Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошні раз новую партыю ў Беларусі зарэгістравалі 20 гадоў таму. Што могуць спрасьціць у працэдуры рэгістрацыі


Сэсія Вярхоўнага савету БССР. Гаворыць Зянон Пазьняк (цяпер старшыня апошняй зарэгістраванай у Беларусі партыі), побач Валянцін Голубеў; са сьцягам Вольга Галубовіч. 24 жніўня 1991 году, за дзень да абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі
Сэсія Вярхоўнага савету БССР. Гаворыць Зянон Пазьняк (цяпер старшыня апошняй зарэгістраванай у Беларусі партыі), побач Валянцін Голубеў; са сьцягам Вольга Галубовіч. 24 жніўня 1991 году, за дзень да абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі

Пры Міністэрстве юстыцыі створаная адмысловая працоўная група, якая рыхтуе папраўкі да законаў аб дзейнасьці палітычных партый і іншых грамадзкіх арганізацый. Свабодзе сталі вядомыя асноўныя зьмены ў дзейнае заканадаўства, над якімі працуюць экспэрты.

Што канкрэтна могуць спрасьціць

• скараціць колькасьць заснавальнікаў, неабходную для рэгістрацыі, да 800 чалавек (цяпер — 1000);

• скараціць колькасьць абласных структур, неабходную для рэгістрацыі, да 4 (цяпер — 7: кожная вобласьць плюс Менск);

• скасаваць абмежаваньне на фінансаваньне партыяў (цяпер не дазваляецца фінансаваць партыі з рэспубліканскага і рэгіянальных бюджэтаў. Такая фармулёўка зьявілася ў законе аб палітычных партыях пасьля распаду СССР, нібыта дзеля таго, каб спыніць фінансаваньне камуністычнай партыі. І гэта не дазваляе партыям, якія маюць сваіх прадстаўнікоў у Нацыянальным сходзе і мясцовых саветах, мець сродкі на разьвіцьцё);

• спрасьціць патрабаваньні для юрыдычнага адрасу партыяў, якія жадаюць афіцыйна зарэгістравацца (цяпер, паводле Жыльлёвага кодэксу, у асобных будынках, кшталту катэджаў, могуць рэгістравацца толькі прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы);

• увесьці паведамляльны прынцып пастаноўкі на ўлік рэгіянальных арганізацыйных структураў (цяпер неабходна абавязковае пасьведчаньне аб рэгістрацыі. Паводле Выбарчага кодэксу, гэта абавязковы дакумэнт для партыйных вылучэнцаў на выбарах);

• запісаць у закон, што дзяржава можа аказваць партыям інфармацыйную, мэтадалягічную і іншую дапамогу (цяпер такой фармулёўкі няма наагул. Увядзеньне яе магло б забясьпечыць усім партыям, у тым ліку апазыцыйным, доступ да дзяржаўных мэдыяў).

Што яшчэ вядома

Прапановы працоўнай групы ўжо накіраваныя на ўзгадненьне «з усімі зацікаўленымі», то бок у адпаведныя ўладныя структуры. Шмат што, зразумела, будзе залежаць ад рэцэнзіяў чыноўнікаў з розных міністэрстваў і ведамстваў.

Першапачаткова меркавалася, што папраўкі і зьмены ў выглядзе адпаведнага законапраекту вынесуць на апошнюю сэсію (яна пачынаецца 2 кастрычніка) дзейнага складу Палаты прадстаўнікоў. Цяпер ёсьць рэкамэндацыя не сьпяшацца, а рыхтаваць законапраект для разгляду дэпутатамі, якіх абяруць у лістападзе.

Апошняя партыя была зарэгістраваная ў Беларусі 20 гадоў таму — 13 верасьня 1999 году Міністэрства юстыцыі зарэгістравала Кансэрватыўна-хрысьціянскую партыю БНФ пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка, якая аддзялілася ад партыі «Беларускі народны фронт» (на той момант старшынём быў Вінцук Вячорка, цяпер — Рыгор Кастусёў).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG