Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карыстаецца абсалютнай павагай, вызваляў студэнтаў з РУУС. Што вядома пра дэкана Шадурскага, які сышоў з пасады


Віктар Шадурскі
Віктар Шадурскі

Дэкан факультэту міжнародных адносін БДУ прафэсар Віктар Шадурскі пакінуў пасаду. Паводле афіцыйнай вэрсіі, дэкан нібыта сам пасярод навучальнага году напісаў заяву на звальненьне «па ўласным жаданьні». На наступны дзень яму знайшлі замену — кандыдата палітычных навук Алену Дастанку.

Вось што кажуць выкладчыкі і выпускнікі ФМА.

3 сакавіка позна ўвечары тэлеграм-канал «Отчислено» апублікаваў ліст цяпер ужо былога дэкана факультэту міжнародных адносін прафэсара Віктара Шадурскага: «Усё, што мы так доўга абмяркоўвалі, зьдзейсьнілася! Пасьля размовы напісаў заяву па ўласным жаданьні. Прашу не хвалявацца за мяне. Гэта драма, але ніяк не трагедыя».

«Гэта расправа, прымус, звальненьне — давайце называць рэчы сваімі імёнамі»


Прафэсар Віктар Шадурскі ўзначальваў факультэт міжнародных адносін БДУ з 1 верасьня 2008 году. Многія студэнты на знак нязгоды са звальненьнем дэкана прыйшлі ў чацьвер на заняткі ў чорным адзеньні.

Ігар Кузьняцоў
Ігар Кузьняцоў

Кандыдат гістарычных навук Ігар Кузьняцоў, які працуе на ФМА 22 гады, перакананы, што Шадурскага звольнілі выключна за грамадзянскую пазыцыю. Мэтады, якімі гэта было зроблена, Кузьняцова абураюць.

«Гэта расправа, прымус, звальненьне — давайце называць рэчы сваімі імёнамі. Нечакана, позна ўвечары дэкана выклікалі кудысьці „на гутарку“ і прымусілі напісаць заяву па ўласным жаданьні! Вынаходзяць новыя брудныя формы — лепш чалавека прымусіць, запалохаць, намякнуць, што праверкамі замучаюць, і схіліць напісаць заяву.

Гэта поўнае самаўпраўства: прафэсара, прафэсіянала ў росквіце гадоў звальняюць сярод навучальнага году — ніколі такога не было, каб дэканаў так мянялі. Звольнілі чалавека, які карыстаўся абсалютнай павагай. Падкрэсьліваю — абсалютнай! Хтосьці кагосьці ня любіць — так бывае. Але ніколі ніякіх нэгатыўных ацэнак пра Шадурскага я ня чуў ні ад калег, ні ад студэнтаў. І гэта такі ўдар з намёкам для ўсіх астатніх», — перакананы Ігар Кузьняцоў.


З ФМА ня звольнены ніводзін выкладчык, не адлічаны ніводзін студэнт


Выкладчык ФМА перакананы, што звальненьне Шадурскага зьвязана з падзеямі пасьля выбараў. Пры канцы жніўня выкладчыкі і студэнты ФМА выклалі відэазварот з патрабаваньнем спыніць гвалт і правесьці новыя выбары. Зварот быў апублікаваны 26 жніўня 2020 году на сайце факультэту.

З факультэту міжнародных адносін ня звольнены ніводзін выкладчык, ня выключаны ніводзін студэнт, запэўнівае Ігар Кузьняцоў.

«І не таму, што няма каго было звальняць — зь іншых ВНУ ж пазвальнялі сьмелых і тых, хто не даспадобы, даціснулі, прымусілі напісаць заявы, не працягнулі кантракты. У нас такога не было. Нават калі дацэнт катэдры міжнароднага права трапіла на Акрэсьціна за сьцяг на лёджыі, а потым яе аштрафавалі на 30 базавых, для яе не было ніякіх наступстваў, яе не кранулі, яна працуе.

Не было ў нас і псыхозу, нагнятаньня абстаноўкі, сходаў, прафіляктычных гутарак, хоць калегі бралі ўдзел у акцыях пратэсту», — працягвае выкладчык ФМА.

Ігар Кузьняцоў лічыць, што звальненьне Шадурскага — гэта ўдар па іміджы факультэту. Бо ФМА — гэта асаблівая структура: самы шматлікі факультэт — тут навучаецца 2500 студэнтаў, у тым ліку 500 замежных з 30 краінаў сьвету, працуе 300 выкладчыкаў.

«Тут самы высокі прахадны бал, сюды паступаюць найлепшыя. Звальненьне дэкана — гэта ўдар па аўтарытэце факультэту.

Тут часта бываюць амбасадары замежных краін, тут праходзяць міжнародныя канфэрэнцыі. Асабліва цяпер, калі зь беларускім МЗС ня ўсе кантактуюць, а сувязі з факультэтам у многіх замежных дыпляматаў засталіся. У нейкай ступені ФМА — гэта імідж краіны», — мяркуе Ігар Кузьняцоў.

«Якая розьніца, што чалавек думае? Ён жа добра робіць сваю справу, бліскуча выкладае прадмет»

Міхаіл Бацян
Міхаіл Бацян

Беларускі дыплямат, выкладчык факультэту міжнародных адносін Міхаіл Бацян расказаў, што хоць у чацьвер у яго няма заняткаў, ён адмыслова зьезьдзіў ва ўнівэрсытэт, каб паціснуць руку Віктару Шадурскаму і падзякаваць, аднак дэкана ўжо няма — толькі шыльда засталася.

«Акалічнасьцяў, падрабязнасьцяў — што за размова была, з кім — я ня ведаю.

Але ведаю, што Шадурскі заўсёды абараняў студэнтаў і выкладчыкаў, заступаўся за іх. З нашага факультэту адна загадчыца катэдры прайшла праз Акрэсьціна, і ён яе абараніў.

Мне вельмі шкада — прыстойны, надзвычай адукаваны чалавек, інтэлектуал, прафэсіянал высокага клясу, бліскуча ведае ангельскую мову. Вельмі мудры, заўсёды мае ўласную думку. Калі гэта чытае Віктар Генадзевіч, я на адлегласьці паціскаю яму руку і здымаю капялюш», — кажа Міхаіл Бацян.

Дыплямат абураецца, што прафэсіяналаў самага высокага ўзроўню могуць звольніць за грамадзянскую пазыцыю, за ўласныя меркаваньні.

«Чалавек выказвае сваё ўласнае меркаваньне — ну і што? Няхай выказвае! Якую ён прынёс шкоду дзяржаве? Ён жа ні да чога не заклікаў, нічога падступнага не рабіў. Якая розьніца, што чалавек думае? Ён жа добра робіць сваю справу, бліскуча выкладае свой прадмет.

Ды што тут казаць — калі прафэсара Мрочака, славутасьць мэдычную, чалавека, які ратуе, звальняюць таксама за пазыцыю. За тое, што ён выказаў сваю ўласную думку.

Я некалі працаваў у беларускай амбасадзе ў Варшаве. У палякаў ёсьць добрая прымаўка: „мерны, але верны“. „Мерны“ — гэта такі сярэдненькі. Мярнота — гэта нешта зусім нікчэмнае, дробнае, нецікавае. На пасаду дэкана самага прэстыжнага факультэту знойдуць „мернага“. Застануцца толькі паслухмяныя», — мяркуе Міхаіл Бацян, дыплямат, які працаваў у беларускіх амбасадах у Польшчы, Аўстрыі, быў уласным карэспандэнтам «Комсомольской правды» ў Польшчы.

Выпускніца факультэту міжнародных адносінаў Вольга таксама вельмі цёпла ўзгадвае свае студэнцкія гады:

«Я дакладна ведаю, што наш дэкан сам езьдзіў у пастарунак і выцягваў студэнтаў зь Ленінскага РУУС пасьля затрыманьняў 5 верасьня», — кажа Вольга.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG