Абылгазіеў узначальваў урад больш за два гады, але ў чэрвені 2020 году падаў у адстаўку.
Абылгазіева затрымалі 26 студзеня пасьля допыту ў Бішкеку, перадае кіргіская служба Радыё Свабода. Былога кіраўніка ўраду падазраюць у незаконным пашырэньні залатога рудніка «Кумтор» у запаведнай зоне. Акрамя таго, як настойвае сьледзтва, кіраўнік ураду набываў маёмасьць на сумы, які ў некалькі разоў перавышаюць яго афіцыйныя даходы.
53-гадовы Мухамедкалый Абылгазіеў падаў у адстаўку 15 чэрвеня 2020 году на фоне абвінавачаньняў у карупцыі, зьвязаных з разьмеркаваньнем радыёчастот у краіне. Ён адмаўляў абвінавачаньні, але заявіў, што ва ўмовах пандэміі ўрад павінен «карыстацца поўным даверам з боку грамадзян».
Крымінальнай справы Абылгазіеў не камэнтаваў. У кастрычніку фінансавая паліцыя забараніла яму выяжджаць з краіны. Прэзыдэнт Сааранбай Джээнбекаў у тым жа месяцы падаў у адстаўку пасьля масавых пратэстаў супраць вынікаў парлямэнцкіх выбараў.
- Абылгазіеў быў дарадцам і кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Кіргізіі Алмазбека Атамбаева. Былы кіраўнік дзяржавы асуджаны на 11 гадоў зьняволеньня за карупцыю. Яму прад’яўленыя абвінавачаньні ў забойстве, арганізацыі масавых беспарадкаў, захопе закладнікаў і іншых злачынствах.
- У студзені 2021-га сёлетнія прэзыдэнцкія выбары ў Кіргізстане выйграў былы прэм’ер-міністар Садыр Джапараў. У 2017 годзе ён быў асуджаны на 11 гадоў калёніі, але ў ходзе пратэстаў яго вызвалілі.
- З 24 чалавек, якія займалі пасаду кіраўніка ўраду Кіргізстану пасьля распаду СССР, двое памерлі на пасадзе, сямёра былі асуджаныя паводле розных артыкулаў, двое эмігравалі пасьля прыходу да ўлады палітычных супернікаў.