Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На ўпакоўку перастануць ставіць лягатып». Як на «Гродна Азоце» і «Хімвалакне» рэагуюць на амэрыканскія санкцыі


Рабочыя «Хімвалакно» назіраюць за перамовамі з адміністрацыяй прадпрыемства. 13 жніўня 2020 года
Рабочыя «Хімвалакно» назіраюць за перамовамі з адміністрацыяй прадпрыемства. 13 жніўня 2020 года

Былыя і дзейныя работнікі буйных горадзенскіх хімічных прадпрыемстваў «Гродна Азот» і «Хімвалакно» расказалі, як на заводах ставяцца да амэрыканскіх санкцый.

Угнаеньні пачалі накіроўваць ва Ўкраіну

Лідэр страйкаму «Азоту» Юры Рававы расказаў, што кіраўніцтва «Гродна Азот» шукае спосабы, каб абысьці санкцыі, бо завод ужо мае досьвед папярэдніх пасьлявыбарчых сытуацый. Пытаньне санкцый абмяркоўвалі яшчэ да зьмены генэральнага дырэктара.

Сёлета ў студзені Лукашэнка прызначыў на пасаду кіраўніка «Гродна Азоту» Ігара Ляшэнку. Той публічна казаў работнікам, што ёсьць шляхі, як «Азоту» нават пры такіх абставінах прадаваць прадукцыю на заходнія рынкі. Аднак цяпер, на думку Рававога, абыходзіць санкцыі будзе складаней, чым у папярэднія гады, бо за гэтым будуць пільна сачыць амэрыканцы і грамадзянская супольнасьць.

«У 2011 годзе людзям было нецікава даваць інфармацыю, хто пагадзіўся займацца перапродажам прадукцыі «Азоту», — кажа лідэр страйкаму.

Цяпер, на ягоную думку, увагі да гэтага пытаньня будзе значна больш, чым у 2011-м.

«Гэта мусяць разумець і партнэры, якія захочуць павялічыць лягістычны ланцуг: што яны таксама трапяць пад санкцыі, калі будуць дапамагаць, каб гэтая прадукцыя нейкім чынам дайшла да ЗША. У эўрапейскіх арганізацыях ёсьць людзі з амэрыканскім грамадзянствам. Магчыма, яны таксама трапяць пад санкцыі ў гэтым выпадку», — разважае Рававы.

Офіс Гродна Азот, Горадня. 2020 год.
Офіс Гродна Азот, Горадня. 2020 год.

Па інфармацыі лідэра страйкаму «Гродна Азоту», яшчэ ў мінулую восень азотаўскія ўгнаеньні пачалі накіроўваць ва Ўкраіну. Праўда, невядома, ці ўкраінскі рынак — канцавы пункт, ці прадукцыя едзе далей.

«Мы зразумелі, чаму прыехаў менавіта Ляшэнка. Ён кантраляваў украінскі рынак хімічных угнаеньняў. Ягоныя былыя калегі з гомельскага заводу цяпер працуюць у гандлёвым доме ўгнаеньняў ва Ўкраіне; у брата Ляшэнкі таксама ёсьць фірма ва Ўкраіне, якая займаецца продажам угнаеньняў», — тлумачыць Рававы.

«Калі ўвядуць санкцыі, што вы будзеце есьці?»

Яшчэ адзін страйковец «Азоту» ананімна расказаў, што кіраўніцтва прадпрыемства не праводзіць палітінфармацыі і пазьбягае размоваў на тэму санкцый, нібыта яны не паўплываюць на працу заводу, бо з тымі замежнымі партнэрамі «Азот» даўно не супрацоўнічае. Работнікі ставяцца да пытаньня па-рознаму.

«Хтосьці гаворыць, што гэта чакана і далей будзе толькі горш. „Ябацькі“ кажуць: „Вось тое, чаго вы дамагаліся. Што вы добрага зрабілі? Завод стане. Калі ўвядуць санкцыі, што вы будзеце есьці?“ Нехта пазьбягае такіх размоваў. Тыя, хто ад пачатку былі за перамены, цешацца, што нешта зьменіцца дзякуючы санкцыям», — расказвае суразмоўца.

Ліст супраць санкцый і безыменная ўпакоўка

Работнік прадпрыемства «Хімвалакно», якое 10 апошніх гадоў уваходзіць у склад «Азоту», ананімна расказаў, што на іхнім заводзе сытуацыя падобная. Сходаў або палітінфармацыі аб санкцыях няма.

Пратэст рабочых заводу «Хімвалакно», Горадня. 2020 год.
Пратэст рабочых заводу «Хімвалакно», Горадня. 2020 год.

Работнікам і «Гродна Азоту», і «Хімвалакна» прапанавалі падпісаць праўладны ліст супраць санкцый, які ініцыяваў Беларускі прафсаюз, прымусу не было. Сярод падпісантаў большасьць — офісныя і інжынэрна-тэхнічныя работнікі, у цэхах падпісвалі нямногія. Вядома, што агулам яго падпісалі каля 1,5 тысячы чалавек.

Сябрам Беларускага незалежнага прафсаюзу прапанавалі або далучыцца да гэтага ліста, або стварыць свой падобны. Пакуль другога звароту няма.

Кіраўніцтва перажывае, што праз санкцыі спыніцца вытворчасьць.

«Мы страцілі кантракты з многімі замежнымі партнэрамі 15 гадоў таму. Раней „Хімвалакно“ прадавала тканіну і крошку для аднаразовага посуду ў многія краіны сьвету, у тым ліку ў амэрыканскія фірмы. Цяпер працуе толькі на „Белшыну“ і на Расею», — кажа суразмоўца.

Паводле ягонай інфармацыі, на ўпакоўку прадукцыі «Хімвалакна» неўзабаве перастануць ставіць лягатып заводу, створаць фактычна бязбрэндавы прадукт. Як мяркуе суразмоўца, зь безыменнай упакоўкай лягчэй будзе абысьці санкцыі.

Што да звычайных работнікаў заводу, то тут гэтае пытаньне ня надта абмяркоўваюць.

«Мала хто верыць у санкцыі, што яны дапамогуць. Больш правільна было б спыніць завод і пачаць страйк. Людзі разумеюць, чым гэта пагражае. Але людзі выбіраюць пра гэта ня думаць. „Пакуль працуем, то працуем. Як будуць звальняць, тады будзем думаць“», — зазначае работнік «Хімвалакна».

Пратэст на заводзе «Хімвалакно», Горадня, 2020 год.
Пратэст на заводзе «Хімвалакно», Горадня, 2020 год.

Размоваў, што людзей будуць масава звальняць праз санкцыі і скарачэньне вытворчасьці ў выніку, пакуль няма.

Адначасна работнікам «Азоту» прапануюць выйсьці зь незалежнага прафсаюзу і ўвайсьці ў праўладны.

«Нам з гэтым чалавекам не па дарозе», — кажа Ляшэнка пра тых, хто ня будзе выходзіць зь незалежнага прафсаюзу.

Ходзяць чуткі, што на прадпрыемстве плянуюць памяняць ад 5 да 30 начальнікаў. Нядаўна з заводу перад пэнсіяй звольнілася начальніца аддзелу арганізацыі працы і заробку з 30-гадовым стажам Сьвятлана Данілава.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Што варта ведаць пра санкцыі ЗША

Першыя санкцыі, якія ўвяла адміністрацыя прэзыдэнта Джорджа Буша пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2006 годзе, прадугледжвалі блякаваньне ўласнасьці і актываў групы высокіх чыноўнікаў, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам. Санкцыі распаўсюджваліся таксама і на сем’і гэтых чыноўнікаў. Ім таксама забаранілі ўезд на тэрыторыю ЗША.

Пазьней асобам, у тым ліку і новым, якія папоўнілі сьпісы, забаранілі мець актывы на тэрыторыі ЗША і весьці бізнэс з амэрыканскімі партнэрамі.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі напрыканцы 2010 году ЗША пашырылі сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЗША. Акрамя таго, грамадзянам ЗША забаранілі весьці бізнэс зь дзяржаўным канцэрнам «Белнафтахім» і шэрагам іншых прадпрыемстваў. Гэтак Злучаныя Штаты адрэагавалі на рэпрэсіі пасьля выбараў, у тым ліку на зьняволеньне шэрагу кандыдатаў у прэзыдэнты.

Пра якія беларускія прадпрыемствы ідзе гаворка

  • «Белнафтахім»,
  • «Белнафтахім ЗША»,
  • «Нафтан»,
  • «Беларускі нафтавы гандлёвы дом»,
  • «Белшына»,
  • «Гродна Азот»,
  • «Гроднахімвалакно»,
  • ААТ «Лякафарба»,
  • ААТ «Полацак-Шкловалакно».

Прадпрыемствам i грамадзянам ЗША было забаронена ўступаць у эканамічныя і фінансавыя дачыненьні з гэтымі арганізацыямі, а ўся іх маёмасьць і рахункі, якія знаходзяцца на тэрыторыі ЗША, былі замарожаныя. Да таго ж многія краіны і кампаніі адмаўляюцца працаваць з прадпрыемствамі, якія знаходзяцца пад санкцыямі ЗША.

  • У кастрычніку 2015 году Міністэрства фінансаў ЗША прыпыніла санкцыі супраць гэтых дзевяці беларускіх прадпрыемстваў у сувязі з «пэўным прагрэсам у сфэры дэмакратыі і правоў чалавека», а таксама з мэтай падтрымкі незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі.
  • Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 году і рэпрэсій, якія адбыліся пасьля іх, ЗША аднавілі санкцыі ад 3 чэрвеня 2021 году. Адпаведнае рашэньне 19 красавіка 2021 году апублікавала Міністэрства фінансаў ЗША.​ Злучаныя Штаты дабіваюцца вызваленьня ўсіх палітвязьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG