Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля лячэньня ў ФРГ расейскі апазыцыянэр Навальны ляціць у Расею, дзе яму пагражаюць арыштам. Жывы этэр з аэрапорта


Уладзімер Пуцін і ягоны супернік Аляксей Навальны, аўтар расьсьледаваньняў пра карупцыю ў пуцінскім атачэньні.
Уладзімер Пуцін і ягоны супернік Аляксей Навальны, аўтар расьсьледаваньняў пра карупцыю ў пуцінскім атачэньні.

Расейскі апазыцыйны палітык Аляксей Навальны 17 студзеня прыляціць у Расею. Ён вернецца ў краіну, нягледзячы на тое, што знаходзіцца ў фэдэральным вышуку.

Аэрапорт Унукава адмовіў журналістам у магчымасьці зьняць прыбыцьцё палітыка ў Маскву. А 14:30 пачнецца жывы этэр зь вяртаньня Аляксея Навальнага ў Расею, яго правядзе тэлеканал «Настоящее время».

Прыхільнікі Навальнага каардынуюць свае дзяньні ў інтэрнэце, каб сустрэць палітыка, якога падтрымліваюць. Пра тое, што прыедзе ва Ўнукава, заявіла паплечніца Навальнага Любоў Собаль, якая плянуе балятавацца ў Дзярждуму Расеі ў 2021 годзе.

Праціўнікі Аляксея Навальнага таксама рыхтуюцца прыехаць у аэрапорт, у прыватнасьці, актывісты руху SERB і «гвардыя» пісьменьніка Захара Прылепіна. У Маскве пракуратура перасьцерагла ад прыезду насустрач Навальнаму, паліцыя, паводле паведамленьняў «Медузы»​, прыходзіла да апазыцыйных палітыкаў, каб паведаміць ім пра гэта асабіста. У Санкт-Пецярбургу затрымалі некалькі актывістаў, а таксама карэспандэнта «Медиазоны» Давіда Фрэнкеля. Падставай стаў магчымы ўдзел у беспарадках у Маскве. Каля аэрапорту Ўнукава стаяць аўтазакі, туды сьцягнулі ўжо больш за сотню паліцыянтаў.

Навальны з 22 жніўня 2020 праходзіў рэабілітацыю ў Нямеччыне пасьля атручваньня. 20 жніўня палітыку стала кепска ў самалёце падчас палёту з Томску ў Маскву. Ляйнэр прызямліўся ў Омску, дзе заснавальніка Фонду барацьбы з карупцыяй у стане комы адправілі ў рэанімацыю.

Клініка Charité ў Бэрліне, куды Навальнага пазьней даставілі на лячэньне, пацьвердзіла, што ў арганізме 44-гадовага апазыцыянэра ёсьць атрутнае хімічнае рэчыва. Лябараторыі Францыі, Швэцыі і Арганізацыі па забароне хімічнай зброі пацьвердзілі наяўнасьць атруты «Навічок» у аналізах Навальнага. Рэчыва, па дадзеных брытанскіх уладаў, ужо выкарыстоўвалі пры замаху ў Солсбэры ў 2018 годзе, калі пацярпеў расейскі выведнік Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка.

У сумесным расьсьледаваньні The Insider, Bellingcat і CNN пры ўдзеле Der Spiegel журналісты прыйшлі да высновы, што за атручваньнем Навальнага можа стаяць група з васьмі апэратыўнікаў, зьвязаных з Інстытутам крыміналістыкі ФСБ. Аналіз авіяпералётаў гэтых супрацоўнікаў ФСБ, а таксама дадзеных білінгу іх тэлефонных размоваў паказаў, што яны сачылі за Аляксеем Навальным з 2017 года, калі той заявіў аб плянах па вылучэньні на пасаду прэзыдэнта Расеі, а ў 2020 годзе правялі як мінімум яшчэ адну няўдалую спробу атручваньня палітыка.

У сувязі з атручваньнем Эўразьвяз уключыў у санкцыйны сьпіс кіраўніка ФСБ Аляксандра Бортнікава, першага намесьніка кіраўніка пуцінскай адміністрацыі Сяргея Кірыенку і кіраўніка Ўправы ўнутранай палітыкі адміністрацыі Андрэя Ярына. Вялікая Брытанія таксама ўвяла супраць іх санкцыі.

З 29 сьнежня Навальны афіцыйна знаходзіцца ў Расеі ў фэдэральным вышуку. Сьледчы камітэт пачаў крымінальную справу супраць яго аб крадзяжы на 356 мільёнаў рублёў ахвяраваньняў, якія прызначаліся некалькім арганізацыям, зьвязаным з апазыцыйным палітыкам. Артыкул «Махлярства ў асабліва буйным памеры», па ім Навальнаму пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Сам Навальны лічыць справу сфабрыкаванай, на ягоную думку, гэта помста за расьсьледаваньне аб атручэньні, у якім ён абвінаваціў ФСБ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG