Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прэзэнтавалі «Нацыянальны атляс Беларусі»


Стэнд з Нацыянальным атлясам Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы
Стэнд з Нацыянальным атлясам Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

Прэзэнтацыя адбылася ў Нацыянальнай бібліятэцы. Гэта другое выданьне атлясу, першае было 22 гады таму.

«Нацыянальны атляс Беларусі» — фундамэнтальнае навукова-даведачнае выданьне, у якім рэпрэзэнтуюцца разнастайныя навуковыя і інфармацыйныя матэрыялы пра Беларусь: пра геаграфічны ляндшафт, яго будову і адметнасьці, пра багацьце прадстаўнікоў навакольнага сьвету, пра вынікі сацыяльна-вытворчай дзейнасьці беларусаў у розных сфэрах іх жыцьця і побыту, пра гісторыю складаньня беларускай дзяржаўнасьці і разнастайныя падзеі, якія адбыліся на гэтым шляху, напісаў Інстытут мовазнаўства.

«Нацыянальны атляс Беларусі» выходзіць у краіне другі раз. Першая публікацыя працы адбылася 22 гады таму. Выданьне 2024 г. не зьяўляецца яго простым перавыданьнем. У атляс уключылі некалькі дзясяткаў новых мапаў, зьмешчаныя яны фактычна ва ўсіх разьдзелах кнігі. Абноўлены варыянт атлясу вылучаецца яшчэ адной адметнасьцю. Упершыню тут зьмяшчаецца лінгвістычны разьдзел, а не асобныя мапы моўных асаблівасьцяў.

У лінгвістычным разьдзеле дзьве часткі. Першая — навуковы артыкул «Беларуская айканімія» пра назвы населеных пунктаў Беларусі. Там тры мапы, на якіх адлюстраваныя адметныя найменьні вёсак, што ўзьніклі на беларускай тэрыторыі як вынік асваеньня новых земляў.

На прэзэнтацыі выданьня
На прэзэнтацыі выданьня

Другая частка — навуковы артыкул «Беларускія народныя гаворкі як аснова сучаснай літаратурнай мовы і іх групоўка» і адпаведныя мапы, прысьвечаныя дэманстрацыі вынікаў этнагенэтычнай і занальнай групоўкі гаворак. На дзьвюх мапах «Назвы ягад. Буякі. Дурніцы», «Назвы топкага балота» паказваюцца лексычныя асаблівасьці беларускай нацыянальнай мовы.

Асаблівае месца ў разьдзеле пра мову беларусаў як асобнага этнасу займае «Этнаграфічная карта беларускага племені. Беларускія гаворкі», складзеная акадэмікам Яўхімам Карскім у 1903 годзе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG