Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кішынэве пратэстуюць супраць законапраекту аб спэцслужбе


Акцыя пратэсту каля будынка парлямэнту Малдовы, Кішынэў, 3 сьнежня 2020
Акцыя пратэсту каля будынка парлямэнту Малдовы, Кішынэў, 3 сьнежня 2020

У цэнтры Кішынэва праходзіць акцыя пратэсту супраць перадачы Службы інфармацыі і бясьпекі (СІБ) пад кантроль парлямэнту

Перад будынкам парлямэнту сабралася некалькі дзясяткаў людзей, некаторыя прыйшлі са сьцягамі. Удзельнікі пратэсту скандуюць: «Справядлівасьць для людзей», «Дадон, сыходзь».

Абраная прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду раней абвінаваціла дзейнага прэзыдэнта Ігара Дадона ў спробе ўзурпаваць уладу ў краіне і заклікала грамадзян выходзіць на пратэст. Яна назвала «антыдэмакратычным злоўжываньнем» законапраект, ініцыяваны дэпутатамі-сацыялістамі, аб вывадзе галоўнай выведнай спэцслужбы краіны (СІБ) з падпарадкаваньня прэзыдэнту.

«Рэжым Дадона ідзе па шляху Плахатнюка (малдоўскі алігарх, які да 2019 году фактычна кантраляваў палітычную сыстэму краіны. — РС). Яны спрабуюць скрасьці нашыя вынікі галасаваньня», — заявіла яна.

СІБ Малдовы — галоўная выведная служба Малдовы, яна падпарадкоўваецца прэзыдэнту пад наглядам парлямэнту. Дэпутаты-сацыялісты, якія прадстаўляюць большасьць у парлямэнце краіны, ініцыявалі законапраект, які дазволіць вывесьці з падпарадкаваньня прэзыдэнту Службу інфармацыі і бясьпекі і Службу дзяржаўнай аховы. Такім чынам Партыя сацыялістаў на чале зь дзейным прэзыдэнтам Дадонам плянуе захаваць кантроль над гэтымі ключавымі ведамствамі пасьля яго сыходу з пасады кіраўніка дзяржавы.

16 лістапада ў Малдове адбыўся другі тур прэзыдэнцкіх выбараў, на якіх перамагла Мая Санду, а Ігар Дадон пацярпеў паразу.

Малдова — парлямэнцкая рэспубліка. Цяпер у заканадаўчым органе краіны адносную большасьць (37 з 101 дэпутата) мае Партыя сацыялістаў, якая падтрымлівае прэзыдэнта Дадона.

Праэўрапейская абраная прэзыдэнтка Мая Санду ахарактарызавала законапраект як «спробу ўзурпаваць уладу ў дзяржаве». Паводле яе, мэта Партыі сацыялістаў — утрымаць у палітычным палоне інстытут, неабходны для барацьбы з карупцыяй, што стварае рызыкі для дзяржаўнай бясьпекі.

«Кіроўная большасьць хоча зрэзаць тыя паўнамоцтвы, якія дазволілі б мне пачаць наводзіць парадак у краіне. Так яны хочуць адмяніць вынікі выбараў. Я заклікаю вас выйсьці і абараніць свой голас», — заявіла Санду.

Законапраект аб падпарадкаваньні СІБ парлямэнту плянуецца прыняць сёньня ў двух чытаньнях.

«Мы абскардзім гэтыя злоўжываньні ў Канстытуцыйным судзе і папросім дапамогі народу», — падкрэсьліла Санду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG