Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка плянуе перадаць уладу Радзе бясьпекі, «калі раптам»


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Гэта адбудзецца тады, калі з самім Лукашэнкам нешта здарыцца.

24 красавіка Лукашэнка заявіў, што падпіша дэкрэт, па якім улада ў Беларусі пяройдзе да Рады бясьпекі ў «экстранай сытуацыі», піша БелТА.

Пра гэта Лукашэнка заявіў у час наведваньня Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка ў Нараўлянскім раёне.

«Скажыце, калі заўтра мяне няма, вы гарантуеце, што ўсё будзе нармальна? Не. Таму на гэты выпадак я падпішу ў бліжэйшыя дні дэкрэт, як будзе выбудавана ўлада ў Беларусі. Застрэлілі — на заўтра Рада бясьпекі будзе надзеленая паўнамоцтвамі. Трэба ўводзіць надзвычайнае становішча імгненна, аж да вайсковага, калі хтосьці на мяжы паварухнецца, і Рада бясьпекі мусіць прымаць рашэньне. Таму я казаў, што падпішу гэты дэкрэт і вызначу, хто будзе кіраваць краінай „калі раптам“».

Адметна, што цяпер дзяржсакратаром Рады бясьпекі зьяўляецца прызначаны Лукашэнкам генэрал Аляксандар Вальфовіч, які нарадзіўся ў Казані.

Паводле Лукашэнкі, ён павінен «прадугледзець усё».

«У нас будзе фактычна калектыўны прэзыдэнт у выглядзе Рады бясьпекі. Так, старшыня будзе: калі няма прэзыдэнта, выконвае абавязкі прэм’ер. Ён будзе старшыняваць, але ўсе рашэньні будуць прымацца таемным галасаваньнем, каб не было ціску. Калі будуць прэзыдэнцкія выбары прызначаныя, уводзіць/ня ўводзіць надзвычайнае становішча, як дзейнічаць і гэтак далей — вось грамадзянскія і вайсковыя ў Радзе бясьпекі вырашаць».

17 красавіка падчас суботніка ў Александрыі Аляксандар Лукашэнка анансаваў прыняцьце «аднаго з самых прынцыповых рашэньняў». Рашэньне ён паабяцаў аформіць дэкрэтам. Лукашэнка заявіў, што вырашыў падпісаць такі дэкрэт, «калі ўсё гэта разгортвалася», і расказаў журналістам, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі ўзброены мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.

У прыватнасьці, сярод магчымых арганізатараў ён назваў Цэнтральнае разьведвальнае ўпраўленьне і Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў ЗША.

Лукашэнка абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху затрыманых амэрыканскага адваката зь грамадзянствамі Беларусі і ЗША Юрася Зянковіча, старшыню партыі БНФ Рыгора Кастусёва, а таксама літаратуразнаўцу і паліттэхноляга Аляксандра Фядуту.

Паводле Лукашэнкі, ён праінфармаваў Расею, а прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падняў пытаньне аб меркаваным замаху ў размове з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам.

Склад Рады бясьпекі

  • У склад Рады бясьпекі ўваходзяць прэзыдэнт, які адначасова зьяўляецца яго старшынём, і сталыя сябры: прэм’ер-міністар, старшыня Палаты прадстаўнікоў і Савету рэспублікі Нацыянальнага сходу, кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта, дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі.
  • Сябрамі Рады бясьпекі паводле пасады зьяўляюцца: міністар абароны, начальнік Генэральнага штабу Узброеных сіл — першы намесьнік міністра абароны, міністар унутраных справаў, міністар замежных справаў, міністар фінансаў, старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю, Генэральны пракурор, старшыня Сьледчага камітэту.

Што гаворыць Канстытуцыя?

Арт. 89: У выпадку вакансіі пасады прэзыдэнта або немагчымасьці выкананьня ім сваіх абавязкаў па падставах, прадугледжаных Канстытуцыяй, яго паўнамоцтвы да прынясеньня Прысягі нававыбраным прэзыдэнтам пераходзяць да прэмʼер-міністра.

У выпадку разыходжаньня закона, дэкрэту альбо ўказу з Канстытуцыяй дзейнічае Галоўны закон краіны, пра што кажа артыкул 137 Канстытуцыі:

«Канстытуцыя валодае найвышэйшай юрыдычнай сілай. Законы, дэкрэты, указы і іншыя акты дзяржаўных органаў выдаюцца на падставе і ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь».

За час пратэстаў пачынаючы зь лета мінулага году некалькі тысяч чалавек атрымалі крымінальныя пакараньні, адміністрацыйныя арышты і спагнаньні, падвергліся звальненьням з працы або вымушаныя былі пакінуць Беларусь. Пры гэтым не заведзена ніводнай крымінальнай справы супраць сілавікоў за перавышэньне паўнамоцтваў, катаваньні і забойствы пратэстоўцаў.

Лукашэнка кіруе Беларусьсю ўжо амаль 27 гадоў. Супраць яго рэжыму неаднаразова ўводзілі і здымалі санкцыі, вынікі апошніх выбараў у жніўні 2020 году, на якіх яго назвалі пераможцам, не прызналі сотні тысяч беларускіх грамадзян, а таксама міжнарожная супольнасьць.

Затрыманьне Зянковіча, Кастусёва, Фядуты і справа «змоўшчыкаў». Што трэба ведаць

  • У Шклове ўвечары 12 красавіка затрымалі кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Тады было вядома толькі, што ён праходзіць у крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
  • Увечары таго ж дня жонка беларускага паліттэхноляга Аляксандра Фядуты паведаміла пра яго зьнікненьне ў Маскве. 13 красавіка КДБ Беларусі паведаміў, што Фядуту затрымалі.
  • У ноч на 14 красавіка стала вядома аб затрыманьні ў Маскве беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча. Усе яны цяпер у менскім СІЗА КДБ.
Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў (зьлева направа)
Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў (зьлева направа)
  • Увечары 17 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі заяву Аляксандра Лукашэнкі, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.
  • Лукашэнка абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху затрыманых Зянковіча, Кастусёва і Фядуту.
  • Амаль сынхронна ФСБ Расеі заявіла, што яны сумесна з КДБ Беларусі спынілі меркаваную змову з удзелам Зянковіча і Фядуты, якія нібыта плянавалі 9 траўня «ажыцьцяўленьне вайсковага перавароту ў Беларусі па адпрацаваным сцэнары „каляровых рэвалюцый“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізычную ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі».
  • У рэпартажы на беларускім дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі фрагмэнт відэаразмовы ў Zoom, у якой, акрамя Зянковіча, Кастусёва і Фядуты, удзельнічалі яшчэ чатыры чалавекі (усе жывуць у ЗША), нібыта ўдзельнікі змовы. У інтэрвію Свабодзе двое зь іх адкінулі абвінавачаньні (тут і тут).
  • Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША і Польшчы назвалі абвінавачаньні ўладаў Беларусі і Расеі на свой бок няпраўдай.
  • 21 красавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што краіны Захаду ігнаруюць факты падрыхтоўкі «дзяржаўнага перавароту ў Беларусі» і «плянаваньня забойства» Аляксандра Лукашэнкі. Ён абвінаваціў удзельнікаў «змовы супраць Лукашэнкі» ў падрыхтоўцы масаванай кібэратакі на Беларусь.
  • 22 красавіка стала вядома, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітоляг Аляксандар Фядута і юрыст Юры Зянковіч абвінавачаныя ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).
  • 30 красавіка КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных. Гэта Аляксандар Фядута, Юры Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч, Дзьмітры Шчыгельскі, Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка, Віталь Макаранка, Ігар Макар. Акрамя Фядуты, Зянковіча і Кастусёва, у няволі трымаюць Вольгу Галубовіч.
  • Прысуды ў справе: Юрасю Зянковічу — 11 гадоў калёніі, Аляксандру Фядуту — 10 гадоў, Рыгору Кастусёву — 10 гадоў, Дзянісу Краўчуку — 2,5 года.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG