У Першамайскім судзе Менску сёньня працягваўся працэс над 56-гадовай паштальёнкай Ларысай Танкашкур. Яна перадала ў тэлеграм-чат «Лебяжий 97%» імёны і адрасы супрацоўнікаў міліцыі, якія былі падпісчыкамі ведамаснага выданьня МУС «На страже».
Прысуд будзе абвешчаны 22 студзеня.
Дзяржаўны абвінаваўца папрасіў пакараць Ларысу Танкашкур арыштам на тры месяцы паводле ч. 1 артыкула 179 («Незаконны збор або распаўсюд інфармацыі пра прыватнае жыцьцё»).
Ён палічыў неабходным выключыць з абвінавачаньня сказ, што злачынства ўчынена жанчынай «з матываў ідэалягічнай варожасьці», бо гэта не пацьвердзілася ў судзе. Абцяжлівай акалічнасьцю ён палічыў зьдзяйсьненьне злачынства групай асобаў з папярэдняй змовай, з матываў палітычнай варожасьці і ў дачыненьні асобаў, якія выконвалі службовыя абавязкі. Да ўступленьня прысуду ў сілу пакінуць меру стрыманьня ў выглядзе асабістага паручальніцтва.
«Гэта палітычная сытуацыя ўплывае на ўсіх»
Паводле адвакаткі Альвіны Мінгазавай, пацярпелыя гаварылі пра маральную шкоду, але ня мелі ніякіх матэрыяльных прэтэнзій да Ларысы Танкашкур. Некаторыя казалі, што адчулі нэгатыўныя эмоцыі пасьля публікацыі іхных імёнаў і адрасоў, бо ім, маўляў, было страшна за сябе, сваю сям’ю і маёмасьць.
«Нельга абстрагавацца ад таго пэрыяду, у якім мы жывём. Гэта палітычная сытуацыя ўплывае на ўсіх, бо страшна ўсім, — сказала адвакатка. — Некаму страшна выйсьці з дому, бо ён можа не вярнуцца; страшна, што яго арыштуюць ці паб’юць. Супрацоўнікам міліцыі страшна за сябе, адвакатам страшна страціць ліцэнзію. Для судзьдзяў таксама ня самы прыемны пэрыяд».
Паводле адвакаткі, не было даказанай шкоды, а былі суб’ектыўныя перажываньні, і на гэтым будуецца абвінавачаньне.
«Я не зусім разумею, як выкладаньне асабістых зьвестак можа падарваць аўтарытэт. Сытуацыя, якая зацягнулася, па сутнасьці, падрывае аўтарытэт прадстаўнікоў улады», — сказала адвакатка.
Яна назвала ўчынак падабароннай «эмацыйным». А калі няма даказанай шкоды, то няма і складу злачынства, таму Ларысу Танкашкур трэба апраўдаць.
Былая паштальёнка гаварыла пра пагрозы
У сваім апошнім слове Ларыса Танкашкур сказала, што шкадуе аб сваім учынку і што «эмацыйна было вельмі цяжка». Яна сказала, што ёй і яе сям’і пагражалі ў РУУС і што яна спала ў ізалятары 10 дзён без матраца.
«Прашу прабачэньня ва ўсіх міліцыянтаў, што, магчыма, некаму прынесла нязручнасьці. Але трэба выконваць закон і паводзіць сябе прыстойна. Калі я памылілася, то мне нельга пагражаць», — сказала жанчына.
У чым абвінавацілі паштальёна?
Супраць жанчыны завялі крымінальную справу паводле ч.1 арт.179 («Незаконнае зьбіраньне і распаўсюджваньне зьвестак аб прыватным жыцьці») і ўжылі меру стрыманьня ў выглядзе асабістага паручальніцтва.
Пацярпелымі ў справе прызналі 35 чалавек, сярод якіх супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС, выкладчыкі Акадэміі МУС, намесьнік начальніка раённага ДАІ і былыя міліцыянты.
У абвінавачаньні гаворыцца, што Ларыса Танкашкур, якая выдала зьвесткі з даставачных картак, дзейнічала з матываў «палітычнай і ідэалягічнай варожасьці, зьвязанай з электаральнай кампаніяй».
У першы дзень суду жанчына заявіла, што часткова прызнае сваю віну. Не прызнае абвінавачаньня ў тым, што распаўсюдзіла зьвесткі на глебе «палітычнай і ідэалягічнай непрыязнасьці». Яна сказала, што паведаміла зьвесткі «ня з мэтай пагрозаў міліцыянтам, а з мэтай дыялёгу», каб зь імі пагутарыць, каб людзей, якія зьбіраюцца ў мікрараёне, ня білі. «Думала, што гэтыя міліцыянты дапамогуць жыхарам Лебядзінага», — сказала жанчына.
«Яна пашкадавала нас, заступілася за нас»
Жыхары мікрараёну накіравалі хадайніцтва ў суд, у якім яны просяць не караць паштальёнку, бо «ніхто не нанёс шкоды ніводнаму супрацоўніку міліцыі ў нашым раёне».
«Яна пашкадавала нас, заступілася за нас. Яна пашкадавала людзей чыста па-чалавечы», — гаворыцца ў хадайніцтве.
Яны нагадваюць, як Ларыса Танкашкур дапамагала людзям, як падаравала 90-гадовай пэнсіянэрцы боты, калі тая сказала, што ня можа іх купіць.
Таксама накіравалі ў суд хадайніцтва і былыя супрацоўнікі Ларысы Танкашкур з паштовага аддзяленьня № 62, якія называюць яе добрасумленным работнікам.
Міліцыянтам нагадалі пра 128-ы артыкул
На першае пасяджэньне суду 29 сьнежня прыйшлі 10 з 35 пацярпелых. Паказаньні яшчэ двух зачыталі ў судзе. Яны ня маюць матэрыяльных прэтэнзій да жанчыны, а пакараньне павінен вызначыць суд.
Міліцыянты казалі, што пасьля публікацыі дадзеных ім у паштовыя скрыні кідалі лісты пра 128-ы артыкул («Злачынствы супраць бясьпекі чалавецтва»), у сеціве былі нэгатыўныя камэнтары з нецэнзурнай лексыкай і пагрозамі, а таксама зь імі перасталі вітацца суседзі.
Адвакатка заявіла хадайніцтва, каб у судзе дапыталі астатніх пацярпелых.
Сёньня ў суд зьявіліся трое. Астатнія спаслаліся на занятасьць ці дрэннае самаадчуваньне. Пацярпелая супрацоўніца папраўчай установы сказала, што ёй кінулі ў паштовую скрыню ўлётку пра тое, што такое катаваньні. Яна не зразумела, што мелася на ўвазе: «Магчыма, хацелі прымяніць катаваньні да маіх дзяцей».
Паказаньні шэрагу пацярпелых былі агучаныя судзьдзёй.
Некаторыя з пацярпелых спачатку адмаўляліся ад удзелу ў працэсе, але потым, калі справу вярнулі на дапрацоўку, гаварылі пра нанесеную ім маральную шкоду.