Ведамства ў чацьвер афіцыйна пракамэнтавала паведамленьні пра тое, што Навальны быў абвешчаны ў вышук у сувязі з тым, што не зьяўляўся на рэгістрацыю як умоўна асуджаны, і пацьвердзіла іх. У заяве ФСВП гаворыцца, што Навальны за першыя 8 месяцаў 2020 году, гэта значыць яшчэ да таго, як ён быў адпраўлены на лячэньне ў Нямеччыну, ня зьяўляўся на рэгістрацыю шэсьць разоў. Таксама ў ФСВП заявілі, што Навальны 23 лістапада апавясьціў ведамства аб тым, што праходзіць у Нямеччыне рэабілітацыю, аднак, як гаворыцца ў паведамленьні, «факт аднаўленчых працэдур не зьяўляецца падставай для няяўкі на рэгістрацыю».
27 лістапада супраць Навальнага пачалі вышуковыя мерапрыемствы, а 29 сьнежня — за суткі да заканчэньня яго выпрабавальнага тэрміну — афіцыйна абвясьцілі яго ў вышук. Пры гэтым аб меркаваных парушэньнях з боку Навальнага ведамства заявіла толькі ў канцы сьнежня, а пра тое, што ён аб’яўлены ў вышук, стала вядома толькі 13 студзеня — у дзень, калі Навальны паведаміў, што 17 студзеня мае намер вярнуцца ў Маскву.
У паведамленьні ФСВП гаворыцца, што ведамства павінна «прыкласьці ўсе намаганьні», каб затрымаць апазыцыянэра да суду аб замене яму ўмоўнага тэрміну на рэальны. Навальны падкрэсьлівае, што пакінуў Расею не па сваёй волі, а быў вывезены на лячэньне пасьля атручваньня — у якім ён абвінавачвае супрацоўнікаў ФСБ і расейскія ўлады, уключаючы прэзыдэнта. Апошнюю заяву ФСВП ён пакуль не камэнтаваў. Навальны быў асуджаны на 3,5 года пазбаўленьня волі ўмоўна. ФСВП цяпер просіць замяніць гэты тэрмін на рэальны.