Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі 20 гадоў не рэгістравалі новыя партыі. Апазыцыя прапанавала спрасьціць працэдуру


Сэсія Вярхоўнага савету БССР. Гаворыць Зянон Пазьняк (цяпер старшыня апошняй зарэгістраванай у Беларусі партыі), побач Валянцін Голубеў; са сьцягам Вольга Галубовіч. 24 жніўня 1991 году, за дзень да абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі
Сэсія Вярхоўнага савету БССР. Гаворыць Зянон Пазьняк (цяпер старшыня апошняй зарэгістраванай у Беларусі партыі), побач Валянцін Голубеў; са сьцягам Вольга Галубовіч. 24 жніўня 1991 году, за дзень да абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі

Шэраг беларускіх палітыкаў падпісаў супольную заяву «За лібэралізацыю ўмоваў дзейнасьці палітычных партыяў». Тэкст заявы перадалі ў рэдакцыю Свабоды.

Палітыкі заяўляюць: у Беларусі «склалася нэгатыўная практыка абмежаваньня дзейнасьці партыяў». Рэгістрацыі новых партыяў і дзейнасьці ўжо зарэгістраваных чыняць «неабгрунтаваныя перашкоды», абмяжоўваецца доступ да СМІ і крыніц фінансаваньня. Улады «ня роўна» ставяцца да партыяў у залежнасьці ад іх «ляяльнасьці».

Чаму няма новых партыяў

Апошняя партыя была зарэгістраваная ў Беларусі амаль 20 гадоў таму — 13 верасьня 1999 году Міністэрства юстыцыі зарэгістравала Кансэрватыўна-хрысьціянскую партыю БНФ пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка, якая аддзялілася ад партыі «Беларускі народны фронт» (на той момант старшынём быў Вінцук Вячорка, цяпер — Рыгор Кастусёў).

Некаторыя палітыкі шмат разоў спрабавалі зарэгістраваць новыя партыі. Так, «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» сем разоў атрымлівала адмову ў рэгістрацыі, заяўляла пра ціск і пагрозы сябрам аргкамітэту, але працягвае спробы зарэгістравацца, каб пазьбегнуць крымінальнай адказнасьці за «дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі».

БХД сьцьвярджае, што кожны раз адмовы абгрунтоўваюць нязначнымі тэхнічнымі памылкамі ў дакумэнтах, якія можна выправіць і на месцы. Апошні на сёньня раз адмовілі ў тым ліку праз «адсутнасьць хатніх або працоўных нумароў некалькіх заснавальнікаў» і «памылкі ў датах нараджэньня двух заснавальнікаў».

Тым часам кампанія «Гавары праўду» зь сёмай спробы атрымала рэгістрацыю, але не як партыя, а як дасьледча-асьветніцкае грамадзкае аб’яднаньне. Рашэньне аб рэгістрацыі зьвязваюць з «памяркоўнай» пазыцыяй руху і жаданьнем зрабіць «жэст Захаду», а не з адсутнасьцю памылак у дакумэнтах.​

Што прапануе апазыцыя

У сувязі з пачаткам працэсу зьменаў закону «Аб палітычных партыях» падпісанты прапануюць:

  • спрасьціць парадак рэгістрацыі палітычных партыяў;
  • скараціць колькасьць заснавальнікаў, неабходную для рэгістрацыі (цяпер гэта 1000 чалавек);
  • увесьці паведамляльны прынцып пастаноўкі на ўлік арганізацыйных структураў;
  • забясьпечыць дзяржаўнае фінансаваньне статутнай дзейнасьці палітычных партыяў;
  • спрыяць прадстаўленьню партыям памяшканьняў у дзяржаўнай уласнасьці;
  • абавязаць дзяржаўныя органы і органы самакіраваньня даваць роўныя магчымасьці ўсім палітычным партыям, у тым ліку гарантаваць ім права доступу да дзяржаўных СМІ.

Хто падпісаўся

Пад зваротам падпсіаліся кіраўнікі зарэгістраваных партыяў:

  • Аб’яднаная грамадзянская партыя — Мікалай Казлоў;
  • Беларуская партыя «Зялёныя» — Дзьмітры Кучук (першы намесьнік старшыні);
  • Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» — Сяргей Калякін;
  • Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) — Ігар Барысаў;
  • Партыя БНФ — Рыгор Кастусёў.

Кіраўнікі незарэгістраваных партыяў (арганізацыйных камітэтаў па стварэньні партыяў):

  • Беларуская партыя жанчын «Надзея» — Алена Яськова
  • Беларуская партыя працоўных — Аляксандар Бухвостаў;
  • Беларуская хрысьціянская дэмакратыя — Віталь Рымашэўскі (сустаршыня);
  • Партыя свабоды і прагрэсу — Уладзімер Навасяд;
  • Рух «За свабоду» — Юрась Губарэвіч.

Таксама подпіс паставіла старшыня Міжнароднага цэнтру грамадзянскіх ініцыятываў Вольга Карач.

Што думаюць улады

У Міністэрстве юстыцыі хочуць абавязаць беларускія партыі публікаваць у адкрытым доступе інфармацыю аб крыніцах свайго фінансаваньня. Пра гэта стала вядома ад супрацоўніка міністэрства, які наведаў круглы стол прадстаўнікоў палітычных партый у сакавіку 2019 году.

Таксама вядома, што нейкія зьмены могуць адбыцца не ў парадку рэгістрацыі партыяў, а ў выбары дэпутатаў або іхных паўнамоцтвах.

Падчас «Вялікай размовы з прэзыдэнтам» у тым жа сакавіку 2019 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ня супраць зьменаў у Канстытуцыю, асабліва ў частцы ўзмацненьня заканадаўчай улады. Ламаць выбарчае заканадаўства цяпер, калі маюць адбыцца парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары, немэтазгодна, лічыць ён. Але пасьля гэтых кампаній — цалкам магчыма. «Разам будзем думаць, які закон пакінуць нашым дзецям», — сказаў Лукашэнка, адказваючы на пытаньне Свабоды. Праўда, якія канкрэтна зьмены плянуюцца і як хочуць узмацніць заканадаўчую ўладу, па-ранейшаму невядома.

Праўладныя Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі і грамадзкая арганізацыя «Белая Русь» ня раз прапаноўвалі праводзіць парлямэнцкія выбары паводле зьмяшанай сыстэмы. Так праходзяць выбары, напрыклад, ва Ўкраіне: частка парлямэнту выбіраецца прапарцыйна паводле партыйных сьпісаў (грамадзянін выбірае партыю, а не чалавека, а ад партыі праходзіць пэўная колькасьць людзей у залежнасьці ад яе папулярнасьці), а частка — па мажарытарных акругах (кожны рэгіён выбірае свайго прадстаўніка, як цяпер у Беларусі).

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына выказвалася супраць такой схемы, і за тое, каб ужывалася толькі адна сыстэма. Альбо мажарытарная, альбо прапарцыйная, калі абсалютна ўсе дэпутаты абіраюцца праз партыйныя сьпісы.

Лукашэнка ж кажа, што каб патрапіць у Палату прадстаўнікоў (ладзяцца агульныя выбары) і Савету Рэспублікі (сэнатараў прызначаюць мясцовыя саветы і прэзыдэнт), ёсьць толькі тры ўмовы: кандыдаты мусяць падзяляць прынцыпы незалежнасьці краіны, стабільнага разьвіцьця, росту дабрабыту беларускага народу.

Цяпер у Палаце прадстаўнікоў 2 са 110 дэпутатаў не падтрымліваюць палітыку Лукашэнкі: беспартыйная Алена Анісім з «Таварыства беларускай мовы» і сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая. Гэта значыць, у ніжняй палаце 1,8% апазыцыі. У верхняй палаце — 0%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG