«Мы хочам, каб у МАП пачулі галасы сапраўдных працоўных, і каб у міжнароднай арганізацыі не было сумневу ў тым, з якімі парушэньнямі закону зьбіраліся подпісы пад лістом Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, — пацьвердзілі выданьню «Салідарнасьць» у страйкаме.
Пэтыцыя разьмешчана на плятформе change.org, за два дні яе падпісалі больш за 3600 чалавек.
Зварот адрасаваны генэральнаму дырэктару МАП Гаю Райдэру, чальцам адміністрацыйнай рады і бюро. У ім паведамляецца аб фактах неправамерных дзеяньняў чыноўнікаў.
«Работнікаў арганізацый прымушалі падпісваць ліст: тэкст мянялі, прымушалі расьпісвацца на асобных аркушах. Мы нават ня ведаем, да якога дакумэнта прыкладзеныя подпісы. Пад пагрозамі звальненьняў, непадаўжэньня працоўных кантрактаў, памяншэньня заробкаў, а таксама ў выніку псыхалягічнага ціску людзей вымусілі гэта зрабіць», — пішуць ініцыятары пэтыцыі.
Яны ўказваюць, што ў Беларусі работнікі пазбаўленыя магчымасьці абвяшчаць страйк для абароны сваіх правоў і інтарэсаў, што людзей за гэта саджаюць у турмы і заводзяць на іх крымінальныя справы.
«Ва ўмовах жорсткай дыктатуры Лукашэнкі, падуладнай яму заканадаўчай, выканаўчай і судовай уладаў, штодня парушаюцца правы грамадзянаў Беларусі. Адсутнічае прававая абарона, свабода слова і волевыяўленьня, нязгодных прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасьці і саджаюць у турмы. У краіне адбываецца унутраны тэрор. Без зьнешняй падтрымкі ў выглядзе эканамічных санкцый беларускі народ будзе вынішчаны», — гаворыцца ў звароце.
Подпісы пад лістом ад імя «прафэсійных саюзаў і працоўных Рэспублікі Беларусь» супраць санкцый Эўразьвязу атрыманыя незаконна і зьяўляюцца фіктыўнымі, — заяўляюць падпісанты новага ліста.
Праўладная Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі сабрала подпісы работнікаў бюджэтнай сфэры пад зваротам на адрас Міжнароднай арганізацыі працы (МАП).
У лісьце гучыць патрабаваньне адмяніць эканамічныя санкцыі Эўразьвязу супраць уладаў Беларусі.
Кіраўніцтва ФПБ запэўнівае, што больш за 1 мільён 100 тысяч подпісаў пад лістом у Міжнародную арганізацыю працы супраць санкцый працоўныя паставілі добраахвотна.