Апошнім часам актывізаваліся высілкі ў стварэньні прафэсійных суполак, альтэрнатыўных афіцыйнай Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. На думку ініцыятараў, афіцыйная арганізацыя цалкам дыскрэдытавала сябе падтрымкай цяперашняга рэжыму.
Як паказвае практыка, легалізавацца ня так проста. Масавымі затрыманьнямі завяршылася ўстаноўчая канфэрэнцыя «Лігі студэнцкіх аб’яднаньняў» у Менску, пагрозамі і шантажом суправаджаюцца спробы выхаду з профільных пярвічак у дзяржаўных структурах.
Паказальнай гісторыяй (не)рэгістрацыі арганізацыі ў складзе Беларускага незалежнага прафсаюзу на ААТ «Пеленг» са Свабодай падзяліўся вядучы інжынэр-праграміст Андрэй Дзечка. Па яго словах, пакрокавае апісаньне можа стаць карысным для тых, хто толькі пачынае баталіі за незалежныя прафсаюзныя аб’яднаньні.
«Адмова ў рэгістрацыі арганізацыйных структур прафсаюзу не прадугледжана законам»
Як расказаў Андрэй Дзечка, на фоне падзеяў жніўня-2020 шэраг работнікаў флягмана оптыка-мэханічнай прамысловасьці выйшлі зь «Белпрафмашу» — структурнага падразьдзяленьня праўладнай ФПБ. Ён у ліку першых.
«Спачатку чатыры чалавекі напісалі заявы на ўступленьне ў Беларускі незалежны прафсаюз — такім чынам, на нашым прадпрыемстве ўжо арганізавалася прафсаюзная суполка. У верасьні колькасьць ахвотных папоўніць шэрагі БНП вырасла і, згодна са статутам, назьбіраўся неабходны мінімум для стварэньня нізавой прафсаюзнай арганізацыі. А менавіта 10 чалавек», — удакладняе суразмоўца.
21 верасьня адбыўся арганізацыйны сход у стварэньні «пярвічкі» Беларускага незалежнага прафсаюзу на ААТ «Пеленг». Выбралі раду прадстаўнікоў і кантрольна-рэвізійную камісію — усё, што патрабуецца для легалізацыі статусу.
Пасьля падачы матэрыялаў у выканаўчае бюро БНП юрысты падрыхтавалі дакумэнты для рэгістрацыі ў адміністрацыю Маскоўскага раёну Менску (юрыдычны адрас на падведамнай тэрыторыі).
Роўна празь месяц — апошні тэрмін прыняцьця рашэньня, вызначаны законам, — адтуль запатрабавалі арыгінал пратаколу арганізацыйнага сходу. Маўляў, простай выпіскі, заверанай кіраўніцтвам прафсаюзу, не дастаткова. Пажаданьне чыноўнікаў выканалі неадкладна.
А яшчэ празь месяц маўчаньня (апошняя дэкада лістапада) прыйшла адмова ў рэгістрацыі — «у сувязі з адсутнасьцю агульных інтарэсаў створанай нізавой арганізацыі з кірункамі дзейнасьці БНП». Паколькі другім пунктам было пазначана, што рашэньне можа быць абскарджанае ў судзе, такім правам заяўнікі пазьней скарысталіся.
«Сьмешна нават чытаць, што прафэсійныя інтарэсы чальцоў БНП, якія жадаюць арганізавацца ў нізавую арганізацыю, не супадаюць са сфэрай дзейнасьці незалежнага прафсаюзу. Цалкам выдуманая прычына, абы толькі нэўтралізаваць патэнцыйнага канкурэнта. Бо яшчэ весялей выглядае тое, што адмова ў рэгістрацыі арганізацыйных структур наогул не прадугледжана законам. Гэта значыць, мясцовая адміністрацыя мусіць падпісаць паперу як дадзенасьць, не задаючы некампэтэнтных пытаньняў», — падкрэсьлівае Андрэй Дзечка.
«Суд не прымае пазоў са спасылкай на непадведамнасьць спрэчкі»
Актывіст удакладняе, што ў рэгістрацыі новага прафсаюзу фармальна могуць адмовіць на пяці падставах, але іх выпадак у гэты пералік не падпадае. І спасылаецца на першакрыніцу — інструкцыю Міністэрства юстыцыі «Аб парадку афармленьня і разгляду дакумэнтаў, зьвязаных зь дзяржаўнай рэгістрацыяй прафэсійных саюзаў».
- Парушэньне вызначанага парадку стварэньня прафсаюзу, самавольныя зьмены ў статут ці сымболіку.
- Разыходжаньне мэтаў, задач, мэтадаў работы, тэрыторыі дзейнасьці з патрабаваньнямі заканадаўства.
- Непадача прадугледжаных дакумэнтаў, неабходных для дзяржаўнай рэгістрацыі.
- Неадпаведнасьць назвы, у тым ліку скарочанай, сымболікі, а таксама ўмоваў сяброўства ў прафсаюзе.
- Невыкананьне ў месячны тэрмін патрабаваньняў, указаных у рашэньні аб адтэрміноўцы дзяржаўнай рэгістрацыі.
Пра «несупадзеньне прафэсійных інтарэсаў» ні слова, зазначае Андрэй Дзечка. Згодна з законам, на які так любяць спасылацца чыноўнікі, адмовіць у рэгістрацыі арганізацыйнай структуры прафсаюзу раённыя адміністрацыі ня могуць паводле свайго статусу. І вось на якой падставе.
- Арганізацыйныя структуры прафсаюзаў, надзеленыя ў адпаведнасьці са статутамі прафсаюзаў правамі юрыдычнай асобы, падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі.
- Арганізацыйныя структуры прафсаюзаў, не надзеленыя правамi юрыдычнай асобы, падлягаюць пастаноўцы на ўлік.
«Згадаўшы пра тое, што рашэньне можа быць абскарджана ў судовым парадку, летась 18 сьнежня падалі пазоў у суд Маскоўскага раёну Менска. І што ў выніку? Меней чым праз тыдзень судзьдзя выносіць вызначэньне з адмовай у пачатку грамадзянскага справаводзтва з прычыны... „непадведамнасьці спрэчкі суду“. Гэта як? Зьвяртайцеся ў суд. Ну зьвярнуліся. А там — „ня наша справа“», — абураецца ён.
Пакуль пастанова не набыла законную моц, 22 студзеня актывісты падалі прыватную скаргу ў Менскі гарадзкі суд. 4 лютага справу разгледзелі, рашэньне суду Маскоўскага раёну пакінулі ў сіле.
«Гендырэктар ня ўбачыў супярэчнасьці ў дзейнасьці іншага прафсаюзу»
Такім чынам, падсумоўвае Андрэй Дзечка, і Менскі гарадзкі суд таксама адмовіў рабочым «Пеленга» у праве адстойваць свае законныя інтарэсы. Наступная інстанцыя — старшыня Менскага гарсуду. Скарга пададзеная, ініцыятары шматпакутнай пярвічкі чакаюць разгляду і рашэньня.
Андрэй Дзечка зьвяртае ўвагу, што нават кіраўніцтва прадпрыемства ня мела вялікіх прэтэнзій да зьяўленьня пад дахам альтэрнатыўнага прафсаюзу, хоць спачатку сапраўды крыху «напружылася».
«Актыўнасьць не прайшла незаўважанай, выклікаў на гутарку дырэктар: навошта яшчэ адзін прафсаюз, ды яшчэ незалежны? Я супакоіў, што гэта не палітыка, гаворка пра законныя правы работнікаў. Адзначыў шэраг недахопаў у калектыўнай дамове, якія гадамі не вырашаюцца ў межах дзяржаўнага прафсаюзу. Ну і генэральны ўрэшце даў дабро на такую дзейнасьць. А вось што да рэакцыі раённай адміністрацыі, дык яна прадказальная ў сваёй прымітыўнасьці. Пры тым, што, паўтаруся, іх функцыя — не „прыняць“ ці „адмовіць“, а проста зарэгістраваць. Могуць толькі вярнуць дакумэнты на выпраўленьне памылак».
Любое парушанае права можа і мусіць аднаўляцца ў судовым парадку. «Для чаго іначай наогул гэтая галіна ўлады?» — задаецца рытарычным пытаньнем суразмоўца.
Пры гэтым Андрэй Дзечка не выключае, што цяперашняя актыўнасьць можа мець сумныя наступствы найперш для яго.