Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Білі, дубінку ў азадак засоўвалі». Падсудны ў Менску заявіў пра гвалт у міліцэйскім пастарунку


Сілавікі на «Маршы партызанаў» 18 кастрычніка
Сілавікі на «Маршы партызанаў» 18 кастрычніка

Амапаўцы выступалі ў менскім судзе ў балаклавах і са зьмененымі імёнамі, ня памяталі назваў вуліц. Падсудны заявіў аб катаваньнях дручком і «пазначэньне» фарбай з балёнчыка.

У судзе Ленінскага раёну Менску ідзе працэс у справе аб нанясеньні цяжкіх цялесных пашкоджаньняў супрацоўніку АМАПу, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

32-гадовага Віктара Барушку абвінавачваюць у «наўмысным прычыненьні цяжкага цялеснага пашкоджаньня адносна асобы ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ёй службовай дзейнасьці» паводле п. 5 ч. 2 арт. 147 Крымінальнага кодэксу.

З 18 кастрычніка індывідуальны прадпрымальнік Барушка знаходзіцца пад вартай. Па гэтым артыкуле яму пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Судовае пасяджэньне вядзе Марына Запасьнік, дзяржабвінавачваньне прадстаўляе Аляксандар Рамановіч, адвакат — Натальля Яфімчык.

У суд паступіла заява пацярпелага і сьведак аб «невыдаваньні інфармацыі аб іх асобах». Судзьдзя абвясьціла 3-гадзінны перапынак «для азнаямленьня з матэрыяламі па забесьпячэньні бясьпекі пацярпелага і сьведак», пасьля якога ўхваліла хадайніцтва. Усе амапаўцы былі ў балаклавах, разам уваходзілі і выходзілі з будынку суду, балаклавы не здымалі нават на вуліцы. На судзе стала відавочным, што яны ня ведаюць мясцовых адрасоў і вельмі дрэнна арыентуюцца ў Менску.

Што напісана ў абвінавачаньні

Паводле вэрсіі абвінавачаньня, Віктар Барушка 18 кастрычніка 2020 году ўдзельнічаў у акцыі пратэсту на Партызанскім праспэкце ў Менску. Супрацоўнікі АМАПу спрабавалі яго затрымаць, ён аказаў супраціў аднаму зь іх і ўжыў гвалт, ударыўшы «целам у цела і нагой у нагу».

Той пасьля гэтага нібыта зламаў вялікую галёначную костку правай нагі. Гэта цялесныя пашкоджаньні з катэгорыі цяжкіх, што пацьвердзіла экспэртыза, праведзеная спэцыялістамі Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз.

Што кажа падсудны

Барушка не прызнаў віны. Ён расказаў, што ў раёне велазаводу на Партызанскім праспэкце ішоў зь нядзельнага маршу, куды ходзяць «нязгодныя зь дзейнай уладай людзі, каб паказаць, што яны ёсьць». Калі ўбачылі сілавікоў, усе пачалі ўцякаць.

«Я пачаў уцякаць, баяўся за сваё жыцьцё, ратаваўся. Адчуў, што мне зрабілі падсечку справа ззаду. Упаў і ўбачыў берац сілавіка. Я ўпаў на сьпіну, мяне паднялі за выцягнутыя рукі», — расказаў Барушка.

Барушка заявіў пра катаваньні ў РУУС

Далей затрыманага адвялі ў аўтазак, дзе былі шасьцёра мужчын у трохмеснай камэры, забралі тэлефон, гадзіньнік. Паехалі, потым раптам спыніліся, пачалі шукаць чалавека ў сіняй куртцы. Пазьней Барушку апазнавалі па ёй яшчэ шэсьць разоў.

Потым мужчыну пазначылі — лоб, рукі і байку размалявалі чырвонай фарбай з балёнчыка. Пазьней усіх выпусьцілі, апрача Барушкі, якога павезьлі ў Ленінскі РУУС Менску. Адвялі на допыт і сказалі, што маюць відэа ягоных удараў. Віктар папрасіў адваката. У яго спыталі на камэру імя і прозьвішча, ён тады ня выказаў пытаньняў і прэтэнзій да міліцыянтаў.

Але далей у памяшканьне, дзе ён знаходзіўся, зайшоў нехта ў масцы, Барушку надзелі мяшок на галаву, яго трымалі ў нейкім памяшканьні, падобным да душавой:

«Білі, дубінку ў азадак засоўвалі. Пасьля гэтага я правёў 12 дзён у рэанімацыі. Ногі былі такія апухлыя, што ня мог зьняць джынсы. Калі мяне білі, я аберагаў левую нагу. Мне мянялі зьвязкі на левай назе, я ня мог ёю ўдарыць».

У зьняволеньні Барушка даведаўся, што ўлады не завялі ніводнай крымінальнай справы па фактах сваволі сілавікоў, таму ня бачыў сэнсу пісаць заяву пра тое, што зрабілі зь ім самім.

Ён не выключае, што амапавец зламаў нагу ў выніку іх сутыкненьня, аднак настойвае, што наўмысна ня біў яго.

Сьведка Сьвятлана Раманава пацьвердзіла словы падсуднага, што менавіта супрацоўнік АМАПу ўпаў на абвінавачанага, зрабіўшы таму падсечку правай нагой.

Вэрсія амапаўца і паказаньні ягоных калег

Але пацярпелы расказаў на судзе сваю вэрсію падзей. Ён нібыта пабег насустрач Барушку, які ўдарыў яго левай нагой, а пасьля гэтага яны паваліліся на зямлю. Ён настойвае, што пазнае ў абвінавачаным чалавека, які яго ўдарыў, «па вачах».

Пры гэтым у матэрыялах справы пазначана, што пры апытаньні ў лякарні амапавец паведаміў мэдыкам, што траўмаваўся падчас «сутыкненьня з чалавекам». На судзе ён адмовіўся ад сваіх словаў. Больш за тое — пачаў настойваць, што пацярпеў і маральна, і матэрыяльна, тры месяцы правёў на бальнічным, зь іх два ў гіпсе, а таксама «перажываў за сяброў і таварышаў, якія працавалі». Таму папрасіў суд абавязаць абвінавачанага кампэнсаваць яму 6 тысяч рублёў, палову зь якіх абавязуецца аддаць на дабрачыннасьць, а таксама выдаткі на лячэньне ў памеры 351 рубля.

У якасьці сьведак у судзе дапыталі трох супрацоўнікаў АМАПу. Адзін нібыта пазнаў Барушку па цёмна-сіняй куртцы, другі, хоць на папярэднім сьледзтве казаў, што бачыў сутыкненьне пацярпелага і падсуднага, на судзе ўжо настойваў, што бачыў менавіта ўдар. Хоць пры гэтым ня памятаў, якой нагой Барушка ўдарыў ягонага калегу. Трэці амапавец сказаў, што наогул ня бачыў сутыкненьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG