Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі завочна судзяць праваабаронцу Алену Масьлюкову


Алена Масьлюкова. Архіўнае фота
Алена Масьлюкова. Архіўнае фота

У судзе Гомельскай вобласьці 30 верасьня пачаўся разгляд справы праваабаронцы і экалягічнай актывісткі Алены Масьлюковай. Суд адбываецца ў закрытым рэжыме, судзяць яе завочна.

Паводле «Вясны», Алене Масьлюковай выставілі абвінавачаньне паводле частак 1 і 2 арт. 361-4 КК («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»), за што жанчыне пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.

«Як рэагаваць на гэты суд? Калі ў краіне не да законаў, то можна рабіць што заўгодна, але гэта не азначае, што яны мяне зламаюць ці прымусяць рабіць ня тое, чым я займалася», — казала Алена Масьлюкова да суду.

Спэцвядзеньне ў дачыненьні да праваабаронцы распачаў 23 траўня Светлагорскі раённы аддзел Следчага камітэту. Пры гэтым Алена Маслюкова неаднойчы адзначала, што ёй не даюць інфармацыі пра сутнасьць абвінавачаньня.

Ужо больш за тры гады Алена Масьлюкова жыве за мяжой, працягваючы праваабарончую дзейнасьць.

Алена Маслюкова са Сьветлагорску, там яна працавала выкладчыцай у мясцовай філіі Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа, а таксама ўзначальвала сьветлагорскую філію праваабарончага цэнтру «Вясна». Праваабаронца была адной зь лідэрак ініцыятывы супраць адкрыцьця ў Светлагорску заводу для вытворчасці беленай цэлюлозы, таксама шмат змагалася за прыняцьне закону супраць хатняга гвалту.

Разглядае справу Алены Масьлюковай судзьдзя Гомельскага абласнога суду Сяргей Багінс.

Што трэба ведаць пра завочныя суды ў Беларусі

  • Як тлумачаць улады, «спэцыяльнае вядзеньне — гэта вядзеньне крымінальнай справы ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусі і ўхіляецца ад зьяўленьня ў орган, які вядзе крымінальны працэс».
  • Аляксандар Лукашэнка ў ліпені 2022 году падпісаў закон аб зьменах у Крымінальна-працэсуальным кодэксе, якія дазваляюць завочна судзіць беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, бо выехалі з краіны, асьцерагаючыся катаваньняў і крымінальнага перасьледу з палітычных прычын.
  • 27 верасьня стала вядома, хто ўваходзіць у першы сьпіс на завочны суд. Усіх іх улады лічаць адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
  • 12 сьнежня ў Беларусі пачаўся першы завочны суд: пяцёх абвінавачаных у справе «Чорнай кнігі Беларусі» выклікалі ў Менскі гарадзкі суд 12 сьнежня на 10:00.
  • У першы сьпіс на завочны суд уваходзілі рэдактарка прызнанага «экстрэмісцкім» ТГ-каналу «Каратели Беларуси» і ютуб-каналу «Дзікае паляванне» Яніна Сазановіч, супрацоўнік «Чорнай кнігі Беларусі» Даніла Багдановіч, стваральнік спартовага парталу by.tribuna.com і мэдыямэнэджар Дзьмітры Навоша, а таксама Вольга Высоцкая і Валерыя Занямонская. Улады лічаць іх адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
  • Падобныя справы пачалі таксама супраць Сьвятланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага, Марыі Мароз, а таксама ўдзельнікаў і кіраўнікоў Беларускага фонду спартовай салідарнасьці, праваабарончага цэнтру «Вясна», тэлеграм-каналу Nexta, Каардынацыйнай рады, Валера Цапкалы.
  • Таксама спэцыяльнае вядзеньне распачалі супраць вядомай спартоўкі, алімпійскай прызэркі ў плаваньні Аляксандры Герасімені і выканаўчага дырэктара Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Апейкіна. 26 сьнежня 2022 году ім прысудзілі 12 гадоў турэмнага зьняволеньня за заклікі да пераносу спартовых турніраў.
  • 18 студзеня 2023 году вынесьлі выракі ў «справе ЧКБ». Сазановіч, Багдановічу, Навошу, Высоцкай і Занямонскай прысудзілі па 12 гадоў турмы. Кожнаму зь фігурантаў таксама прысудзілі штрафы ў памеры 500 базавых велічынь. КДБ унёс фігурантаў справы ў «тэрарыстычны сьпіс». Суд цягнуўся крыху больш за месяц у закрытым рэжыме.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG