
— Ня ведаю. Хай бы ўжо ў такім выпадку 5 тысяч судзілі. Колькі нас там было?
— Дык яны і шукаюць. Ужо, здаецца, 200 чалавек праходзяць па гэтай справе, — адказвае хлопец.
У гэты час да іх падыходзяць абвінавачаныя цяжарная маці дваіх дзяцей Паліна Ляшко з мужам Андрэем.
— Думаем, што дадуць хімію, — кажа Паліна. Ілюзіі ня маем. Мы вельмі чакалі суду, бо цягнецца гэта ўсё зь верасьня. Маральна мы стаміліся. Гатовыя да ўсяго.
«Фарс і судзілішча на паказ»
— Улічваючы досьвед суду папярэдніх «дзясятак», ад гэтага суда нічога добрага не чакаю, кажа падсудны Раман Дземідовіч.— Адвакаты ўжо нічым не дапамагаюць, выконваюць у судзе проста ролю мэблі. Што б ты не казаў, як б не даказваў сваю невінаватасьць — усё бессэнсоўна. Як быццам трапіў у ажыўшы «Працэс» Кафкі. Вось такое ў мяне складваецца адчуваньне.
Хлопец распавёў, што яго бацькі жывуць за мяжой, тым ня менш імкнуцца яго ўсяляк падтрымліваць.
— Спачатку яны не разумелі, маўляў «як гэта так»? — кажа Раман.— Ды і я да гэтага часу не разумею ў чым мая віна. Гэта проста нонсэнс, нейкі. Фарс і судзілішча на паказ.
У залю дазволілі зайсьці толькі 30 асобам
Каля 9.40 ля залі пасяджэньняў зьбіраецца некалькі дзясяткаў чалавек. На канапах каля дзьвярэй, падсудныя пачалі зьбіраць подпісы, каб дазволілі рабіць фота і відэаздымкі, а таксама пусьцілі ўсіх ахвотных у залю.
Аднак ужо празь некалькі хвілін да іх падышла работніца суду са сьпісам у руках. Яна распавяла, што ў залю змогуць зьмясьціцца толькі 30 асобаў.
— Мы патрабуем, каб у залю зайшлі ўсе. Інакш мы прызнаем гэты суд проста расправай над намі, — зьвяртаецца да прысутных падсудны паэт-пчаляр 59-гадовы Мікола Папека.
— Нічога ня можам зрабіць — кажа працаўніца суду.
— А другой залі, пабольш няма?, — пытаюцца людзі.
— Не, у нас такія толькі дзьве, — адказала яна.
— Так, такія суды, як наш, трэба праводзіць на стадыёне. Каб усё Берасьце прыйшло на гэта паглядзець,— дадае Папека
У выніку ў залю пусьцілі па адным сваяку абвінавачаных, адвакатаў і журналіста «Брэсцкай газэты». Усе астатнія засталіся чакаць перапынку некалькі гадзін каля дзьвярэй.
Азнаёміцца са справай на беларускай мове нельга
Пад час ранішняга паседжаньня Мікола Папека запатрабаваў, каб яго справу, зь якой ён да гэтага моманту не азнаёмлены, пераклалі на беларускую мову.
Адзін зь фігурантаў справы пружанскі паэт і пчаляр Мікола Папека (Сябра Беларускага ПЭН-цэнтру, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў) доўга змагаўся за магчымасьць у азнаямленьні з матэрыяламі справы па-беларуску. Аднак атрымаў ад судзьдзі Маручанка пісьмовы адказ, у якім той зазначыў, што «падстаў для азнаямленьня з матэрыяламі справы на беларускай мове няма».
— На жаль, я зразумеў, што ў гэтых структурах юстыцыі зьневажаюць і дыскрэдытуюць беларускую мову. Больш за гэта, людзям, якія размаўляюць па-беларуску больш і «дастаецца», іх бʼюць, пазначаюць колерам, — сказаў Мікола Папека перад пачаткам паседжаньня. — Судзьдзя Маручак адказаў на маю заяву па-расейску і яшчэ з такой зьнявагай да закону! Гэта ня я павінен валодаць расейкай мовай, а ён, судзьдзя, павінен валодаць беларускай. І адказваць на той мове, на якой я да яго зьвяртаюся
Раней паэт дамогся, каб на допыце ён мог размаўляць на роднай мове. Тады яго дапытвалі празь перакладчыка.
У чым абвінавачваюць падсудных?
Згодна з вэрсіяй абвінавачаньня, падсудныя ў групе зь іншымі асобамі наўмысна ўзялі актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Іх дзеяньні нібыта былі спалучаныя зь непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады, пацягнулі за сабой парушэньне працы транспарту, арганізацый і прадпрыемстваў. У прыватнасьці, з прычыны прастою тралейбуснаму парку была нанесеная шкода 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму — 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін зачыніліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчаваньня. Пацярпелым бокам у справе выступаюць тралейбусны і аўтобусны паркі.
У Берасьці ў «справе карагода» раней адбыліся ўжо 3 суды. Агулам асудзілі 32 асобы, траіх зь іх адправілі ў калёнію.
Справа карагодаў — адна з самых масавых палітычных справаў у Беларусі. Колькасьць абвінавачаных у ёй на гэты момант складае больш за 70 чалавек. Аднак сілавікі да сёньня працягваюць займацца пошукам удзельнікаў тых падзеяў.