У прынятай 3 сакавіка заяве выканаўчага камітэту БКДП гаворыцца, што БКДП зацікаўлены ў дзейнасьці Yara International на беларускім рынку, бо кампанія — «узор паводзін сацыяльна адказнай кампаніі», і апроч Yara «ніводная з замежных кампаній, якія працуюць у Беларусі, не кіруецца кодэксам этыкі бізнэсу і ня ставіць перад беларускімі партнэрамі ў якасьці безумоўных умоваў, неабходных для далейшага працягу супрацоўніцтва, захаваньне імі правоў чалавека і правоў працоўных».
Паводле БКДП, пазыцыя, занятая кіраўніцтвам Yara на перамовах з адміністрацыямі «Беларуськалію» і Беларускай калійнай кампаніі, ужо «пачынае прыносіць свой плён»: кіраўніцтва «Беларуськалію» «вымушана заявіць пра гатоўнасьць прыняць экспэртаў па бясьпецы працы», працягваюцца «небеспасьпяховыя» перамовы аб аднаўленьні на працы ўдзельнікаў страйку, якія хочуць аднавіцца, таксама адміністрацыя пачала выплаты кампэнсацый страйкоўцам.
У БКДП перакананыя, што «альтэрнатывы прынцыповай пазыцыі Yara International няма», а «шальмаваньне кампаніі, аднясеньне яе да ліку памагатых кіроўнага беларускага рэжыму, ня толькі не адпавядае рэчаіснасьці, але і пераходзіць межы дазволенага». У заяве выканкам БКДП патрабуе спыніць «цкаваньне Yara International, маніпуляцыі грамадзкай думкай, уцягваньне ў кампанію па яе дыскрэдытацыі грамадзян краіны і замежных дыяспар», і выбачаецца перад кіраўніцтвам Yara.
Таксама ў заяве заклікаюць іншыя замежныя кампаніі, якія працуюць у Беларусі, «рушыць усьлед прыкладу Yara International і ўзяць за аснову сваёй прысутнасьці ў Беларусі кодэкс этыкі бізнэсу, зрабіць умовай працягу супрацоўніцтва зь беларускімі партнэрамі захаваньне імі правоў чалавека і правоў працоўных».
- Больш за 53 тысячы чалавек падпісалі пэтыцыю, у якой заклікалі кіраўніцтва Yara International прыпыніць супрацоўніцтва зь «Беларуськаліем», які, як сьцьвярджаецца ў пэтыцыі, зьяўляецца адной з асноўных крыніц фінансаваньня сілавікоў, адказных за перасьлед дзясяткаў тысяч беларусаў.
- Раней гендырэктар Yara International Свайн Тур Гульсэтэр і іншыя прадстаўнікі кампаніі заявілі, што падзяляюць пазыцыю нарвэскага ўраду ў падтрымцы дэмакратычнай Беларусі і правоў чалавека.
- Нарвэжцы двойчы прыяжджалі ў Беларусь і сустракаліся з кіраўніцтвам «Беларуськалію» (18 верасьня і 10 сьнежня 2020 году) з нагоды страйку працоўных і ўмоваў працы на прадпрыемстве.
- У студзені Сьвятлана Ціханоўская накіравала Гульсэтэру ліст, у якім заклікала кампанію прыпыніць кантракт зь «Беларуськаліем» і дапамагчы работнікам прадпрыемства, якія страйкуюць.