У гэтых інтэрвію прыдуманыя толькі пытаньні, але кожнае зь іх максымальна дапасаванае да тэматыкі адказу, каб ня ўвесьці чытача ў зман. Кожны адказ — гэта завершаная думка, без маніпуляцый. Гэта поўныя цытаты, якія можна зь лёгкасьцю адшукаць у публіцыстычных творах герояў інтэрвію.
Пятая гутарка — з ангельскім пісьменьнікам і журналістам Джорджам Орўэлам (1903–1950). Яго выказваньні ўзятыя са зборніка эсэ, перавыдадзенага выдавецтвам Penguin Books у 2014 годзе.
Хто такі Орўэл
- Яго сапраўднае імя Эрык Артур Блэр.
- Аўтар раману «1984» — бадай, самай славутай літаратурнай антыўтопіі.
- Ягоныя творы моцна паўплывалі на папулярную культуру, прыўнёсшы ў розныя мовы нэалягізмы, якія апісваюць таталітарныя практыкі — да прыкладу, Вялікі Брат ці навамоўе.
— Перш чым мы пагутарым пра літаратуру і вашую творчасьць, я хацеў бы задаць надзённае пытаньне. Беларусы апошнім часам спрачаюцца пра эфэктыўнасьць негвалтоўнага супраціву і, бывае, згадваюць досьвед Гандзі ў Індыі. Як вы яго ацэньваеце?
— Я думаю, трэба разумець, што вучэньні Гандзі цяжка зьвязаць зь верай, што чалавек — гэта мера ўсіх рэчаў і што нашая задача — зрабіць жыцьцё вартым пражываньня на Зямлі, бо гэта адзіная зямля, якую мы маем. Ягоныя вучэньні маюць сэнс толькі з умовай, што Бог існуе і што сьвет матэрыяльных рэчаў — гэта ілюзія, зь якой трэба сысьці...
Аднак пацыфізм Гандзі у нейкай меры можна аддзяліць ад ягоных іншых вучэньняў. Яго матыў быў рэлігійны, але Гандзі таксама казаў пра яго як пра канкрэтную тэхніку, мэтад, здольны даваць пажаданыя палітычныя вынікі.
Пазыцыя Гандзі была не такой, як у большасьці заходніх пацыфістаў. Сат’яграха, упершыню разьвітая ў Паўднёвай Афрыцы, была фактычна відам негвалтоўных ваенных дзеяньняў, спосабам перамагчы ворага без таго, каб нанесьці яму раны, і без адчуваньня ці выкліканьня нянавісьці. Яна мела на ўвазе такія рэчы, як грамадзкае непадпарадкаваньне, страйкі, блякаваньне целамі цягнікоў на чыгунцы, трываньне паліцэйскіх абвінавачаньняў без таго, каб уцякаць ці біць у адказ, і гэтак далей. Гандзі быў супраць таго каб слова сатʼяграха перакладалі як «пасіўны супраціў»: здаецца, на мове гуджараці гэта значыць «цьвёрдасьць у праўдзе».
— Ці лічыце вы, што такія спосабы супраціву могуць быць пасьпяховымі ў любой краіне?
— Цяжка ўявіць, як мэтады Гандзі можна ўжываць у краіне, дзе апанэнты рэжыму прападаюць сярод ночы і пра іх больш не чуваць. Без свабоднай прэсы і права на сходы немагчыма ня толькі апэляваць да вонкавага сьвету, але і стварыць масавы рух ці нават зрабіць вашыя намеры вядомымі праціўніку.
Ці ёсьць цяпер Гандзі ў Расеі? А калі ёсьць, дык чаго ён дасягае? Расейскія масы маглі б практыкаваць грамадзкае непадпарадкаваньне, толькі калі б такая ідэя прыйшла да іх усіх адначасова, і нават тады, калі меркаваць па гісторыі голаду ва Ўкраіне, гэта ня мела б уплыву.
«Твар мяняецца, каб прыстасавацца да маскі»
— У маладосьці вы некалькі гадоў служылі ў брытанскай імпэрскай паліцыі ў Мʼянме (Бірме). Як вы пачуваліся ў гэтай ролі?
— Тэарэтычна — і, вядома ж, употай — я быў цалкам за бірманцаў і супраць іхных прыгнятальнікаў-брытанцаў. А што тычыцца той працы, якую я рабіў, я, бадай, ненавідзеў яе мацней, чым магу патлумачыць. На такой пасадзе вы зблізку бачыце брудную працу імпэрыі. Няшчасных вязьняў, скучаных у сьмярдзючых турэмных клетках, шэрыя спалоханыя твары асуджаных на доўгія тэрміны зьняволеньня, ягадзіцы ў шнарах пасьля таго, як людзей білі бамбукавымі палкамі — усё гэта ціснула на мяне невыносным пачуцьцём віны.
Але я ні на што ня мог паглядзець у шырэйшым кантэксьце. Я быў малады, кепска адукаваны, і мне даводзілася абдумваць свае праблемы ў поўным маўчаньні, якое навязваецца кожнаму ангельцу на Ўсходзе. Я нават ня ведаў, што Брытанская імпэрыя памірае, а пагатоў, што яна нашмат лепшая за тыя маладзейшыя імпэрыі, якія прыходзяць на яе месца.
Усё, што я ведаў, гэта тое, што я захрас паміж нянавісьцю да імпэрыі, якой я служыў, і маёй лютасьцю супраць злосных маленькіх істотаў, якія спрабавалі зрабіць маю працу немагчымай. Адной часткай свайго розуму я думаў пра Брытанскую каляніяльную імпэрыю як пра непарушную тыранію, якая навечна прыдушыла волю скораных народаў, а другой часткай я думаў, што найвялікшай у сьвеце радасьцю было б засадзіць штых у кішкі нейкаму будыйскаму манаху. Такія пачуцьці — гэта нармальны пабочны прадукт імпэрыялізму; можаце спытацца ў любога ангельска-індыйскага чыноўніка, калі атрымаецца засьпець яго не на працы.
— Вы пісалі пра тое, што на вас асабліва моцна паўплываў выпадак, калі вам давялося забіць слана. Чаму?
— Вось быў я, белы чалавек са стрэльбай, які стаяў перад няўзброеным натоўпам мясцовых, нібыта галоўная дзейная асоба ў гэтай пʼесе; але папраўдзе я быў толькі абсурднай лялькай, якую цягала туды і сюды воля гэтых жоўтых твараў за мной. Я ўсьвядоміў у той момант, што калі белы чалавек робіцца тыранам, дык ён зьнішчае сваю ўласную свабоду. Ён робіцца нечым кшталту пустога пастаўленага ў позу манэкена, стылізаванай фігурай белага гаспадара. Бо ўмова ягонага кіраваньня ў тым, што ён правядзе жыцьцё, спрабуючы зрабіць уражаньне на «мясцовых», і таму падчас кожнага крызісу яму даводзіцца рабіць тое, чаго «мясцовыя» ад яго чакаюць. Ён носіць маску, і ягоны твар мяняецца, каб прыстасавацца да яе.
«Пункт адліку — адчуваньне несправядлівасьці»
— Крытыкі вашых мастацкіх твораў кажуць, што ў іх зашмат палітыкі. Вы пагодзіцеся?
— Мой пункт адліку — заўсёды небесстароннасьць, адчуваньне несправядлівасьці. Калі я сядаю, каб напісаць кнігу, я не кажу сабе: «Я ствару мастацкі твор». Я пішу яе таму, што ёсьць нейкая хлусьня, якую я хачу выкрыць; нейкі факт, да якога я хачу прыцягнуць увагу; і мой галоўны клопат — каб мяне пачулі.
Але я ня мог бы працаваць над напісаньнем кнігі ці нават доўгага часопіснага артыкулу, калі б гэта таксама не было эстэтычным досьведам. Кожны, хто сапраўды возьмецца вывучаць мае творы, пабачыць, што нават калі гэта прамая прапаганда, у ёй будзе шмат таго, што прафэсійны палітык палічыў бы недарэчным.
Я ня здольны і не хачу цалкам адмаўляцца ад таго погляду на сьвет, які я атрымаў у дзяцінстве. Пакуль я жывы і пры розуме, я буду моцна пераймацца стылем прозы, любіць паверхню зямлі і атрымліваць асалоду ад прадметаў і абрыўкаў непатрэбнай інфармацыі. Няма сэнсу спрабаваць здушыць гэтую частку мяне.
— Наколькі пасьпяхова ў вас атрымліваецца спалучаць асабістыя мастацкія прыхільнасьці і тое, што вы лічыце важным сказаць людзям для грамадзкай карысьці?
— Гэта няпроста. Гэта стварае праблемы з кампазыцыяй і з мовай і па-новаму ставіць праблему праўдзівасьці. Дазвольце даць вам толькі адзін прыклад зь відавочных складанасьцяў, якія тут паўстаюць. Мая кніга пра грамадзянскую вайну ў Гішпаніі, «Памяці Каталёніі», гэта, вядома ж, адкрыта палітычная кніга, але ў асноўным яна напісаная зь нейкай доляй адлучанасьці і павагі да формы. У ёй я вельмі стараўся цалкам расказаць праўду, ня здраджваючы сваім мастацкім інстынктам. Але сярод іншых рэчаў у ёй ёсьць доўгі разьдзел, поўны газэтных цытатаў і таму падобнага, у якім я абараняю трацкістаў, абвінавачаных у змове з Франка.
Відавочна, што такі разьдзел, які праз год ці два будзе ўжо не цікавы для любога звычайнага чытача, мусіць разбураць кнігу. Крытык, якога я паважаю, прачытаў мне пра гэта лекцыю. «Чаму вы ўставілі туды ўсё гэта? — сказаў ён. — Вы ператварылі тое, што магло б стаць добрай кнігай, у журналістыку». Ён сказаў праўду, але я ня мог зрабіць інакш. Так атрымалася, што я даведаўся тое, пра што вельмі мала каму ў Англіі дазволілі даведацца, — што нявінных людзей ілжыва абвінавацілі. Калі б я не раззлаваўся на такое, мне ня варта было б пісаць гэтую кнігу.
Палітычныя выказваньні як «апраўданьні неапраўдальнага»
— У рамане «1984» вы апісваеце, як таталітарызм стварае фактычна новую мову. Ці сапраўды мова настолькі важная?
— Няшчырасьць — галоўны вораг яснай мовы. Калі ёсьць разыходжаньне паміж сапраўднымі і дэкляраванымі мэтамі, чалавек нібыта інстынктыўна зьвяртаецца да доўгіх словаў і зацёртых выразаў, як каракаціца выпырсквае чарніла. У наш час няма такой рэчы, як «заставацца па-за палітыкай». Усе пытаньні — гэта палітычныя пытаньні, а сама палітыка — гэта маса хлусьні, адгаворак, шаленства, нянавісьці і шызафрэніі. Калі агульная атмасфэра настолькі кепская, дык гэта непазьбежна шкодзіць мове.
— Ці маглі б вы даць канкрэтныя прыклады такой шкоды?
— У наш час палітычныя выказваньні і тэксты — гэта ў значнай ступені апраўданьні неапраўдальнага. Такія рэчы, як працяг брытанскага кіраваньня ў Індыі, расейскія рэпрэсіі і дэпартацыі, скідваньне атамнай бомбы на Японію, можна паспрабаваць апраўдаць, але аргумэнты будуць занадта брутальнымі для большасьці людзей і ня будуць супадаць з заяўленымі мэтамі палітычных партый.
Таму палітычнай мове даводзіцца складацца ў асноўным з эўфэмізмаў, недагаворанасьцяў і проста мутнай расплывістасьці. Безабаронныя вёскі бамбяць з паветра, іхных жыхароў выганяюць у лясы і палі, быдла расстрэльваюць з кулямётаў, а хаціны падпальваюць запальнымі кулямі: гэта называецца пацыфікацыя. У мільёнаў сялянаў забіраюць іх гаспадаркі і пасылаюць валачыцца ўздоўж дарог з тым мінімумам рэчаў, якія яны здольныя несьці на сабе: гэта называецца перамяшчэньне насельніцтва ці выпраўленьне межаў. Людзі зьняволеныя гадамі без суду, ім страляюць у патыліцы ці пасылаюць іх паміраць ад цынгі на лесанарыхтоўкі ў Арктыцы: гэта называецца пазбаўленьне ад непажаданых элемэнтаў.
Такая фразэалёгія патрэбна, калі нехта хоча назваць рэчы, не выклікаючы пры гэтым іх мэнтальныя карцінкі. Возьмем, напрыклад, нейкага добра ўладкаванага ангельскага прафэсара, які апраўдвае расейскі таталітарызм. Ён ня можа сказаць наўпрост: «Я лічу, што варта забіваць сваіх апанэнтаў, калі такім чынам можна дасягнуць добрых вынікаў». Таму ён, напэўна, скажа нешта такое:
«Адкрыта прызнаючы, што савецкі рэжым дэманструе некаторыя рысы, якія чалавек гуманістычных поглядаў, можа быць, схільны асуджаць, мы, аднак, як мне здаецца, мусім пагадзіцца, што некаторае абмежаваньне права на палітычную апазыцыю непазьбежна спадарожнічае пераходным пэрыядам і што тыя цяжкасьці, якія прапанавалі перанесьці расейскаму народу, у значнай ступені апраўдваюцца ў сфэры канкрэтных дасягненьняў».
— Тут вы гаворыце пра фактычна сьвядомае прыхоўваньне праўды. А якія моўныя парады вы б далі тым, хто хоча выказацца праўдзіва і ясна?
— Я думаю, што наступныя правілы пакрыюць большасьць выпадкаў:
- Ніколі не выкарыстоўвайце мэтафары, параўнаньня ці іншай фігуры мовы, якую вы часта бачыце ў друку.
- Ніколі не выкарыстоўвайце доўгага слова там, дзе хопіць кароткага.
- Калі можна выкінуць слова, заўсёды выкідайце яго.
- Ніколі не ўжывайце пасыўнай канструкцыі там, дзе можна ўжыць актыўную.
- Ніколі не выкарыстоўвайце замежную фразу, навуковае ці жаргоннае слова, калі вам прыходзіць у галаву адпаведнік са штодзённай мовы.
- Лепш парушыць любое з гэтых правілаў, чым сказаць нешта відавочна барбарскае.