Абедзьвюм журналісткам прысудзілі па 2 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Акрамя пазбаўленьня волі, Бугук прысудзіла залічыць час пад вартай (1 дзень як 1 дзень калёніі), забраныя нататнікі, налепкі, тканіну — зьнішчыць, апаратуру — канфіскаваць.
«Абвінавачаная, ці зразумелы вам прысуд?» — спытала судзьдзя.
«Не, што гэта?» — адказала Кацярына Андрэева.
«А чаму не 25 гадоў?» — спытала Чульцова, паведамляе «Белсат».
18 лютага, у дзень абвяшчэньня выраку журналісткам, падтрымаць іх прыйшлі каля 40 чалавек. У Фрунзэнскім судзе зноў было шмат міліцыянтаў.
Пракурор Аліна Касьянчык патрабавала для журналістак тэлеканалу «Белсат» па 2 гады зьняволеньня. Адвакаты казалі, што ў судзе абвінавачаньне не прывяло ніводнага доказу віны падсудных.
Журналісткі ў апошнім слове заявілі пра палітычную матываванасьць справаў супраць іх.
Кацярына Андрэева запатрабавала вызваліць ня толькі яе і Чульцову, але і ўсіх палітвязьняў.
Адвакат: гэта абсурдны суд
Адвакат Сяргей Зікрацкі лічыць, што любыя справы, якія заводзяцца ў сувязі з акцыямі пратэсту, абсалютна незаконныя, бо грамадзяне рэалізуюць сваё права на мірны пратэст.
«І гэта ня можа разглядацца як учыненьне дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», — сказаў Зікрацкі.
Сытуацыю з судом над Андрэевай і Чульцовай Зікрацкі назваў абсурднай.
«Журналісты проста асьвятлялі акцыю пратэсту. Мы ўсе бачылі гэты стрым і чулі тыя фразы, якія былі пакладзеныя ў аснову абвінавачаньня. Гэта фразы, у якіх журналіст проста апісвае тое, што адбываецца на вуліцы».
Муж Андрэевай: журналісты мусяць нарэшце разьдзяўбсьці тэрарыстычны рэжым
Муж асуджанай журналісткі Кацярыны Андрэевай Ігар Ільяш пасьля выраку жонцы сказаў, што рашэньне судзьдзі Натальлі Бугук укладаецца ў бягучую тэндэнцыю: апошнім часам «судзьдзям нельга пярэчыць пракурорам».
Паводле Ільяша, пракуратура на прамое ўказаньне генпракурора Андрэя Шведа арыентуецца на максымальныя выракі ў палітычных справах, бо рэжым вельмі баіцца праўды.
«Цяпер мы — журналісты — мусім даваць яшчэ больш фактаў і яшчэ больш праўды, каб нарэшце разбамбіць, разьдзяўбсьці гэты тэрарыстычны рэжым», — сказаў Ігар Ільяш.
І муж Кацярыны Андрэевай, і бацькі палітзьняволенай ужо напісалі заявы на спатканьне з асуджанай журналісткай.
Журналісткі тэлеканалу «Белсат» знаходзяцца за кратамі з 15 лістапада 2020 году. Іх вінавацілі паводле 342-га артыкулу Крымінальнага кодэксу (арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Андрэеву і Чульцову затрымалі ў адным з дамоў на «плошчы Пераменаў», калі яны вялі жывую трансьляцыю разгону мітынгу ў памяць аб загінулым Рамане Бандарэнку 15 лістапада.
Праваабаронцы прызналі журналістак Дар’ю Чульцову і Кацярыну Андрэеву палітзьняволенымі.