Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкі ПЭН заклікаў да вызваленьня зьняволеных пісьменьнікаў, у тым ліку беларусаў


Палітзьняволеная беларуская журналістка Кацярына Андрэева, архіўнае фота
Палітзьняволеная беларуская журналістка Кацярына Андрэева, архіўнае фота

У Міжнародны дзень пісьменьніка ў няволі нямецкая асацыяцыя яшчэ раз зьвярнула ўвагу ўсясьветнай супольнасьці на палітвязьняў, у прыватнасьці беларускіх пісьменьнікаў.

Асацыяцыя аўтараў ПЭН-цэнтру Нямеччыны разам з больш як 140 іншымі аддзяленьнямі арганізацыі па ўсім сьвеце заклікала да неадкладнага вызваленьня зьняволеных пісьменьнікаў. Адзначаючы штогадовы Дзень зьняволеных пісьменьнікаў, асацыяцыя падкрэсьліла выпадкі Аляа Абд эль-Фатаха з Эгіпту, Джымі Лая з Ганконгу, Кацярыны Андрэевай зь Беларусі і Хасэ Рубэна Саморы Маракіна з Гватэмалы, турэмныя зьняволеньні якіх названыя нападам на свабоду слова і правы чалавека.

Журналістка тэлеканалу «Белсат» Кацярына Бахвалава (Андрэева), якая яшчэ і паэтка, асуджаная рэжымам Лукашэнкі за «дзяржаўную здраду» пасьля асьвятленьня мірнай дэманстрацыі. Ціск на яе працягваецца і за кратамі, сувязі з палітзьняволенай вельмі абмежаваныя. Нядаўна сілавікі арыштавалі мужа Андрэевай Ігара Ільяша.

Кацярыну Андрэеву затрымалі 15 лістапада 2020 году за стрым з «плошчы Перамен», у якім паказалі ў жывым этэры жорсткі разгром сілавікамі мірнай акцыі ў памяць забітага сілавікамі Рамана Бандарэнкі. Кацю з калегай Дар’яй Чульцовай асудзілі паводле «народнага» 342 артыкула на 2 гады.

Але ў 2022 годзе Кацярыне выставілі новае абвінавачаньне — у «здрадзе дзяржаве». Сьледзтва праходзіла ва ўмовах поўнай сакрэтнасьці — цягам 55 дзён пасьля пераводу з гомельскай калёніі ў СІЗА сваякі ня ведалі ні яе статусу, ні артыкулаў. Суд быў закрыты. Дагэтуль невядома, што канкрэтна ў дзейнасьці маладой журналісткі палічылі «здрадай дзяржаве». Прысуд — 8 гадоў і 3 месяцы пазбаўленьня волі.

За кратамі ў Беларусі знаходзяцца таксама такія знаныя палітычныя і грамадзкія дзеячы, пісьменьнікі і літаратары як Павал Севярынец, Алесь Бяляцкі, Аляксандар Фядута і іншыя.

Што вядома пра іншых згаданых у звароце нямецкага ПЭНу?

Абд эль-Фатах, эгіпецка-брытанскі пісьменьнік і актывіст, працягвае пакутаваць у турме ў экстрэмальных умовах, якія ўключаюць катаваньні і адмову ў мэдыцынскай дапамозе, нягледзячы на тое, што ён адбыў сваё пяцігадовае зьняволеньне.

Джымі Лай, журналіст і заснавальнік ужо неіснуючай газэты Apple Daily, чатыры гады знаходзіцца ў адзіночнай камэры ў Ганконгу. Яго выступ за дэмакратыю можа прывесьці да пажыцьцёвага зьняволеньня, гаворыцца ў паведамленьні асацыяцыі.

У Гватэмале Хасэ Рубэн Самора Маракін, заснавальнік газэты elPeriódico, якая займаецца расьсьледаваньнямі, быў зьняволены за выкрыцьцё карупцыі ва ўрадзе. Пасьля амаль двух гадоў знаходжаньня за кратамі цяпер ён пад хатнім арыштам.

Наем Валі, віцэ-прэзыдэнт ПЭН-цэнтру Нямеччыны, сказаў, што словы за гэтых людзей сьведчаць аб тым, што іх галасы нельга заглушыць.

Міжнародны дзень пісьменьніка ў няволі быў заснаваны ў 1960 годзе Камітэтам «Пісьменьнікі ў турме» Міжнароднага ПЭН-цэнтру. ПЭН-клюб расшыфроўваецца як «паэты, эсэісты, раманісты». Міжнародная асацыяцыя была заснаваная ў Лёндане ў 1921 годзе і цяпер дзейнічае ў 100 краінах. Арганізацыя займаецца абаронай «бесьперашкоднага абмену думкамі» і захаваньнем свабоды выказваньня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG