22 гады — столькі часу ў Беларусі не рэгістравалі новых палітычных партый. Цяпер, паводле Міністэрства юстыцыі, у Беларусі 15 палітычных партый. Пры гэтым спробы зарэгістраваць новыя партыі былі. Прыгадваем самыя гучныя.
Беларуская хрысьціянская дэмакратыя
У 2004 годзе ў Беларусі пачаў актыўную працу арганізацыйны камітэт партыі. У 2007 годзе аргкамітэт БХД пачаў спробы зарэгістраваць сацыяльнае грамадзкае аб’яднаньне «БХД», дакумэнты на рэгістрацыю падалі ў Міністэрства юстыцыі.
Напрыканцы 2007 году Мінʼюст знайшоў парушэньні ў дакумэнтах, якія падаваліся на рэгістрацыю. Грамадзкае аб’яднаньне не зарэгістравалі.
У сакавіку 2009 году аргкамітэт БХД зрабіў спробу зарэгістраваць ужо не аб’яднаньне, а партыю. Прадстаўнікі аргкамітэту падалі дакумэнты на рэгістрацыю ў Мінʼюст. Празь месяц Мінʼюст адмовіў партыі ў рэгістрацыі праз «парушэньні ў працэдуры ўстаноўчага зьезду».
Улетку 2009 году аргкамітэт спрабаваў аспрэчыць гэтае рашэньне ў Вярхоўным судзе, але партыю так і не зарэгістравалі. Агулам аргкамітэт спрабаваў зарэгістраваць партыю 7 разоў. Ва ўсіх выпадках атрымалі адмову.
Беларуская партыя працоўных
Працэс стварэньня партыі пачаўся ў 2004 годзе, адразу пасьля ліквідацыі Мінʼюстам Беларускай партыі працы. У ліпені 2009 году адбыўся ўстаноўчы зьезд, а ў кастрычніку гэтага ж году Мінʼюст адмовіў партыі ў рэгістрацыі, бо «фактычная колькасьць заснавальнікаў меншая за дапушчальную».
Партыя свабоды і прагрэсу
Партыя лібэральнага кірунку ствараецца з 2003 году. Устаноўчыя зьезды праходзілі чатыры разы: у 2003, 2004, 2005 і 2009 гадах. Ва ўсіх чатырох выпадках партыі адмовілі ў рэгістрацыі. Стваральнікі спрабавалі аспрэчыць рашэньне празь Вярхоўны суд і ўсё ж атрымаць рэгістрацыю, але Вярхоўны суд адхіліў скаргу.
Беларуская партыя жанчын «Надзея»
Партыя ўтварылася ў 1994 годзе, і ў тым жа годзе яе зарэгістравалі. У 2000-м партыя далучылася да Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў. У лістападзе 2006 году падпісала дэклярацыю аб стварэньні Саюзу левых партый.
У 2007 годзе Вярхоўны суд пазбавіў «Надзею» рэгістрацыі, і партыя была ліквідаваная.
Хто яшчэ хоча партыю?
Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў і пасьля іх аб рэгістрацыі новых партый заявілі як мінімум 5 розных ініцыятыў.
Рух «Белая Русь», які існуе ўжо 13 гадоў, заявіў, што зьбіраецца нарэшце стаць партыяй.
Прарасейская ініцыятыва «Саюз», якую ўзначальвае Сяргей Лушч, таксама захацела аформіцца ў партыю.
Пра партыю нацыянал-дэмакратычнага кірунку заяўляла таксама экс-кандыдат у прэзыдэнты Ганна Канапацкая.
Заяўляў пра магчымасьць стварэньня партыі і Валер Цапкала.
То бок ініцыятыва Віктара Бабарыкі — ужо пятая па ліку за апошні час.