Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што паказвае «маштабнае сацапытаньне» ад Лукашэнкі?


Дык апытаньне ж яшчэ не правялі, Лукашэнка яго толькі анансаваў, запярэчыць чытач. Але нават форма і зьмест анонсу ужо сёе-тое пра стан беларускага грамадзтва гавораць.

Сьцісла

  • Ні ў воднай суседняй краіне ўлады не абвяшчаюць аб правядзеньні чарговага сацыялягічнага апытаньня.
  • Незалежныя дасьледаваньні грамадзкай думкі аб вострых грамадзка-палітычных пытаньнях у Беларусі фактычна забароненыя.
  • Запрашэньне замежных спэцыялістаў для правядзеньня апытаньня — сьведчаньне таго, што ўлада ўсьведамляе, які давер беларускім афіцыйным сацыёлягам.
  • Гарантыі ананімнасьці апытаньня ад вышэйшай улады — індыкатар таго, наколькі моцна ўлада запалохвае грамадзтва.
  • Абяцаньне «маштабнага» апытаньня — сьведчаньне некампэтэнтнасьці, дакладныя вынікі дае і параўнальна невялікае, але правільна арганізаванае дасьледаваньне.
  • Замежныя сацыёлягі шчыра сьмяюцца з анансаванага Лукашэнкам дасьледаваньня.

Ва ўсім сьвеце, у прыватнасьці ў краінах-суседках, безьліч сацыялягічных апытаньняў на грамадзка-палітычную тэматыку праводзіцца і напярэдадні важных палітычных падзеяў, і тады, калі такіх падзеяў няма. Там дасьледчых цэнтраў нямала, яны паміж сабой канкуруюць, канкурэнцыя забясьпечвае аб’ектыўнасьць дасьледаваньняў. Нідзе ўлада не абвяшчае аб правядзеньні чарговага дасьледаваньня, як аб нейкай звышардынарнай падзеі.

Але ў Беларусі незалежныя дасьледчыя цэнтры, якія падобныя дасьледаваньні праводзілі, альбо зьнішчылі, альбо ім фактычна забаронена вывучаць грамадзкую думку аб самых вострых грамадзка-палітычных пытаньнях. Яны яе і не вывучаюць.

А прадстаўнікі нават дзяржаўнай сацыялёгіі, што асьмельваюцца абнародаваць дадзеныя афіцыйных апытаньняў, якія не адпавядаюць ідылічнай карціне адзінства народу і ўлады, пазбаўляюцца сваіх пасадаў , як гэта было з дырэктарам акадэмічнага інстытуту сацыялёгіі Генадзем Коршунавым.

Толькі ў такой сытуацыі правядзеньне чарговага апытаньня робіцца сэнсацыяй, вартай абвяшчэньня зь вяршыні ўлады.

Іншы паказальны момант анонсу — паведамленьне, што апытаньне будуць праводзіць замежныя дасьледчыкі, маўляў, дзеля абʼектыўнасьці. А што здарылася з абʼектыўнасьцю беларускіх дасьледчыкаў? Паводле афіцыйнай вэрсіі, менавіта з-за мяжы ўсё зло і ідзе, менавіта там заселі «лялькаводы», якія зьбіваюць з панталыку даверлівых беларусаў. Чаму ж запрашаюцца сацыёлягі з гэтых «лялькаводзкіх» гнёздаў, чаму не свае — правераныя і надзейныя?

Ну вось неяк так. Улада дакладна ўсьведамляе, які ўзровень народнага даверу яе навуковай абслузе. Вельмі сьціплы. Складана сказаць, ці верыць сам Лукашэнка ў 80% на апошніх выбарах. Але ён усьведамляе, што ў амаль 80%, прадказаных напярэдадні выбараў афіцыйнымі сацыёлягамі, народ ня верыць. Інакш навошта адмаўляцца ад паслуг дасьледчыкаў, такіх дакладных у сваіх прагнозах, навошта клікаць іншаземцаў?

Таксама варта адзначыць know how сацыялягічнай думкі — гарантыі ананімнасьці, якія дае вышэйшая ўлада. Ізноў жа, у іншых краінах чамусьці не ўзьнікае патрэбы гарантаваць ананімнасьць апытаньняў з высокіх трыбунаў, гэта неяк забясьпечваецца самімі сацыёлягамі нават у аўтарытарнай Расеі.

І тое, што ў Беларусі ўлада лічыць патрэбным гэта гарантаваць, таксама надзвычай паказальна.

А раптам рэспандэнты ўспрымуць пытаньні сацыёлягаў як пытаньне катаў на Акрэсьціна — любіш прэзыдэнта, падла? Сапраўды, патрэбныя адмысловыя высілкі, каб не пераблыталі.

Нарэшце, абяцаньне менавіта «маштабнага» сацыялягічнага апытаньня. Ну, палітык і не абавязаны разумець тонкасьці сацыялягічнага рамяства, але кампэтэнтныя дарадцы маглі б і патлумачыць босу, што ў гэтай справе больш — ня значыць істотна лепш.

Звычайна сацыёлягі ва ўсім сьвеце апытваюць прыкладна 1000-1500 чалавек, каб даведацца грамадзкую думку з высокай ступеньню дакладнасьці. Калі столькі апытана ппры дапамозе выпадковай выбаркі, то, паводле законаў статыстыкі, вынікі, атрыманыя ў апытаньні, адрозьніваюцца ад рэальных (тых, што маюць месца ва ўсім грамадзтве) з высокай імавернасьцю ня больш чым на 3%.

Іншымі словамі, калі пры правільна сфармаванай выбарцы ў 1000 чалавек атрымалася, што Лукашэнку падтрымлівае, скажам, 20% (ну ці 80%), то ў рэальнасьці гэта азначае, што яго падтрымліваюць ад 17% да 23% ( адпаведна — ад 77% да 83%).

Пры гэтым, паводле тых жа законаў статыстыкі, каб падвысіць дакладнасьць, напрыклад, з 3% да 1%, абʼём выбаркі трэба павялічыць ня ў 3, а ў 9 разоў. А сэнс? Выдаткі тут не адпавядаюць плёну.

Справа тут не ў памеры, а ў правільна сфармаванай выбарцы, яна павінна быць строга выпадковай, гэта значыць кожны дарослы беларус павінен мець роўныя шанцы трапіць у яе. Калі гэта забясьпечана, дык і тысячы апытаных цалкам дастаткова.

Прафэсійныя сацыёлягі гэта выдатна ведаюць. Але альбо начальству не сказалі, альбо тое не паслухала і вырашыла не тлуміць сабе галаву такімі мудрагелістымі рэчамі, а ўразіць публіку «маштабнасьцю» абяцанага апытаньня.

Замежныя прафэсійныя сацыёлягі, літоўскія і расейскія, камэнтуюць ягоныя абяцаньні зь непрыхаванымі сарказмам і зьдзекам.

І не без падставаў. Ні ў іх, ні ў беларускай публікі няма сумневаў, што вынікам анансаванага «маштабнага сацапытаньня» стане чарговы хваласьпеў у адрас беларускай улады, і старшыня саюзу журналістаў Андрэй Крывашэеў зноў, як і напярэдадні выбараў, паведаміць, не хаваючы захапленьня, чарговую «сэнсацыю»: «маштабнае сацапытаньне» засьведчыла, што пераважная большасьць беларусаў падтрымлівае асабіста Аляксандра Рыгоравіча і ягоны курс. Хто б сумняваўся.

Між тым рэальны ўзровень падтрымкі Лукашэнкі, стаўленьне беларусаў да важных грамадзка-палітычных пытаньняў было б высьветліць і вымерыць сапраўды цікава. Не выключаю, што вынік гэтага вымярэньня мог бы быць для многіх нечаканым.

Але анансаванае Лукашэнкам дасьледаваньне гэтага не пакажа. Аднак самы анонс сёе-тое пра беларускае грамадзтва гаворыць — і пра атмасфэру ў ім, і пра гранічны недавер прынамсі значнай часткі грамадзтва да ўсяго, што ідзе ад улады.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG