18 траўня доступ да парталу Tut.by у Беларусі заблякавалі на распараджэньне Генэральнай пракуратуры. ДФР Камітэту дзяржкантролю пачаў расьсьледаваньне крымінальнай справы.
Юры Зісер (1960-2020), заснавальнік
Пра дапамогу людзям
«Кожны чалавек патрэбны іншым людзям, — адзначаў ён. — Я патрэбны як мінімум Tut.by. Веру, што ўплываю на навакольны сьвет. Да мяне зьвяртаюцца дзясяткі людзей кожны дзень з просьбамі і прапановамі. Ведаю, што магу ім быць карысны. Гэта дае натхненьне. У дрэнныя хвіліны ратуе тое, што ты карысны людзям. Калі памрэш, ад цябе застанецца толькі тое, што ты зрабіў. Вось і працуеш на карму.
Наогул, я агностык. Веру, што Бог ёсьць, але для мяне Бог — праграміст, нейкі стваральнік, якога я ніколі не пазнаю і не спазнаю. Ён для мяне не заключаецца ані ў якай рэлігіі. Упэўнены, што ніякага сэнсу жыцьця няма. Таму я бясконца шчасьлівы тым, што жыву. Проста кожны дзень жыву. Гэта ўжо вялікае шчасьце».
Пра Tut.by
«Ніякага майго ўмяшаньня ў працу рэдакцыі няма і не было, — падкрэсьліваў Юры Зісер. — Я праграміст, не журналіст. Калі мне тэлефануе буйны бізнэсмэн або чыноўнік і просіць прыбраць нейкі артыкул, я звычайна нават ня ведаю, пра што гаворка. Аднак прасіць пра такія рэчы бессэнсоўна. Наша рэдакцыя ўпёртая. І нават калі чыноўнікі тэлефануюць і настойваюць нешта зьняць, яна не здымае.
Нельга гэтага рабіць — гэта ж адразу ўсе ўбачаць, напішуць, і будзе скандал. Будуць размовы, што Tut.by паддаўся ціску. Пройдзе паўдня, і любая навіна сама спаўзае ў архіў, але мы нічога не прыбіраем. Мы не здымалі артыкулы аб Пракапеню. Многія прыбралі, а мы — не. Па пастанове суду мы можам зьняць артыкул, на загад пракурора — выдаліць незаконную публікацыю. І гэта ўсё».
Людміла Чэкіна, гендырэктарка
Як аказалася на Tut.by
«Я марыла там працаваць. І калі даведалася, што ёсьць вакансія юрыста, неадкладна адправіла рэзюмэ. Мяне выбралі, я прыйшла працаваць шараговым юрыстам. Дарэчы, у нас з вакансіямі туга — ніхто не звальняецца, калі толькі ў дэкрэт сыходзяць або пераяжджаюць у іншы горад».
«Калі гаварыць пра інфармацыйную бясьпеку краіны, трэба ўлічваць, што калі нешта адмірае тут, то хутка замяняецца буйнымі гульцамі з Расеі, якія будуць дзейнічаць тут у нашмат мякчэйшых умовах», — цытуе яе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Марына Золатава, галоўная рэдактарка
Пра працу ў 2020 годзе
«Мінулы год нас навучыў быць рухомымі. Хутка прымаць рашэньні. Хутка мяняць правілы гульні. Бо вось мы думалі, што зможам працаваць у сініх камізэльках, але ха! І зразумела адразу, што не. Мы строім нейкія пляны, але гатовыя да таго, што ўсё можа зьмяніцца ў любы момант.
Мы ўпэўненыя, што ў пэрспэктыве ўсё будзе добра. Але невядома калі, як невядома і тое, што чакае нас наперадзе. Гаварыць пра канкрэтныя пляны цяпер не выпадае. Мы будзем асьвятляць тое, што будзе адбывацца ў краіне. Будзем прытрымлівацца фактаў, будзем аб’ектыўнымі».
Наступствы справы БелТА
«Для мяне ў гэтай справе больш важна, што калі будзе слабейшым Tut.by, то яго месца зоймуць не дзяржаўныя мэдыя і ня Радыё Свабода з „Нашай Нівай“. Тут вельмі клясна працуюць расейскія каналы, сацыяльныя сеткі, тэлевізія, інтэрнэт-рэсурсы. Той самы „Спутник“ становіцца ўсё больш папулярным.
Гэта, мне здаецца, значна больш небясьпечна для краіны, чым чарговае непрацяглае пагаршэньне стасункаў з Захадам. Мне здаецца, гэта настолькі відавочна. І дзіўна, што гэтага не разумеюць тыя самыя ўлады».
«Гэты працэс адбіўся ня столькі на рэпутацыі Tut.by, колькі на рэпутацыі ўсіх яго ўдзельнікаў, уключна з рэпутацыяй дзяржаўных СМІ. А Беларусь зноў зьявілася ў загалоўках замежных мэдыя як дзяржава, дзе падаўляецца свабода слова. Мэдыясупольнасьць унутры краіны аказалася расколатай, паміж дзяржаўнымі і недзяржаўнымі СМІ вырасла сьцяна. Той, хто прыдумаў гэты працэс, ня вельмі сабе ўяўляў магчымыя наступствы».