«Камітэт тлумачыць парадак дзеяньняў у дачыненьні забароненых да ўвозу аўтамабіляў Škoda. Мытныя органы ня будуць ажыцьцяўляць афармленьне і выпуск у свабоднае абарачэньне альбо для ўнутранага спажываньня забароненых транспартных сродкаў пры іх увозе ў Рэспубліку Беларусь праз мытную мяжу ЭАЭС», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.
Акрамя таго, Дзяржаўны мытны камітэт ня будзе ажыцьцяўляць рэгістрацыю аплаты ўтылізацыйнага збору ў дачыненьні да забароненых аўтамабіляў, у тым ліку якія ўвозяцца зь дзяржаў – чальцоў ЭАЭС.
Ад 5 траўня набудзе моц пастанова Савету Міністраў № 240 «Аб прымяненьні спэцыяльных мераў», якой вызначаны пералік тавараў, забароненых да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі.
Дзеяньне дакумэнту не распаўсюдзяцца на тавары для асабістага карыстаньня, а таксама на транспартныя сродкі, зарэгістраваныя ў дзяржавах – сябрах ЭАЭС, або якія часова ўвозяцца на мытную тэрыторыю для асабістага карыстаньня.
23 красавіка ўрад абнародаваў пералік тавараў, забароненых да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі. Гэта групы кампаній LIQUI MOLY, ŠKODA AUTO і BEIERSDORF (гандлёвыя маркі NIVEA, EUCERIN, LA PRAIRIE, LABELLO, HANSAPLAST, FLORENA, 8X4, SKIN STORIES, GAMMON, TESA, CHAUL, COPPERTONE, HIDROFUGAL, STOP THE WATER WHILE USING ME).
Усе згаданыя брэнды — генэральныя спонсары хакейных чэмпіянатаў сьвету.
На заклік беларускай і міжнародай супольнасьці вытворцы адмовіліся фінасаваць спаборніцтвы, якія плянаваліся сёлета ў Беларусі і Латвіі. У зьвязку з беспрэцэдэнтнымі рэпрэсіямі супраць беларусаў хакейны форум прыме толькі Рыга.