Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-кіраўнік штабу Цапкалы анансаваў стварэньне новай партыі


Валеры Цапкала і Андрэй Ланкін, архіўнае фота
Валеры Цапкала і Андрэй Ланкін, архіўнае фота

Андрэй Ланкін, былы кіраўнік ініцыятыўнай групы экс-прэтэндэнта ў прэзыдэнты Валера Цапкалы, анансаваў стварэньне аргкамітэту партыі «Дэмакратычны саюз».

Цяпер у Беларусі зарэгістравана 15 палітычных партый, апошнюю зарэгістравалі ў 2000 годзе — Кансэрватыўна-Хрысьціянскую партыю БНФ.

Андрэй Ланкін заявіў, што ідэя стварыць партыю зьявілася яшчэ ў момант аб’яднаньня трох штабоў: Віктара Бабарыкі, Валера Цапкалы і Сьвятланы Ціханоўскай.

«Прадстаўнікі нашай каманды бралі актыўны ўдзел у прэзыдэнцкай кампаніі ў складзе розных штабоў. Я быў адным з ініцыятараў аб’яднанага штабу і ўдзельнікам першага сходу 16 ліпеня. Ужо тады ў паветры лунала ідэя стварэньня палітычнай партыі на аснове той неверагоднай хвалі грамадзянскай актыўнасьці, якую прадэманстравалі беларусы летам 2020-га», — цытуе яго партал Tut.by.

Экс-кіраўнік ініцыятыўнай групы Валера Цапкалы лічыць, што яго партыя будзе зарэгістраваная, нягледзячы на тое, што такога не здаралася больш за 20 гадоў.

«Мы мяркуем, што бліжэйшым часам адбудуцца тыя зьмены, якія дазволяць нам зарэгістраваць партыю. Якія? Пашырэньне ролі партый у галіне дзяржаўнага кіраваньня», — адзначыў ён.

У аргкамітэт па стварэньні партыі ўвайшлі Андрэй Ланкін, Мікалай Серыкаў, Аляксандар Дзяшко, Мікалай Каваленка. Экс-прэтэндэнт у прэзыдэнты Валеры Цапкала далучацца да аргкамітэту не плянуе.

На пытаньне, будзе партыя апазыцыйная ці праўладная, прадстаўнікі аргкамітэту адказаць не змаглі.

«Мы будзем падтрымліваць тых грамадзян, якія хочуць пераменаў, разумеюць, як іх рабіць, — сказаў Андрэй Ланкін.

Да канца лютага прадстаўнікі аргкамітэту плянуюць стварыць ініцыятыўную групу дзеля стварэньня партыйных структур у рэгіёнах, а да чэрвеня абвясьціць дату правядзеньня зьезду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG