Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Савеце Рэспублікі правялі «круглы стол» па новай Канстытуцыі. Запрасілі і апазыцыю


Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк (зьлева) і старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў (справа).
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк (зьлева) і старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў (справа).

Кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 28 сьнежня паўдзельнічаў у абмеркаваньні прапановаў, прысьвечаных рэформе Канстытуцыі.

Як расказаў палітык Свабодзе, запрашэньне паступіла ад старшыні камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Савету Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Сяргея Сіўца.

Фармальна гэта быў «круглы стол», за якім студэнты юрыдычнага факультэту БДУ агучылі свае ідэі наконт зьменаў у Канстытуцыю.

Да дыскусіі таксама далучыліся былы старшыня Канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч, экс-кандыдат у прэзыдэнты Сяргей Чэрачань, сябра рады «Лібэральнага клюбу» Вадзім Мажэйка, дацэнты катэдраў дзяржаўна-прававых дысцыплінаў ВНУ, прадстаўнікі Менгарвыканкаму ды іншыя.

Па словах Рыгора Кастусёва, у сваёй прамове ён скрытыкаваў спробу ўладаў схаваць за шырмай канстытуцыйнай рэформы рэальныя праблемы ў грамадзтве.

«Балазе, удалося суцішыць студэнцкі максымалізм і скіраваць дыскусію ў рэаліі жыцьця, — кажа Рыгор Кастусёў. — А яны такія, што ўлады намагаюцца зацягнуць час, падмяняючы неабходнасьць рэальнага дыялёгу Ўсебеларускім народным сходам ды спробай „павесіць“ на прызначаных дэлегатаў неўласьцівыя функцыі. Якое дачыненьне тыя маюць да канстытуцыйнай рэформы? Таму гэта спроба адцягнуць увагу на другасныя рэчы. Ёсьць бясспрэчны факт: дзейная Канстытуцыя не працуе. Дзе гарантыя, што запрацуе новая? І пачынаць трэба з „галавы“, якая цягне беларусаў у бездань».

Свае засьцярогі ён праілюстраваў рэальнымі прыкладамі. У рамках «партыйнай рэструктурызацыі» Міністэрства юстыцыі абавязала Партыю БНФ, як і іншыя зарэгістраваныя палітычныя рухі, абнародаваць асабістыя дадзеныя сваіх сябраў. Калі ведамства атрымала катэгарычную адмову, кіраўніцтву партыі вынесьлі папярэджаньне.

У Лідзе адзін за адным адбываюцца судовыя працэсы над сябрам Сойму БНФ Вітольдам Ашуркам, якога цяпер абвінавачваюць па крымінальным артыкуле за «арганізацыю групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Паводле Кастусёва, Ашурак прыклаў намаганьні, каб выпрацаваць мэханізмы агульнанацыянальнага дыялёгу.

Рыгор Кастусёў паведаміў, што ягоныя засьцярогі пра скочваньне ў татальнае беззаконьне падтрымаў экс-старшыня Канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч, яшчэ ад 1990-х вядомы сваёй падтрымкай Аляксандра Лукашэнкі. Гэтым разам ён заявіў, што артыкулы Канстытуцыі павінны мець вяршэнства над іншымі заканадаўчымі дакумэнтамі.

Пасьля паседжаньня «круглага стала» старшыня Партыі БНФ перадаў у Савет Рэспублікі прапановы аб пераадоленьні палітычнага крызісу. Раней яны былі накіраваныя ў Палату прадстаўнікоў, але рэакцыі не было.

Яшчэ ў кастрычніку Сойм Партыі БНФ зацьвердзіў «дарожную мапу» з 10 першачарговых крокаў дзеля пачатку агульнанацыянальнага дыялёгу. Паводле БНФ, Беларусь апынулася ў глыбокім палітычным крызісе, які паставіў дзяржаву на мяжу існаваньня. Дзеяньні ўладаў прывялі да міжнародных санкцыяў і стану «дзяржавы-ізгоя».

10 крокаў ад Партыі БНФ

У якасьці першачарговых захадаў БНФ прапанаваў 10 крокаў, якія мусяць паспрыяць дээскаляцыі грамадзянскага канфлікту і пераходу да мірнага агульнанацыянальнага дыялёгу.

  • 1. Вызваленьне ўсіх, каго беларускія праваабаронцы прызналі палітвязьнямі
  • 2. Спыненьне палітычна матываваных крымінальных спраў, у тым ліку супраць сябраў Каардынацыйнай рады, чыя дзейнасьць знаходзіцца пад абаронай канстытуцыйнага права грамадзян на свабоду аб’яднаньняў
  • 3. Спыненьне масавых і нематываваных затрыманьняў і судоў супраць удзельнікаў мірных масавых акцыяў
  • 4. Фармуляваньне праваахоўнымі органамі і палітычным кіраўніцтвам Беларусі гарантыяў бясьпекі для тых, хто быў выштурхнуты з краіны альбо вымушаны хавацца ў замежжы з прычыны апасеньняў за сваё жыцьцё
  • 5. Спыненьне перасьледу і незаконных абмежаваньняў дзейнасьці журналістаў і СМІ (уключна з аднаўленьнем акрэдытацыі супрацоўнікаў замежных СМІ і адмовай ад блякаваньня вэб-сайтаў), спыненьне дыскрэдытацыі пратэстоўцаў і беларускай сымболікі ў дзяржаўных СМІ
  • 6. Аднаўленьне на працы ў дзяржаўных органах, прадпрыемствах і арганізацыях усіх, каго звольнілі ў сувязі зь іх палітычнымі перакананьнямі ці за ўдзел у мірных акцыях пратэсту
  • 7. Стварэньне парлямэнцка-грамадзкай камісіі з удзелам праваабарончых арганізацый, якая вывучыць абставіны гвалту падчас падзеяў лета і восені 2020 году і перадасьць сабраныя матэрыялы ў сьледчыя органы, каб прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у катаваньнях і забойствах
  • 8. Забесьпячэньне доступу экспэртаў ААН да маніторынгу ўмоваў утрыманьня ў месцах няволі і супраца дзяржаўных органаў з прызначанымі структурамі Рады ў правах чалавека ААН і АБСЭ дзеля аб’ектыўнага вывучэньня і дакумэнтаваньня сёлетніх падзеяў
  • 9. Правядзеньне з удзелам Палаты прадстаўнікоў і іншых дзяржаўных органаў і палітычных партыяў нарады, на якой будзе выпрацаваны фармат, графік правядзеньня, парадак дня агульнанацыянальнага дыялёгу, кола ўдзельнікаў і магчымых пасярэднікаў
  • 10. Рэформа выбарчага заканадаўства з улікам прапановаў місіяў назіраньня АБСЭ на выбарах 2015–2019 гадоў і прапановаў нацыянальных назіральнікаў кампаніі «Права выбару» з наступным правядзеньнем выбараў усіх узроўняў з новым складам выбарчых камісій.

Гэтыя тэрміновыя крокі дазволяць пераадолець найбольш значныя нэгатыўныя наступствы крызісу, спыняць раскол грамадзтва і прыпыняць спаўзаньне краіны ў бездань, перакананы старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG