Палітык-нацыяналіст Садыр Джапараў атрымаў пераканаўчую перамогу на праведзеных у Кіргізстане ў нядзелю пазачарговых прэзыдэнцкіх выбарах, якія былі праведзены пасьля адстаўкі папярэдняга кіраўніка краіны, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Паводле папярэдніх вынікаў, апублікаваных ЦВК Кіргізстану, Джапараў атрымаў амаль 80% галасоў; гэта азначае, што другога туру ня будзе.
Акрамя таго, ЦВК паведаміла, што больш за 80 адсоткаў выбарнікаў падтрымалі прапанову аб рэформе Канстытуцыі, якая пашырае паўнамоцтвы прэзыдэнта за кошт парлямэнту.
Дзякуючы бурным акцыям пратэсту, якія адбыліся ў Кіргізстане ў кастрычніку, 52-гадовы Джапараў, які знаходзіўся ў турме, апынуўся ў крэсьле прэм’ер-міністра і стаў часовым прэзыдэнтам — і ўжо ў гэтай якасьці прыняў удзел у выбарах.
Джапараў зь вялікім адрывам апярэдзіў 16 супернікаў у выдатках на кампанію.
Першым крокам Джапарава на пасадзе прэмʼер-міністра было ўвядзеньне графы «нацыянальнасьць» у пасведчаньне асобы. Аднак, нягледзячы на свае нацыяналістычныя пазыцыі, ён неаднаразова абяцаў падтрымліваць трывалыя адносіны з Масквой.
«Расея — наш стратэгічны партнэр», — сказаў ён, прыняўшы ўдзел у галасаваньні ў прыгарадзе Бішкеку, заклікаўшы ўсе групы насельніцтва прыняць вынікі выбараў, каб захаваць стабільнасьць.
Расея мае ў Кіргізстане вайсковую авіябазу і зьяўляецца галоўным пунктам прызначэньня для сотняў тысяч працоўных мігрантаў з гэтай краіны.
Суседні Кітай зьяўляецца іншай важным гандлёвым партнэрам і інвэстарам для гэтай зьбяднелай мусульманскай краіны, эканоміка якой пацярпела ад пандэміі каранавірусу і народжаных ёю перабояў у гандлі і паездках.
Турэмнае зьняволеньне Джапарава было зьвязанае зь яго кампаніяй па нацыяналізацыі гіганцкага залатаруднага радовішча Кумтор, якое знаходзіцца ва ўпраўленьні ў канадзкай кампаніі Centerra Gold. Аднак пасьля прыходу да ўлады ў мінулым годзе ён заявіў, што нацыяналізацыя больш не зьяўляецца яго мэтай, і ён будзе імкнуцца толькі да справядлівага разьмеркаваньня прыбытку.
Да зрынаньня ўраду прэзыдэнта Сааранбая Джээнбекава ў кастрычніку, аналягічныя пратэсты прыводзілі да адставак прэзыдэнтаў у 2010 і 2005 гадах. Іншы былы кіраўнік дзяржавы, Алмазьбек Атамбаеў, знаходзіцца пад арыштам праз абвінавачаньні ў карупцыі.