«Асабліва эўрапейцы шчыруюць у гэтым. Я ня буду тут надта разводзіць, выказваць нейкія думкі, проста скажу, каб вы разумелі: калі эўрапейцы хочуць праблем у сябе ў сувязі з гэтымі санкцыямі, яны іх атрымаюць. Больш нічога ня буду казаць, час пакажа», — цытуе яго БелТА.
Ён даў кіраўніку ўраду заданьне — падрыхтаваць інфармацыю пра найбольш буйныя эўрапейскія праекты і прадпрыемствы, створаныя на тэрыторыі Беларусі. Маўляў, трэба праверыць іх працу.
«Вас папрашу гэта зрабіць, як гэта было перад амэрыканскім „выпендрожам“ у эканоміцы... Наогул я заўсёды задаю пытаньне: каму гэта выгадна і навошта? Слухайце, мы абараняем сваю краіну, і мы з вамі, і ўвесь народ хоча жыць у сваёй краіне. Нас што, за гэта санкцыямі па галаве? Таму трэба адказваць», — сказаў ён, паралельна згадаўшы аб транзыце празь Беларусь.
«Выгадна, нявыгадна — яны ўжо, я бачу, пра гэта ня думаюць. Ну, ня думаюць — добра, будуць у Расею езьдзіць праз... Будуць хадзіць па Балтыцы, перавозіць грузы, і вакол Гішпаніі — у Міжземнае мора і праз Чорнае мора, калі ім дрэнна з нармальнай Беларусьсю ў цэнтры Эўропы. А так мы па-беларуску: галаву схаваем у пясок, як страўсы, і думаем — ну добра, вытрымаем. Не. Трэба паказваць, што мы нацыя і ў нас ёсьць свая зямля».
Таксама Лукашэнка паставіў задачу Савету міністраў разам зь Міністэрствам замежных спраў зрабіць рэвізію заходніх гуманітарных праграмаў і мэдыя.
«Гэтыя некамэрцыйныя арганізацыі, замежныя агенты, рознага роду бандыты, якія чыняць тут абдзіралаўку і іншае. Я даручаў кіраўніку адміністрацыі, перадайце, што на кантролі гэта трымаю. Мы дамаўляліся аб перарэгістрацыі і тых арганізацый, і сродкаў масавай інфармацыі. А то яны нас трымаюць на кароткім ланцужку і пачынаюць, калі гэта ім захочацца, тузаць», — абурыўся Лукашэнка.
Раней ён праанансаваў магчымасьць перадачы прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Савету бясьпекі, што плянуецца замацаваць асобным дэкрэтам.
Некаторыя нюансы праекту сёньня адкамэнтаваў Раман Галоўчанка, найперш спаслаўшыся на складаную зьнешнепалітычную сытуацыю.
«Якая будзе канчатковая вэрсія рэдакцыі дэкрэту, пакуль ня ведаю. Якое прэзыдэнт прыме рашэньне, так і будзе. Мы ўсе ведаем, што адбываецца вакол, якія мэты ставяць ворагі нашай дзяржавы — яны выходзяць за рамкі разуменьня маральных каштоўнасьцяў. Таму краіна павінна быць гатовая да ўсяго, да любога разьвіцьця сытуацыі. І прэзыдэнт як кіраўнік дзяржавы, галоўнакамандуючы, выдатна гэта разумее. Мы павінны быць гатовыя да любога разьвіцьця падзеяў, у тым ліку і на тых падставах, якія не закладзеныя ў дзейнай рэдакцыі Канстытуцыі: гэта магчымасьць фізычнай ліквідацыі кіраўніцтва краіны», — сказаў кіраўнік ураду.
Па словах Галоўчанкі, у праекце дэкрэту вызначана, як будзе функцыянаваць дзяржава ў выпадку пазаштатнай сытуацыі, каб не дапусьціць страты кіравальнасьці і мабілізаваць сілы на захаваньне спакою.
Што варта ведаць пра санкцыі ЗША