Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік аргкамітэту Алімпіяды ў Токіё, які назваў жанчын балбатлівымі, падаў у адстаўку


Ёшыра Моры
Ёшыра Моры

Кіраўнік аргкамітэту Алімпійскіх гульняў – 2021 у Токіё Ёшыра Моры пайшоў у адстаўку пасьля скандалу вакол яго выказваньняў пра жанчын, якія ўваходзяць у склад камітэту. Словы Моры выклікалі шквал абурэньня ў Японіі і за яе межамі, інфармуе ВВС.

У прыватнасьці, Ёшыра Моры сказаў, што жанчыны занадта шмат гавораць і нарады зь іх удзелам доўжацца занадта доўга. Таксама, паводле яго, жанчыны ў ходзе пасяджэньняў ўвесь час спрабуюць супернічаць адна з адной.

Сваю заяву аб адстаўцы ён падаў у пятніцу на пасяджэньні аргкамітэту. «Важна зрабіць так, каб Алімпіяда ў ліпені адбылася, і мая прысутнасьць не павінна гэтаму перашкодзіць», — сказаў ён ўдзельнікам сустрэчы.

Пакуль незразумела, хто зьменіць Моры на пасадзе кіраўніка аргкамітэту. Сам ён прапанаваў на сваё месца спартовага чыноўніка са стажам, 84-гадовага Сабуру Кавабучы, але яго кандыдатура выклікала нэгатыўную рэакцыю ў грамадзтве менавіта дзякуючы таму, што яе выбраў Моры.

У 2000–2001 гадах Ёшыра Моры займаў пасаду прэм’ер-міністра Японіі і за гэты пэрыяд дапусьціў шэраг публічных выказваньняў, якія прывялі да скандалаў. У выніку ў красавіку 2001 году ён быў вымушаны падаць у адстаўку.

Алімпійскі аргкамітэт складаецца з 24 сяброў, сем зь іх — жанчыны.

Як разгортваліся падзеі

Скандал у Японіі разгарэўся на мінулым тыдні, але спачатку гаворка аб адстаўцы Моры не ішла.

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) назваў словы 83-гадовага Моры абсалютна недарэчнымі і запэўніў, што роўнасьць — адзін з асноўных прынцыпаў арганізацыі.

Пасьля таго, як Моры папрасіў прабачэньня, МАК заявіў, што лічыць інцыдэнт вычарпаным. Але заклікі да яго адстаўкі гучалі ўсё больш настойліва. Каля 440 валянтэраў, безь якіх не абыходзіцца ніводная Алімпіяда, адмовіліся ад удзелу ў Гульнях на знак пратэсту.

У мінулы аўторак жанчыны-парлямэнтары прыйшлі на працу ў белым адзеньні на знак пратэсту супраць выказваньняў чыноўніка. Іх падтрымалі некаторыя калегі-мужчыны.

Напярэдадні з крытыкай у адрас Моры выступіў генэральны спонсар Алімпійскіх гульняў у Токіё — аўтамабільны канцэрн Toyota.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG