Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хімічны прафсаюз ФПБ выступіў супраць санкцый ЗША


Завод «Палімір» у Наваполацку
Завод «Палімір» у Наваполацку

Белхімпрафсаюз ад імя больш як 140 тысяч сваіх сябраў заявіў, што санкцыі ЗША ўдараць найперш па работніках і іхных семʼях.

Прадпрыемствы, што трапілі пад санкцыі, страцяць рынкі, зьбяднеюць, будуць звальняць работнікаў і ня змогуць падтрымліваць вэтэранаў, жанчын, моладзь, настаўнікаў, лекараў, студэнтаў, пэнсіянэраў і ўсіх, хто залежыць ад сацыяльнай абароны дзяржавы.

«Дык каго найперш закрануць эканамічныя санкцыі і каму гэта выгадна?» — пытаюцца аўтары заявы.

Яны адзначаюць, што ўмовы працы на беларускіх прадпрыемствах — узор для прафсаюзаў многіх краінаў сьвету. Работнікі на іх абароненыя, ня тое што работнікі «многіх іншых краін блізкага і далёкага замежжа».

У якасьці дасягненьня называецца і тое, што ў пандэмію каранавірусу ў Беларусі не дапусьцілі рэзкага эканамічнага спаду і скарачэньня працоўных месцаў.

Белхімпрафсаюз уваходзіць у праўладную Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі. Раней ФПБ заявіла, што сабрала больш за 1,1 мільёна подпісаў супраць санкцый Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі.

Што варта ведаць пра санкцыі ЗША

Першыя санкцыі, якія ўвяла адміністрацыя прэзыдэнта Джорджа Буша пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2006 годзе, прадугледжвалі блякаваньне ўласнасьці і актываў групы высокіх чыноўнікаў, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам. Санкцыі распаўсюджваліся таксама і на сем’і гэтых чыноўнікаў. Ім таксама забаранілі ўезд на тэрыторыю ЗША.

Пазьней асобам, у тым ліку і новым, якія папоўнілі сьпісы, забаранілі мець актывы на тэрыторыі ЗША і весьці бізнэс з амэрыканскімі партнэрамі.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі напрыканцы 2010 году ЗША пашырылі сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЗША. Акрамя таго, грамадзянам ЗША забаранілі весьці бізнэс зь дзяржаўным канцэрнам «Белнафтахім» і шэрагам іншых прадпрыемстваў. Гэтак Злучаныя Штаты адрэагавалі на рэпрэсіі пасьля выбараў, у тым ліку на зьняволеньне шэрагу кандыдатаў у прэзыдэнты.

Пра якія беларускія прадпрыемствы ідзе гаворка

  • «Белнафтахім»,
  • «Белнафтахім ЗША»,
  • «Нафтан»,
  • «Беларускі нафтавы гандлёвы дом»,
  • «Белшына»,
  • «Гродна Азот»,
  • «Гроднахімвалакно»,
  • ААТ «Лякафарба»,
  • ААТ «Полацак-Шкловалакно».

Прадпрыемствам i грамадзянам ЗША было забаронена ўступаць у эканамічныя і фінансавыя дачыненьні з гэтымі арганізацыямі, а ўся іх маёмасьць і рахункі, якія знаходзяцца на тэрыторыі ЗША, былі замарожаныя. Да таго ж многія краіны і кампаніі адмаўляюцца працаваць з прадпрыемствамі, якія знаходзяцца пад санкцыямі ЗША.

  • У кастрычніку 2015 году Міністэрства фінансаў ЗША прыпыніла санкцыі супраць гэтых дзевяці беларускіх прадпрыемстваў у сувязі з «пэўным прагрэсам у сфэры дэмакратыі і правоў чалавека», а таксама з мэтай падтрымкі незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі.
  • Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 году і рэпрэсій, якія адбыліся пасьля іх, ЗША аднавілі санкцыі ад 3 чэрвеня 2021 году. Адпаведнае рашэньне 19 красавіка 2021 году апублікавала Міністэрства фінансаў ЗША.​ Злучаныя Штаты дабіваюцца вызваленьня ўсіх палітвязьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG