Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мой бацька ваяваў не для таго, каб беларус біў беларуса». Паштальёнку судзяць за пашырэньне зьвестак пра міліцыянтаў


Абвінавачаная Ларыса Танкашкур у судзе. 29 сьнежня 2020 году
Абвінавачаная Ларыса Танкашкур у судзе. 29 сьнежня 2020 году

У Першамайскім судзе Менску пачалі разгляд крымінальнай справы супраць 56-гадовай паштальёнкі Ларысы Танкашкур. Яе абвінавацілі ў распаўсюджваньні ў інтэрнэце асабістых зьвестак падпісчыкаў ведамаснага выданьня МУС «На страже». Працэс вядзе судзьдзя Тацяна Ліньнік.

Што адбываецца

Супраць жанчыны завялі крымінальную справу паводле ч.1 арт.179 (незаконнае зьбіраньне і распаўсюджваньне зьвестак аб прыватным жыцьці, якія складаюць асабістую ці сямейную тайну іншай асобы, безь яе згоды, што пацягнула за сабой прычыненьне шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам пацярпелых). Супраць яе была ўжыта мера стрыманьня ў выглядзе асабістага паручальніцтва.

Паводле матэрыялаў справы, жанчына працавала паштальёнам у адным з аддзяленьняў сувязі Менску. У яе службовыя абавязкі ўваходзіла захоўваньне службовай тайны і тайны паштовай сувязі.

Але ў канцы верасьня 2020 году, маючы доступ да даставачных картак падпісчыкаў ведамаснай газэты МУС Беларусі, яна сабрала зьвесткі (прозьвішчы, месца жыхарства) пра 35 грамадзян, сярод якіх супрацоўнікі міліцыі, бязь іхнай згоды. Потым гэтыя зьвесткі разьмясьцілі ў Telegram.

У абвінавачаньні гаворыцца, што жанчына дзейнічала з матываў «палітычнай і ідэалягічнай варожасьці, зьвязанай з электаральнай кампаніяй». Паводле яго, выдаваньне зьвестак з даставачных картак «прывяло і можа прывесьці да падрыву прэстыжу МУС як арганізацыі, а таксама пацягнула за сабой прычыненьне маральнай шкоды, а таксама шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам пацярпелых».

Падчас суду над Ларысай Танкашкур
Падчас суду над Ларысай Танкашкур

«Думала, што гэтыя міліцыянты дапамогуць жыхарам Лебядзінага»

Жанчына сказала ў судзе, што часткова прызнае сваю віну. Не прызнае абвінавачаньня ў тым, што распаўсюдзіла зьвесткі на глебе «палітычнай і ідэалягічнай непрыязнасьці». Яна сказала, што паведаміла зьвесткі «ня з мэтай пагрозаў міліцыянтам, а з мэтай дыялёгу».

«Я бачыла шмат зьбіцьця на Лебядзіным і думала, што, магчыма, гэтыя міліцыянты, якія выпісваюць газэту, дапамогуць жыхарам Лебядзінага, якія ладзілі чаяваньне, каб там людзей ня білі тыя, хто прыяжджае ў цывільным», — сказала жанчына.

Жанчына сказала, што перапісала дадзеныя, каб пагаварыць з гэтымі супрацоўнікамі.

Ларыса Танкашкур
Ларыса Танкашкур

«Убачыла відэа, як мэтанакіравана распылілі газ дзіцяці, пабілі і забралі шэсьць чалавек. Я пісала адміністратару тэлеграм-канала, каб не было ніякіх пагроз, толькі мірны дыялёг, але я ня думала, што ён выкладзе ўвесь гэты сьпіс у чат».

Паводле жанчыны, яна бачыла, як супрацоўнікі жорстка абыходзяцца з жыхарамі дома. Сама яна там непадалёк працавала.

«Мая нэрвовая сыстэма, псыхіка (я за ўсім назірала цягам двух месяцаў, на мітынгі не хадзіла) ня вытрымала. Я напісала ў чат: «Можа, даць міліцыянтаў, якія жывуць у раёне?» Яны напісалі: «Дайце».

Ларыса сказала, што ў яе была думка толькі пра дапамогу і дыялёг. Яна супраць зьбіваньня людзей, якія выйшлі ў двор свайго дома разам зь дзецьмі на гарбату і каву.

«Можа, які цуд здарыцца, што ўсё гэта супакоіцца, але і далей працягваюць, затрымліваюць зь дзецьмі і ў РУУС адвозяць. Страшна езьдзіць туды і хадзіць. Пагрозы міліцыянтам бессэнсоўныя. Я ня ведаю, хто ім мог пагражаць. Хаця мне асабіста пагражалі, сьценку расьпісалі».

«Гэта вельмі жахліва — гвалт і зьбіваньне мірных людзей»

Ларыса Танкашкур сказала, што сама адбыла 15 сутак паводле сфальшаванага абвінавачаньня.

«Мне шкада міліцыянтаў. Калі б сумленна прайшлі выбары, то гэтага бязладзьдзя, зьбіцьця ніколі б не было. Гэта жахліва — гвалт і зьбіваньне мірных людзей».

Жанчына сказала, што яе бацька ваяваў «не для таго, каб цяпер беларус біў беларуса».

«Мой бацька даведаўся, што ў нас грамадзянская вайна, плакалі разам зь ім. Каб сёньня міліцыя біла людзей, якія выйшлі папіць гарбаты?! Яны самі павінны былі стаць на бок гэтых людзей, а не дзіцяці газам у твар».

Ларыса расказала, што сама яна са шматдзетнай сям’і, сёмае дзіця, і бацькі «ніколі ня білі, ня зьдзекаваліся». Жанчына сказала журналістам, што яе прымусілі звольніцца з працы на пошце. Цяпер Ларыса працуе прыбіральніцай. Яна разьведзеная, мае дачку.

Што гавораць у судзе міліцыянты

Пацярпелыя ў судзе на апошнім шэрагу
Пацярпелыя ў судзе на апошнім шэрагу

Да абеду ў судзе выступілі шасьцёра пацярпелых, сярод якіх супрацоўнікі РУУС Цэнтральнага раёну, выкладчык Акадэміі МУС, ахоўнік гатэля і загадчык інтэрнату (былы супрацоўнік Дэпартамэнту аховы). Яны скардзіліся на зьневажальныя камэнтары ў чатах і на тое, што ім у паштовыя скрыні кінулі ўлёткі, у якіх была пададзена інфармацыя пра артыкул 128 Крымінальнага кодэксу («Злачынствы супраць бясьпекі чалавека»).

Зь некаторымі перасталі вітацца суседзі. Яны перажывалі, што можа быць нанесена шкода іхнай маёмасьці і бясьпецы сваякоў, але ніякіх такіх дзеяньняў не было. Пра апублікаваны сьпіс яны даведаліся ад калегаў.

29 сьнежня ў судзе абвясьцілі перапынак да 6 студзеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG