Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Парлямэнт ператварыўся ў палітычны рынак». Прэзыдэнт Малдовы запатрабавала правесьці датэрміновыя выбары


Прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду ў Парыжы падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам, 4 лютага 2021 году.
Прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду ў Парыжы падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам, 4 лютага 2021 году.

Прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду адмовілася падпарадкоўвацца рашэньню Канстытуцыйнага суду і мае намер дамагацца датэрміновых парлямэнцкіх выбараў, паведамляе незалежнае выданьне Newsmaker.

Гэтак кіраўніца дзяржавы пракамэнтавала рашэньне КС прызнаць неканстытуцыйным яе указ аб паўторным вылучэньні Натальлі Гаўрыліцы у прэм’ер-міністры.

Канстытуцыйны суд пастанавіў, што ў Малдове законна сфармаваная парлямэнцкая большасьць партыі сацыялістаў і партыі «Шор», якая налічвае 54 дэпутаты. Згодна з рашэньнем суду, прэзыдэнт абавязаны прызначыць кандыдата на пасаду прэм’ера, прапанаванага парлямэнцкай большасьцю. У той жа час суд заклікаў прэзыдэнта і парлямэнцкія фракцыі правесьці кансультацыі, каб пераадолець крызісную сытуацыю.

Санду заявіла, што рашэньне КС можна было б зразумець у нармальнай сытуацыі, але такой у Малдове цяпер няма. «Мы знаходзімся амаль у такім жа становішчы, як было ў 2015-2016 гадах, калі алігарх Уладзімір Плахатнюк стварыў кішэнную большасьць у парлямэнце і зацьвердзіў урад. Пасьля гэтага ён цалкам захапіў дзяржаву, усталяваў аўтарытарны рэжым, ануляваў выбары; квітнела карупцыя, беднасьць, захоп бізнэсу», — цытуе Санду «Інтэрфакс».

«Рэжым Плахатнюка быў скінуты, але дэалігархізацыю правесьці не ўдалося, бо ў гэтым парлямэнце, выбраным паводле правілаў Плахатнюка, няма дастатковай колькасьці дэпутатаў, гатовых змагацца з карупцыяй», — сказала прэзыдэнт.

Кіраўніца дзяржавы таксама заявіла, што ня верыць дэпутатам ад Партыі сацыялістаў і «Шор», якія сфармавалі большасьць у парлямэнце.

«Парлямэнт ператварыўся ў палітычны рынак, дзе купляюць і прадаюць дэпутатаў. Яны адправілі ў адстаўку свой урад, а цяпер гавораць пра тое, што хочуць ратаваць краіну. Я ім ня веру! Краіну трэба ратаваць ад зладзеяў!» — заявіла Санду.

Выхад з крызісу толькі адзін — датэрміновыя выбары, лічыць лідэр Малдовы. «Я абяцала людзям, што мы навядзём парадак у краіне. Я ня буду сядзець і глядзець, як злачынная супольнасьць не жадае аддаваць краіну і заключае пагадненьні гэтак жа лёгка, як набівала ўласныя кішэні», — сказала на заканчэньне прэзыдэнтка.

Яна не адказала на пытаньні журналістаў аб далейшых дзеяньнях, але дала зразумець, што ня будзе вылучаць на пасаду прэм’ера прапанаваную парлямэнцкай большасьцю кандыдатуру, як таго патрабаваў Канстытуцыйны суд.

Паводле закону, прэзыдэнт абавязаны вылучыць кандыдатуру прэм’ер-міністра ў выпадку, калі яе вылучае афіцыйна аформленая парлямэнцкая большасьць у колькасьці ня менш за 51 дэпутата. Аднак у Канстытуцыі не прадугледжаныя санкцыі супраць прэзыдэнта ў выпадку нязгоды з пазыцыяй парлямэнцкай большасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG