Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор запатрабавала журналісткам «Белсату» Андрэевай і Чульцовай па 2 гады зьняволеньня. Прысуд агучаць 18 лютага

абноўлена

Перад будынкам суду
Перад будынкам суду

17 лютага ў Фрунзэнскім раённым судзе Менску прайшло чарговае пасяджэньне ў крымінальнай справе супраць журналістак тэлеканалу «Белсат» Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай.

Пракурор Аліна Касьянчык запатрабавала для Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай па 2 гады пазбаўленьня волі. Выракі маюць агучыць 18-га лютага а 10-й гадзіне.

Журналісткі тэлеканалу «Белсат» за кратамі з 15 лістапада 2020 году. Іх вінавацяць паводле 342-га артыкулу Крымінальнага кодэксу (арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову затрымалі ў адным з дамоў на «плошчы Пераменаў», калі яны вялі жывую трансьляцыю разгону мітынгу ў памяць аб загінулым Рамане Бандарэнку. Ім пагражае да 3 гадоў турэмнага зьняволеньня.

Кацярына Андрэева (справа) і Дар'я Чульцова
Кацярына Андрэева (справа) і Дар'я Чульцова

13:41 У судзе паведамілі, што выракі агучаць 18-га лютага а 10-й гадзіне.

13:40 Кацярына Андрэева ў апошнім слове сказала, што 6 гадоў са сваіх 27 «прысьвяціла любімай прафэсіі — журналістыцы». Кожны раз яна выходзіла на працу, усьведамляючы, што можа не вярнуцца дахаты, пра што ведала і яе сям’я. Ёй даводзілася штораз адхінацца ад гумавых куляў сілавікоў і выконваць прафэсійныя абавязкі ў экстрэмальных умовах.

Сваё абвінавачаньне Кацярына назвала «прыдуманым» і «цалкам сфабрыкаваным». Андрэева сказала, што хоча служыць Беларусі, у якой ня будзе месца палітычным рэпрэсіям.

«Я не прашу, я патрабую апраўдальнага выраку для сябе і сваіх калег — Чульцовай, Лосіка, Барысевіч, Слуцкай, а таксама свабоды сотням палітзьняволеных».

Прамову Кацярыны Андрэевай заля сустрэла гучнымі аплядысмэнтамі.

13:38 Дар’я Чульцова ў апошнім слове не была шматслоўнай, сказала, што ў судзе ня выявілі ніякіх доказаў яе віны. Журналістка спадзяецца на адзіны справядлівы ў такім выпадку прысуд — апраўдальны.

13:20 Абаронца перакананы, што крымінальная справа супраць журналістак — наступ на свабоду слова, паколькі ў той дзень ніводная зь іх не перайшла межы прафэсійных абавязкаў.

13:00 Акрамя таго, адвакат зьвярнуў увагу на тое, што бок абвінавачаньня так і не паказаў поўнай карціны падзей. Андрэева, як і сказала ўчора сама, мела права спасылацца на тэлеграм-канал, а Чульцова была з камэрай у руках і не камэнтавала падзей.

12:51 Таксама Зікрацкі сказаў, што ў тэлефанаваньнях мясцовых жыхароў, якія, па вэрсіі сьледзтва, скардзіліся на пратэстоўцаў у міліцыю, не назвалі ніводнага дзеяньня, якое б груба парушала грамадзкі парадак.

12:43 Абаронца Кацярыны Андрэевай падкрэсьліў, што напярэдадні і за ўвесь час сьледзтва ніхто зь «Менсктрансу» ня змог высьветліць дакладна, у які час і зь якой прычыны спыніўся рух на дарозе. Няма доказаў, хто першы перакрыў рух — людзі, якія празь вялікую колькасьць прысутных на мірным сходзе вымушаныя былі сысьці з ходнікаў на дарогу, ці нехта іншы, хто перакрыў дарогі непадалёк.

12:41 Частка прамовы адваката Зікрацкага:

«Каб лічыць, што журналісткі ўчынілі дзеяньні, што груба парушаюць грамадзкі парадак, мусіць быць трэцяя асоба, якая б пацьвердзіла іхную віну. Калі б нехта прыйшоў у залю і сказаў, што «так, празь дзеяньні Андрэевай і Чульцовай я выйшаў і стаў у „счэпку“... Але такіх людзей не было. Трэба яшчэ пацьвердзіць сам факт спыненьня транспарту і хто канкрэтна гэта зрабіў».

12:30 Адвакат Кацярыны Андрэевай Сяргей Зікрацкі пералічвае ўсе падзеі, зьвязаныя з трагічнай гібельлю Рамана Бандарэнкі. Тое, што частка людзей у дзень разгляданай справы апынуліся на дарозе для аўтамабіляў, віна ўладаў, якія не забясьпечылі правы грамадзян на мірны сход. Падсудныя ж проста асьвятлялі падзеі, займаліся звыклай справай, якая непасрэдна зьвязаная зь іх прафэсіяй.

11:47 Таксама адвакат упэўнены, што сьледзтва не сабрала ніякіх доказаў віны журналістак. Дыскі не апячатвалі, таму ёсьць сумневы, адкуль сьледзтва ўзяло запісы. Ператрус праходзіў бяз санкцыі пракурора. Акрамя таго, журналіст яшчэ раз згадаў факт, што мабільны інтэрнэт у той час не працаваў.

11:46 Адвакат Хаецкі кажа, што грубага парушэньня грамадзкага парадку на «плошчы Пераменаў» наагул не было. Няма доказаў арганізацыі такіх дзеяньняў Дар’яй Чульцовай, не зафіксаваны ні заклікі, ні якія-небудзь словы зь яе боку. Таксама не зафіксаваны факт выхаду на праезную частку.

11:35 Пракурор Касьянчык таксама папрасіла суд канфіскаваць усю тэхніку журналістак «у даход дзяржавы».

11:33 Пракурор запатрабавала для Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай па 2 гады пазбаўленьня волі.

11:29 Выступае пракурор, кажа, што журналісты з «карысьлівай мэтай» выходзілі на дарогу, што пацягнула спыненьне руху транспарту.

11:20 Суд перайшоў да спрэчак бакоў.

11:18 Пракурор Аліна Касьянчык выступіла супраць выкліканьня яшчэ аднаго экспэрта-лінгвіста. Суд пагадзіўся з пракурорам.

11:14 Суд адмовіўся выклікаць у суд у якасьці сьведкі ўжо згаданага супрацоўніка НАН Лукашанца. Адвакат Сяргей Зікрацкі хацеў выклікаць яго ў якасці экспэрта ў лінгвістыцы, але судзьдзя Бугук адхіліла хадайніцтва абаронцы.

11:13 Наступнай зачыталі псыхоляга-лінгвістычную экспэртызу расейскіх экспэртаў. Яны прыйшлі да высновы, што рэпартаж быў аб’ектыўны, там не было заклікаў. Не заўважылі ніякіх прыкмет арганізацыі нейкіх дзеяньняў.

11:07 Зачыталі заяву міжнароднай арганізацыі «Артыкул 19», якая публікавалася напярэдадні суду, у абарону журналістак.

11:04 У судзе перайшлі да зачытваньня заключэньня камісіі Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) у этыцы. Камісія прыйшла да высновы, што рэпартаж меў аб’ектыўны характар і адпавядае журналісцкім стандартам. Ніякіх заклікаў да актыўных дзеяньняў у словах вядоўцы стрыму не знайшлі.

11:01 Экспэрт прыйшоў да высновы, што рэпартаж быў разьлічаны на аўдыторыю, якая не знаходзілася на «плошчы Перамен», а была дома, каля кампутараў або тэлевізараў.

11:00 Аўтар лінгвістычнай экспэртызы — прадстаўнік Акадэміі навук Аляксандар Лукашанец. Яшчэ з высноваў навукоўца: у словах Андрэевай няма «пабуджальнай мадальнасьці», яны маюць «аб’ектыўную мадальнасьць» і «нэўтральны характар».

10:48 Таксама экспэртыза не знайшла зваротаў журналісткі да ўдзельнікаў акцыі.

10:44 Cудзьдзя Натальля Бугук зачытвае аналіз стрыму. Лінгвіст, які зрабіў экспэртызу, адзначыў, што словы Кацярыны Андрэевай не зьмяшчалі якіх-кольвечы заклікаў да актыўных дзеяньняў. Словы журналісткі мелі апісальны характар, а менавіта перадавалі зьмест бягучых падзей на «плошчы Пераменаў».

10:32 Таксама ў рэчавых доказах знайшоўся бел-чырвона-белы сьцяг. Муж Андрэевай пазнаў яго — гэта той сьцяг, які быў у іх кватэры. Яго забралі сілавікі падчас ператрусу, які правялі ў парушэньне працэсуальных нормаў. Ігара Ільяша не было дома, таксама ператрус праводзілі без адвакатаў і бязь сьведак.

10:29 Людзей у залю сёньня пусьцілі крыху больш, чым 16 лютага.

10:24 Пракурор дастае з торбы рэчы, якія сьледзтва лічыць рэчавымі доказамі. Гэта відэакамэра, тэлефоны, камізэлька з надпісам «Прэса», штатыў, драты.

10:21 Суд пастанавіў зьняць грамадзянскі пазоў транспартнага прадпрыемства. Зараз пачнецца агляд рэчавых доказаў.

10:03 Людзей, якія прыйшлі падтрымаць журналістак у суд, пакуль не пускаюць у залю. Хутчэй за ўсё, сёньня, як і на папярэдніх разглядах справы, людзей будуць прапускаць праз адмысловыя рамкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG