Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Справа Tut.by»: што вядома на сёньня

абноўлена

Зьлева направа: Юлія Чарняўская, Марына Золатава, Людміла Чэкіна і Вольга Лойка
Зьлева направа: Юлія Чарняўская, Марына Золатава, Людміла Чэкіна і Вольга Лойка

13 супрацоўнікаў Tut.by затрымалі, дагэтуль невядома, дзе знаходзіцца ўдава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская.

Учора ў офісе Tut.by і ў кватэрах кіраўнікоў выданьня прайшлі ператрусы. Больш за 10 чалавек затрымалі, завялі крымінальную справу. Сайт заблякаваны.

19 траўня ахоўнікі офіснага цэнтру на праспэкце Дзяржынскага ў Менску, дзе знаходзіцца рэдакцыя Tut.by, сказалі журналісту выданьня, што допуск у офіс закрыты праз распараджэньне сьледчых органаў.

Разам з тым, спыненьне працы сайту рэзка павялічыла колькасьць падпісантаў галоўнага тэлеграм-каналу, што належыць мэдыяпарталу. Канал пераадолеў лічбу ў паўмільёна падпісантаў, пры тым, што перад разгромам рэдакцыі сілавікамі меў 395 тысяч. Прырост на 105 тысяч за суткі.

На гэты момант аб «справе Tut.by» вядома наступнае.

У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што на службовых асобаў ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫА» завялі крымінальную справу па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 243 КК (ухіленьне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Маючы статус рэзыдэнта ПВТ, кампанія нібыта атрымлівала выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.

Супрацоўнікі, якія знаходзяцца ў галоўным офісе, і журналісты, якія прыехалі да яго, перасталі выходзіць на сувязь. Многіх зь іх пратрымалі ў будынку да позьняй ночы.

Паралельна з гэтым Міністэрства інфармармацыі абмежавала доступ да сайту Tut.by, спасылаючыся на тое, што Генпракуратура выявіла факты парушэньняў закона аб СМІ ў частцы разьмяшчэньня ў публікацыях забароненай інфармацыі, у прыватнасьці незарэгістраванага фонду BYSOL. Абмежаваны доступ і да іншых інтэрнэт-рэсурсаў Tut.by, уключаючы пошту mail.tut.bу і праект для збору грошай на лячэньне help.blog.tut.by.

Ператрусы прайшлі ў галоўнай рэдактаркі Марыны Золатавай, рэдактараў Ганны Рудэнкі, Вольгі Саўко, намесьніка галоўнага рэдактара Максіма Гайко, журналісткі Алены Талкачовай. Ганна Рудэнка і Вольга Саўко пасьля ператрусаў засталіся на волі.

Марыну Золатава і Алену Талкачову забралі на допыт у ДФР. Золатава пасьпела паведаміць, што яна, дырэктар ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫА» Людміла Чэкіна і галоўны бухгалтар кампаніі Анжэла Асад могуць праходзіць паводле артыкулу 243 КК.

Максім Гайко выйшаў на волю ўвечары пасьля допыту ў ДФР, у той час як некаторых супрацоўнікаў павезлі ў ІЧУ на Акрэсьціна.

У гэты ж дзень сілавікі прыходзілі таксама ў офісы асацыяваных з Tut.by кампаній Hoster.by і Av.by.

На наступны дзень, 19 траўня, у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу СТВ заявілі, што ў ходзе ператрусаў у офісе Tut.by і дома ў некаторых яго супрацоўнікаў нібыта знайшлі каля 500 тысяч даляраў. Прычым адзін з супрацоўнікаў нібыта схаваў 100 тысяч даляраў на дне вядра, прысыпаўшы сабачым кормам. Таксама на дзяржаўным тэлебачаньні паведамілі, што асабісты даход гендырэктара холдынгу Людмілы Чэкінай з пачатку 2021 году склаў 325 тысяч рублёў, і атрымаць гэтыя даходы «дазволіла наяўнасьць у Tut.by статусу рэзыдэнта ПВТ».

Паводле «Вясны», на гэты момант затрыманыя 13 супрацоўнікаў Tut.by і Hoster.by:

  • галоўная рэдактарка Марына Золатава (затрыманая на 72 гадзіны, у статусе падазраванай);
  • генэральная дырэктарка Людзміла Чэкіна;
  • галоўная бухгалтарка Анжэла Асад;
  • намесьніца дырэктаркі Ірына Рыбалка;
  • кіраўніца распрацоўшчыкаў Ала Лапатка;
  • юрыстка Кацярына Ткачэнка;
  • журналістка Алена Талкачова (затрыманая на 72 гадзіны, знаходзіцца на Акрэсьціна);
  • рэдактарка Вольга Лойка (затрыманая на 72 гадзіны, знаходзіцца на Акрэсьціна);
  • дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў;
  • дырэктарка RocketData Дар'я Данілава (дачка заснавальніка Tut.by Юрыя Зісера Яўгенія Чарняўская паведамляе, што Дар'я ў СІЗА КДБ);
  • менеджэр Андрэй Аўдзееў;
  • намесніца галоўнага бухгалтара Марыя Новік;
  • намесьнік генеральнага дырэктара па тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнэка.

Статус усіх затрыманых дагэтуль незразумелы, ёсьць інфармацыя, што 18 траўня адвакатаў у ДФР да затрыманых так і не дапусьцілі.

Да гэтага часу ні блізкім, ні адвакату невядома, дзе знаходзіцца ўдава Юрыя Зісера Юлія Чарняўская, якую ўчора шпіталізавалі пасьля затрыманьня, а пасьля выпісалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG