Беларусь плянуе купіць партыю новых расейскіх аўтаматаў АК-12, паведамілі «РИА Новости» ў прэс-службе канцэрну «Калашнікаў» на міжнароднай выставе зброі IDEX-2021, якая праходзіць у сталіцы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Абу-Дабі.
«З-за таго што ў АК-12 выкарыстоўваецца патрон калібру 5,45 на 39 мм, цікавасьць да яго праяўляюць тыя краіны блізкага замежжа, дзе гэты калібр стаіць на ўзбраеньні. Невялікія партыі былі пастаўленыя ў Казахстан і Армэнію, цяпер цікавасьць да набыцьця невялікай партыі для выпрабаваньняў праяўляе Беларусь», — сказалі ў канцэрне.
АК-12 раней прыняла на ўзбраеньне Міністэрства абароны Расеі, пастаўкі аўтаматаў туды пачаліся ў 2018 годзе. Па выніках вайсковай эксплюатацыі ў аўтамат унесьлі зьмены — АК-12 атрымаў больш эрганамічны, палегчаны і рэгуляваны па даўжыні прыклад, новую дзяржальню кіраваньня агнём са спускавым клямарам, удасканалены прыцэл.
Аўтамат мае прыцэльную далёкасьць 800 мэтраў і магазін ёмістасьцю 30 патронаў, мае павышаны рэсурс рулі і палепшаную кучнасьць стральбы.