ФСБ патлумачыла зьяўленьне беспалётнай зоны над палацам каля Геленджыка ўзрастаньнем актыўнасьці замежных выведак. Пра гэта спэцслужба заявіла ў адказе на запыт рэдакцыі РБК.
Раней гэты палац зьвязалі ў СМІ з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Расьсьледаваньне Фонду барацьбы з карупцыяй пра гэты аб’ект паглядзелі 95 мільёнаў разоў.
Беспалётная зона ў раёне мысу Ідокапас была вызначана загадам Міністэрства транспарту ад 24 лiпеня 2020 году ў інтарэсах памежнай бясьпекі, сьцьвярджаецца ў адказе ФСБ.
Як забарона на пералёты ўнутры краіны дапамагае абараняцца ад замежных выведных службаў, у дакумэнце не ўдакладняецца. Забароны на праходжаньне лодак у раёне мысу няма, настойваюць у ведамстве.
Насамрэч абмежаваньні палётаў былі ўведзеныя яшчэ ў 2011 годзе.
У Фэдэральнай службе аховы газэце заявілі, што не ахоўваюць аб’ектаў у раёне палацу, якія прыпісваюць Пуціну. У ФСА таксама дадалі, што на той тэрыторыі ня ўводзілася якіх-небудзь забаронаў і абмежаваньняў. Раней Радыё Свабода высьветліла, што кампанія, якая займаецца аб’ектамі спэцсувязі для асоб, якіх ахоўвае ФСА, працавала на будаўніцтве дома пад Геленджыком.
Аб будаўніцтве дома стала вядома ў сьнежні 2010 году з адкрытага ліста бізнэсоўца Сяргея Калесьнікава прэзыдэнту Дзьмітрыю Мядзьведзеву. Ён тады заявіў, што хацеў зьвярнуць увагу прэзыдэнта і расейцаў на карупцыю ў краіне.
Прэс-служба Крамля сувязь аб’екта з Пуціным заўсёды адмаўляла. 25 студзеня гэта зрабіў і сам прэзыдэнт. У той жа час выданьне «Праект» са спасылкай на крыніцы сярод расейскіх чыноўнікаў сьцьвярджае, што менавіта ў гэтай рэзыдэнцыі кіраўнік дзяржавы сустракаецца з сваім атачэньнем і бавіць «значную частку свайго нефармальнага часу».