«Да мяне падышлі перад заняткамі, прынесьлі паведамленьне. Яно было бяз даты, таму я падпісаць адмовіўся, зрабіў заўвагу, што не аформлена належным чынам. Вырашыў супраціўляцца. У мяне стаўка з чвэрцю, ніхто яе ў сярэдзіне сэмэстру не закрые. На мне вісяць завочнікі, чатыры групы беларускіх студэнтаў, туркмэны, кітайцы», — цытуе выкладчыка «Наша ніва».
Прычыну прыпыненьня кантракту яму не тлумачылі, аднак сам Аляксандар Радына думае, што яго звальняюць праз палітыку.
«Я ня ўтойваў сваёй пазыцыі ў дачыненьні да выбараў, гвалту. Тады на мяне сталі „кляпаць“ вымовы адну за адной: нібыта перашкаджаў весьці заняткі, спрачаўся з ахоўнікамі, непрафэсійна сябе паводзіў. У лютым напісалі кляўзу, што ў аўдыторыі чулі лёзунгі «палітычнай афарбоўкі» — вітаньні «Жыве Беларусь», — расказвае ён.
Аляксандар Радына не хавае: крыўдна сыходзіць пасьля столькіх гадоў на факультэце, дзе працаваў яшчэ ягоны бацька.
«У мяне тут бацька працаваў доўгі час, быў загадчыкам катэдры, многае зрабіў для ўнівэрсытэту. Але я быў маральна гатовы да такой разьвязкі, бо паводзіны начальства мне вядомыя. Для іх людзі — гэта расходны матэрыял. У мяне такое ўражаньне, іх не цікавіць, што ўрэшце разваліцца факультэт, бо не аднаго ж мяне звальняюць».
Заняткі Аляксандар Радына вядзе па-беларуску. Кажа, родную мову вывучыў у бацькавай вёсцы, куды дзіцем прыяжджаў кожныя вакацыі.
«У 1993 годзе бацька быў адным з укладальнікаў расейска-беларускага матэматычнага слоўніка. І мы зь ім працягвалі гэтую справу, у 2010-м падрыхтавалі польска-беларускі слоўнік матэматычнай тэрміналёгіі. Тата выкладаў па-беларуску, а пасьля адбыўся адкат, зацьвердзілі дзьвюхмоўе. Але радай факультэту было прынятае рашэньне на пэдагагічным аддзяленьні выкладаць па-беларуску, і я пайшоў туды».
Выкладчык кажа, што ўжо думаў, дзе можна было б уладкавацца. Адзін з варыянтаў — падвучыцца па кірунку Data Science і пайсьці ў ІТ-сфэру.