Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першае спатканьне прайшло на выбарчым участку. Журналістцы Кацярыне Андрэевай пагражае да трох гадоў турмы


Кацярына Андрэева
Кацярына Андрэева

Журналістка за кратамі з 15 лістапада 2020 году. Яе вінавацяць у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

9 лютага ў Менску пачынаецца суд над журналісткай Кацярынай Андрэевай.

  • Разам з апэратаркай Дар’яй Чульцовай яе вінавацяць паводле 342 артыкулу Крымінальнага кодэксу (арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
  • Дзяўчат затрымалі ў адным з дамоў на «плошчы Пераменаў», калі яны вялі жывую трансьляцыю разгону мітынгу ў памяць аб загінулым Раману Бандарэнку.
  • Ім пагражае да 3 гадоў турэмнага зьняволеньня.

Муж Кацярыны, журналіст Ігар Ільяш, а таксама дзед Сяргей Ваганаў расказваюць пра яе.

«Першы свой артыкул напісала пра вяртаньне на радзіму»

Сапраўднае прозьвішча Кацярыны — Бахвалава. Яна нарадзілася ў Менску ў 1993 годзе ў сям’і журналістаў, гісторыкаў і філёлягаў. Бахвалавы жылі ў раёне плошчы Якуба Коласа, Кацярына вучылася ў 23-й беларускамоўнай гімназіі. Пасьля гімназіі яна паступіла на гішпанскі факультэт МДЛУ і некалькі гадоў нават жыла ў Гішпаніі. Як расказвае муж Кацярыны Ігар Ільяш, у журналістыку Кацярына прыйшла раптоўна.

«Кацярына даведалася пра адну з валянтэрскіх праграм, убачыла абвестку ва ўнівэрсытэце, — кажа Ігар. — Зацікавілася і вырашыла паехаць. Узяла акадэмічны адпачынак. На месцы высьветлілася, што праграма не адпавядала таму, пра што гаварылася ў абвестцы. Але Каця засталася і ў выніку пражыла амаль два гады ў Малазе. Выкладала гішпанцам ангельскую мову, падпрацоўвала перакладчыцай. Ёй было цікава, гэта быў такі пэрыяд спазнаньня сябе і Гішпаніі. Але Беларусь не адпусьціла. Як Каця расказвала, пачала забываць мову нават. І так выйшла, што першы Кацін артыкул быў апублікаваны ў „Нашай ніве“, яна пісала пра тое, як вярталася з Гішпаніі».

Кацярына Андрэева падчас асьвятленьня акцыі пратэсту
Кацярына Андрэева падчас асьвятленьня акцыі пратэсту

Вярталася дадому Кацярына з прыгодамі. Візу мела пратэрмінаваную, і яе зьнялі з аўтобуса на мяжы. У Менск дабіралася на спадарожных машынах. Адразу пачала супрацоўнічаць зь недзяржаўнымі СМІ — «Нашай нівай», «Народнай воляй» і іншымі. Дзед Кацярыны, вядомы беларускі журналіст Сяргей Ваганаў, уладкавацца ўнучцы не дапамагаў.

«Я ня думаў, што Каця будзе журналісткай, — кажа Сяргей Ваганаў. — У нас у сям’і журналістыка як паветра. Каця расла ў гэтай атмасфэры. Сябры нашы — журналісты, пісьменьнікі. Яна ўсё бачыла гэта. Бацька мой быў журналістам, маці. Але Каця вучылася ў Лінгвістычным унівэрсытэце. Аднойчы прыходжу ў рэдакцыю „Нашай нівы“, зь якой тады супрацоўнічаў. Хацеў узяць нумар, у якім выйшла мая калёнка. Разгарнуў газэту, а там артыкул з подпісам Кацярына Андрэева. Я нічога не зразумеў. Я ўвогуле ня ведаў, што яна там будзе друкавацца. У рэдакцыі НН таксама ня ведалі, што Каця мая ўнучка, пакуль я ім не сказаў сам».

Ігар Ільяш расказвае, што яго тады яшчэ будучая жонка сама хадзіла па рэдакцыях і прапаноўвала ідэі для публікацый.

«Яна сама хадзіла па рэдакцыях, знаёмілася з журналістамі на імпрэзах, — кажа Ігар. — Зь „Белсатам“ таксама супрацоўнічала. У 2017 годзе пачала зь „Белсатам“ супрацоўнічаць, тады ж правяла і першыя стрымы, гэта былі акцыі недармаедаў. У Берасьці, здаецца, яе першы стрым быў. А праз тыдзень у Воршы Кацю першы раз затрымалі і судзілі. Здаецца, там было „непадпарадкаваньне міліцыі і парушэньне заканадаўства аб СМІ“. Тады абышлося штрафам».

Па словах Ігара Ільяша, першае затрыманьне для Кацярыны было ўдарам. На 2016–2017 гады прыпалі адносна спакойныя для беларускіх журналістаў часы, маладая журналістка проста не чакала, што можа трапіць за сваю працу ў ізалятар.

«Будучую жонку сустрэў на акцыі Статкевіча»

Са сваім будучым мужам Кацярына Андрэева пазнаёмілася таксама на працы, а першае спатканьне ператварыла ў праверку працы выбарчай камісіі.

«Мы з Кацяй на акцыі пратэсту Міколы Статкевіча пазнаёміліся, — успамінае Ігар Ільяш. — Увосень 2015 году я яе там сустрэў. Пабачыў на плошчы Свабоды дзяўчыну ў чырвоным паліто. Перакінуліся парай словаў. Гляджу, такая прыгажуня. Трэба будзе на каву запрасіць пасьля акцыі. Але тады не атрымалася, мы згубіліся і нават тэлефонамі не абмяняліся. Але праз тыдзень Статкевіч зноў арганізаваў акцыю, і я ўжо тады сачыў за Кацяй, запрасіў у кавярню. Гэта было за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў».

Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш
Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш

Выбары 2015 году ў кар’еры Кацярыны былі першай палітычнай кампаніяй. Значную частку свайго першага спатканьня з будучым мужам яна прагаварыла пра асаблівасьці беларускай электаральнай кампаніі і спосабы фальсыфікацыі яе вынікаў.

«А потым Кацярына кажа, хадзем паглядзім, што робіцца на ўчастку ў яе 23-й гімназіі, — кажа Ігар. — Ну мы і пайшлі. Чальцы выбарчай камісіі калі нас убачылі, узьнялі трывогу. Выклікалі міліцыю на нас, прыехалі такія рэальныя „касманаўты“. Ва ўсім рыштунку. Праверылі нашыя дакумэнты і адпусьцілі. Але гэтая гісторыя мяне зачапіла. Натхнёнасьць Кацярыны, яе жаданьне даведацца штосьці новае, зразумець. У той вечар я зразумеў, што закахаўся ў гэтую дзяўчыну».

Далей у Ігара з Андрэевай пачалася сумесная праца над тэмай Данбасу і беларусаў там. Супрацоўніцтва паступова перарасло ў стасункі. Па словах мужа журналісткі, ім вельмі дапамагае тое, што яны маюць адну прафэсію. Адны і тыя ж праблемы і выклікі перажываць разам прасьцей. А працоўныя тэмы яны абмяркоўваюць разам нават падчас адпачынку.

«Сваякі вельмі раілі і нават прасілі нас зьехаць з краіны, калі тут пачаліся масавыя рэпрэсіі, — кажа Ігар Ільяш. — Але мы не маглі на гэта пайсьці. Праца — вельмі важная і вялікая частка нашага жыцьця. Дзеля тых падзей, якія разгортваюцца ў Беларусі зь лета 2020 году, мы, у прынцыпе, і прыйшлі ў прафэсію. Зьехаць цяпер для нас было б у нейкім сэнсе здрадай уласнаму выбару. Безумоўна, мы абмяркоўвалі з Кацяй ад’езд. Мы разумелі, што пагроза трапіць за краты існуе. І, як і ўсе, не прадбачылі, наколькі сур’ёзны маштаб набудуць рэпрэсіі. Дамовіліся, што калі будзе канкрэтны сыгнал, што менавіта па нас прыйдуць заўтра, тады зьедзем. За некалькі дзён да арышту Каці мы вырашылі зьехаць на цягам двух тыдняў у выпадку, калі хваля пратэстаў скончыцца».

Па словах Ігара, у сваіх лістах з турмы яна піша аб працы і кажа, што не зьбіраецца адступаць і здраджваць свайму выбару.

«Вядома, і мы з жонкай, і Каціны бацькі ўгаворвалі іх зь Ігарам зьехаць, — кажа Сяргей Ваганаў. — Мы самі людзі пажылыя ўжо, не хадзілі на маршы. Але глядзелі „Белсат“. Гэта цяжка, калі чуеш голас сваёй унучкі, а яна расказвае ў жывым эфіры, што ляжыць на падлозе, а вакол страляніна, гранаты. Усё, што хочаш... Але Ігар з Кацяй сказалі, што зьедуць, толькі калі будзе крымінальны перасьлед. Калі ўдумацца, то гэта будзе першы прэцэдэнт — крымінальная справа менавіта за журналісцкую працу. Вядома, мы хацелі, каб яны зьехалі. Але Каця катэгарычна адмаўлялася».

Артыкул 342, паводле якога абвінавачваюць Кацярыну Андрэеву, прадугледжвае пакараньне ў выглядзе штрафу, абмежаваньня волі альбо яе пазбаўленьня на тэрмін да трох гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG