Аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) Вадзім Мажэйка заяўляе, што нападам на Тut.by улада паказвае, што яе зараз турбуе толькі кароткачасовы эфэкт, а не стратэгічнае мысьленьне, прагназуе міжнародную рэакцыю і аналізуе, якія новыя крыніцы інфармацыі могуць абраць чытачы Тut.by.
Сьцісла:
- Цяпер для ўладаў галоўнае — унутраная палітыка, захаваньне ўлады, і ўсё закатваюць у асфальт
- Ня дзіва, што ў 2021 годзе ўлады робяць стратэгічна неабачлівыя хады
- Дзяржаўныя структуры, якія аналізуюць грамадзкія настроі — альбо робяць гэта вельмі непрафэсійна, альбо ня маюць ніякага ўплыву на прыманьне рашэньняў
- Для беларускіх уладаў палітыка на заходнім кірунку грунтуецца на лёгіцы «згарэў хлеў — гары і хата».
— Пасьля шматлікіх выказваньняў прадстаўнікоў улады і выступаў прапагандыстаў пачаўся наступ улады на Тut.by. Ці можна знайсьці нейкую лёгіку ў гэтым кроку? Чаго ўлады імкнуцца дасягнуць?
— Перш за ўсё я хачу выказаць сваю салідарнасьць з Тut.by, з усімі журналістамі. Відавочна, што ў гэтай справе тырчаць найперш палітычныя вушы, любыя фінансавыя прэтэнзіі — гэта толькі падстава, каб дачапіцца.
Мы памятаем, што Тut.by ужо ня першы год муляе ўладам, памятаем, як Лукашэнка казаў, што сьветлай памяці Юрыя Анатолевіча Зісера (заснавальніка Тut.by) трэба «нармалізаваць», памятаем заявы, што Тut.by трэба нацыяналізаваць. Таму ціск на партал мае відавочную палітычную падаплёку.
Калі казаць пра лёгіку і мэты ўладаў, то многія адзначаюць, што ў сёньняшнім сьвеце немагчыма спыніць атрыманьне людзьмі інфармацыі. Таму ва ўладаў наўрад ці такая мэта. Нават 9–10 жніўня, калі быў адключаны інтэрнэт, калі краіна была паралізаваная, людзі ўсё роўна праз Тэлеграм ды іншыя спосабы інфармацыю атрымлівалі.
Таму я баюся, што мэта ўладаў — зьнішчыць Тut.by як бізнэс. Сёньня Тut.by зарабляе, па-першае, дзякуючы статусу рэзыдэнта ПВТ, па-другое — дзякуючы адміністраваньню дамэннай зоны .by, і за гэтыя грошы фінансуе мэдыя, якое для дзяржавы выглядае апазыцыйным. Улада ж лічыць, што калі нехта робіць пасьпяховы бізнэс, то гэта ня ён малайчынка, а гэта яму дазволілі зарабіць. У гэтым сэнсе ідэя дачапіцца да Тut.by як да рэзыдэнта ПВТ за нясплачаныя падаткі — у звыклай для гэтай улады лёгіцы.
Існаваньне Тut.by як мэдыя гэтым ціскам зьнішчана ня будзе. Нават у самых горшых сцэнарах журналісты з-за мяжы будуць пісаць у тэлеграм, сайт ці ягоныя люстэркі будуць чытаць праз VPN — спыніць гэта немагчыма. Але спыніць Тut.by як вялікі бізнэс — для гэтага ва ўлады магчымасьці ёсьць, і ў гэтым палягае іхная лёгіка.
— Калі журналісты незалежных беларускіх СМІ абмяркоўваюць сваё магчымае закрыцьцё, то кажуць, што гэта прывядзе да таго, што чытачы, спажыўцы інфармацыі пяройдуць на непрафэсійныя тэлеграм-каналы, якія ня стрымліваюць сабе журналісцкай этыкай. Маўляў, улады павінны зразумець гэта і не зачыняць недзяржаўныя СМІ. Але, як выглядае, для ўладаў гэта ўжо не аргумэнт?
— Тут для ўлады пытаньне прыярытэтаў. Як гэта адбывалася з сымболікай, якую яшчэ некалькі гадоў таму ўлады ўспрымалі даволі спакойна, бо галоўнай была праблема расейскай пагрозы і ўмацаваньня незалежнасьці. А цяпер галоўнае — гэта ўнутраная палітыка, захаваньне ўлады, і ўсё закатваюць у асфальт. Раней і Марына Золатава, і Юры Зісер апэлявалі да пытаньняў інфармацыйнай бясьпекі і казалі, што калі закрыць Тut.by, то людзі пачнуць чытаць не «Беларусь сегодня». Людзі пачнуць чытаць Yandex, Mail.ru, — і гэта будзе пагрозай для інфармацыйнай бясьпекі дзяржавы. І раней улады чулі гэтыя аргумэнты. Але выглядае, што цяпер гэтыя аргумэнты значаць для ўлады меней, чым унутраныя пагрозы, і яны гатовыя зьмірыцца з гэтымі рызыкамі.
Для іх цяпер важней заблякаваць працу Тut.by як інфармацыйнага рэсурсу. І гэта стратэгічна вельмі неабачлівы ход. Але гэта ня дзіва, што ў 2021 годзе ўлады робяць стратэгічна неабачлівыя хады.
— У канцы 1990-х, калі існавалі «Белоруская деловая газета» і газэта «Свабода», Пётар Марцаў, уласьнік БДГ, казаў, што ўлада газэту ніколі не зачыніць, што яна павінна даведвацца сапраўдную інфармацыю, чытаць сапраўдную аналітыку. Але ўлады зачынілі і БДГ, і газэту «Свабода», і гэты чыньнік (атрымліваць незалежную інфармацыю і аналітыку) для іх ужо тады ня быў важным. Ня важна нават тое, што незалежная прэса — гэта чыньнік выплёскваньня грамадзкага абурэньня, напружаньня...
— Мне падаецца, што ад часоў дармаедзкага дэкрэту тыя дзяржаўныя структуры, якія аналізуюць грамадзкія настроі — альбо робяць гэта вельмі непрафэсійна, альбо ня маюць ніякага ўплыву на прыманьне рашэньняў. Адпаведна, ад таго, што ня будзе Тut.by, экспэртыза грамадзкіх настрояў будзе значна ніжэйшая. Але ж гэта тое самае, што адбываецца зараз з кадравымі чысткамі — зь дзяржаўных установаў выкідаюць усіх, хто не дэманструе максымальнай ляяльнасьці. Хіба ўлады не разумеюць, што гэта паніжае якасьць чалавечага капіталу ў органах дзяржкіраваньня? Але цяпер для іх галоўнае — ляяльнасьць, і эфэктыўнасьцю яны гатовыя ахвяраваць.
Прыйшлі ж ня толькі да Тut.by, але і да зьвязаных зь ім бізнэсаў. Мы бачым, як структура ПВТ руйнуецца на вачах, і ўлада не гатовая спыняцца ў гэтым. Таму выглядае, што плянаваньне настолькі кароткае, што кароткатэрміновы эфэкт для іх падаецца больш важным, чым стратэгічныя нэгатыўныя наступствы, якія адчуюцца празь месяцы. Так «далёка» яны сёньня ня думаюць.
— Дзяржаўнай прэсе давяраюць каля 20 працэнтаў беларусаў. Натуральна, што тыя людзі, якіх пазбавілі Тut.by, не пачнуць чытаць «Беларусь сегодня». Але куды яны пяройдуць, да каго, да якіх СМІ? Ці пяройдуць яны ў тэлеграм-каналы, у Youtube?
— Безумоўна, нейкай адназначнай стопрацэнтнай міграцыі аўдыторыі ня будзе. Людзі, якія звыклі зранку адкрываць Тut.by, будуць адкрываць для сябе новыя мэдыя, думаць, што глядзець іншае. Вядома, хтосьці пяройдзе ў Тэлеграм, хтосьці на Радыё Свабода ці «Нашу Ніву». Думаю, шмат хто застанецца з Тut.by на іншых пляцоўках, праз VPN, праз Тэлеграм.
І калі Тut.by — гэта партал нумар 1, то цалкам лягічна, што значная частка яго аўдыторыі можа пайсьці на партал нумар 2 — Onliner. Раней ён спрабаваў максымальна заставацца па-за палітыкай, але з 2020 году там стала зьяўляцца шмат палітычных навінаў. І ў пэўны час яны сталі з Тut.by надта падобнымі. У гэтым сэнсе будзе цалкам лягічна, што цяпер частка аўдыторыі Тut.by будзе карыстацца Onliner’ам у звыклым для сябе фармаце.
— Чарговы наступ на беларускую незалежную прэсу выкліча (і ўжо выклікае) абураную міжнародную рэакцыю. Афіцыйны Менск гэтая рэакцыя, здаецца, ужо мала турбуе. Але ўсё ж асаблівы статус і папулярнасьць Тut.by можа стаць дадатковым аргумэнтам у справе павелічэньня санкцыяў супраць беларускіх уладаў?
— Безумоўна, гэта выклікае хвалю абурэньня. У тым ліку таму, што шмат супрацоўнікаў замежных амбасадаў самі чытаюць Тut.by. Калі будзе прымацца чацьвёрты пакет санкцыяў Эўразьвязу, то, відавочна, сярод новых аргумэнтаў прагучыць і справа Тut.by.
Адзінае, што для беларускіх уладаў палітыка на заходнім кірунку апошнім часам грунтуецца на лёгіцы «згарэў хлеў — гары і хата». Яны разумеюць, што нічога добрага на гэтым кірунку бліжэйшым часам не атрымаецца. І калі ўжо ўсё роўна будуць санкцыі — дык можна «пад шумок» расправіцца і з Тut.by.
І гэта, канечне, вельмі небясьпечны падыход, бо ён дазваляе ўладзе ствараць новыя і новыя нагоды для санкцыяў. Але ж нагоды бываюць ня толькі на замежным кірунку, але і ўнутры краіны. Мы бачым, што беларуская ўлада вельмі слаба можа аналізаваць, якія зь яе дзеяньняў могуць выклікаць абурэньне грамадзтва і падштурхнуць пратэсты. Не сказаў бы, што менавіта напад на Тut.by стане такім трыгерам, але ніхто ня ведае, што можа стаць такім чорным лебедзем, які прыляціць для ўсіх досыць нечакана.