Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Для нас важна, што мы побач зь Беларусьсю». Валер і Вераніка Цапкалы пераехалі ў Латвію


Валер і Вераніка Цапкалы
Валер і Вераніка Цапкалы

Апазыцыйныя палітыкі Валер і Вераніка Цапкалы пераехалі ў Латвію. У Рызе яны ствараюць фонд дапамогі беларускім жанчынам, пацярпелым ад дзеяньняў уладаў, а таксама дапамагаюць уцекачам зь Беларусі, якім Латвія дала палітычнае прыстанішча.

З Валерам і Веранікай Цапкаламі пагаварыла карэспандэнтка тэлеканалу «Настоящее время» Марыя Андрэева.

Бытавыя пытаньні ўдалося вырашыць хутка: кватэра, школа для дзяцей.

«У нас жа дзеці маленькія, нам трэба, каб расейскамоўныя школы былі, — кажа Валера. — А ў Польшчы такіх школаў няма. У Літве адна, пры амбасадзе. Туды не бяруць. Нам хацелася яшчэ, каб краіна мела агульную мяжу зь Беларусьсю. Для нас гэта было важна. Адчуваньне, што мы побач, што мы па суседзтве знаходзімся».

Палітычнага прыстанішча ў Латвіі Цапкалы пакуль не прасілі.

«Мы прадалі дом, калі ўваходзілі ў гэтую кампанію, — працягвае Валер. — Арыштавалі ў нас кватэру, і пыласос, і тэлевізар арыштавалі. Ну і рахункі, натуральна, таксама».

У Рызе Цапкалы падтрымліваюць сувязь зь мясцовай беларускай дыяспарай, удзельнічаюць у акцыях падтрымкі і салідарнасьці. Вераніка Цапкала стварыла фонд дапамогі рэпрэсаваным жанчынам Беларусі. Арганізацыю ўжо зарэгістравалі, створана міжнародная рада дырэктараў.

«Мы паказалі і даказалі нашым трыё, што жанчыны маюць права голасу, што жанчыны могуць быць самадастатковымі, таму мэтай фонду далей будзе разьвіцьцё лідэрскіх здольнасьцяў у жанчын, але цяпер галоўная мэта — гэта дапамога тым рэпрэсаваным дзяўчатам, якія знаходзяцца ў турмах цяпер. Кагосьці катавалі, кагосьці гвалтавалі, камусьці патрэбна псыхалягічная дапамога», — кажа Вераніка.

Валер Цапкала працягвае дыстанцыйна працаваць ва ўласнай кампаніі. Яшчэ ўлетку ўлады Беларусі абвясьцілі яго ў міждзяржаўны вышук — яго імя знаходзіцца ў базе вышуку асобаў МУС Расеі. Улады Беларусі вінавацяць яго ў атрыманьні хабару.

«У мяне кампанія невялікая ёсьць, мы робім сусьветную біяграфічную энцыкляпэдыю, — расказвае Валер. — Асноўны офіс у Менску знаходзіцца, і распрацоўнікі ў Беларусі, але цяпер, з новымі тэхналёгіямі, гэтую тэму можна працягваць, знаходзячыся ў любым месцы».

Жыцьцё ў Латвіі Валер і Вераніка ўспрымаюць як часовую і вымушаную меру. Але пакуль яны тут, ёсьць магчымасьць дапамагчы ўцекачам зь Беларусі — у Латвіі іх некалькі дзясяткаў.

«У лягер уцекачоў езьдзілі некалькі разоў, — кажа Валера. — Мы цяпер будзем іх прыцягваць актыўна да нашай дзейнасьці. Мы знайшлі офіс. І, вядома, мы стаўку робім на дыяспару. На ўцекачоў і валянтэраў, каб мы маглі працаваць як па-за Беларусьсю, так і аказваць інфармацыйнае ўзьдзеяньне на тыя працэсы, якія ўнутры краіны адбываюцца».

Праводзіць вулічныя акцыі ў падтрымку беларускай апазыцыі ў Латвіі цяпер нельга праз абмежаваньні ў сувязі з каранавірусам. Мясцовы апазыцыйны рух пакуль працуе ў онлайн-рэжыме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG