Чарняўская знаходзіцца пад канвоем у гарадзкой лякарні № 1 Менску, паведаміла «Вясна».
18 траўня да некалькіх рэдактараў Tut.bу дадому прыйшлі сілавікі, праходзіць шэраг ператрусаў і затрыманьняў. Каля 12-й гадзіны зьнікла сувязь з удавой заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юліяй Чарняўскай, яе мабільны тэлефон у той момант быў адключаны.
Напярэдадні быў якраз год, як Юрыя Зісера ня стала.
Як даведаліся праваабаронцы, Чарняўская знаходзіцца ў прыёмным пакоі першай лякарні Менску, у яе праблемы з сэрцам. Яе ахоўвае канвой міліцыянтаў. Пазьней высьветлілася, што яна перанесла гіпэртанічны крыз.
Юлія Чарняўская — вядомы беларускі культуроляг і пісьменьніца. У 2020 годзе яна звольнілася з Унівэрсытэту культуры і мастацтваў, у якім выкладала чвэрць стагодзьдзя.