Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыя Трампа ўвяла маштабныя санкцыі супраць Кітаю


Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо
Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо

У «чорны сьпіс» трапілі кіраўнікі буйных дзяржаўных кампаній, высокапастаўленыя супрацоўнікі кампартыі Кітаю і ВМФ КНР, а таксама цэлы шэраг прыватных кампаній, зьвязаных з кітайскім вайсковым сэктарам, інфармуе «Голас Амэрыкі».

Адміністрацыя Дональда Трампа ў чацьвер ўвяла чарговыя санкцыі супраць Кітаю, унёсшы ў чорны сьпіс цэлы шэраг кітайскіх высокапастаўленых чыноўнікаў і шэраг кампаній за меркаваныя правапарушэньні, учыненыя ў раёне Паўднёва-Кітайскага мора. Некалькі буйных кітайскіх кампаній былі ўнесены ў сьпіс забароненых для інвэставаньня аб’ектаў.

Новыя санкцыі яшчэ больш павялічаць напружанасьць у адносінах паміж ЗША і Кітаем, стратэгічным супернікам Вашынгтону ў Азіі, за некалькі дзён да ўступленьня на пасаду абранага прэзыдэнта Джо Байдэна. Каманда Байдэна пакуль не адказала на просьбу Reuters пракамэнтаваць новыя санкцыі.

Санкцыі закрануць кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў, высокапастаўленых супрацоўнікаў Камуністычнай партыі Кітаю і кітайскіх узброеных сіл, а таксама буйной нафтаздабыўнай кампаніі CNOOC у сувязі зь меркаваным сілавым ціскам Кітаю на іншыя дзяржавы, якія прэтэндуюць на ўчасткі тэрыторыі Паўднёва-Кітайскага мора.

Дзевяць кітайскіх кампаній былі дададзены ў сьпіс фірмаў, зьвязаных з кітайскімі вайскоўцамі. Сярод гэтых кампаній — авіябудаўнічая фірма Comac і вытворца мабільных тэлефонаў Xiaomi Corp.

На гэтыя кампаніі будзе распаўсюджвацца новая забарона на інвэстыцыі, у адпаведнасьці зь якой амэрыканскія інвэстары павінны будуць пазбавіцца ад актываў кампаній, унесеных у чорны сьпіс, не пазьней за 11 лістапада 2021 году.

Амбасада КНР у ЗША раскрытыкавала дзеяньні адміністрацыі Трампа, абвінаваціўшы Вашынгтон у «навешваньні палітычных і ідэалягічных ярлыкоў на эканамічныя і гандлёвыя пытаньні і ў выкарыстаньні дзяржаўнай улады для аказаньня ціску на замежныя кампаніі пад прыкрыцьцём абароны нацыянальнай бясьпекі».

«Злучаныя Штаты падтрымліваюць краіны Паўднёва-Ўсходняй Азіі, якія хочуць абараніць свае сувэрэнныя правы і інтарэсы ў адпаведнасьці зь міжнародным правам», — заявіў дзяржсакратар Майк Пампэо, абвяшчаючы пра новыя санкцыі.

Пампэо сказаў, што Вашынгтон уводзіць візавыя абмежаваньні для кіраўнікоў кітайскіх дзяржаўных прадпрыемстваў і службовых асоб Камуністычнай партыі Кітаю, а таксама кіраўніцтва ВМФ КНР.

Паводле Пампэо, санкцыі накіраваныя супраць тых, хто «нясе адказнасьць або датычны да буйнамаштабнай рэкультывацыі, будаўніцтва або мілітарызацыі спрэчных фарпостаў ў Паўднёва-Кітайскім моры, альбо да ўжываньня сілавых захадаў да краін Паўднёва-Усходняй Азіі з мэтай перашкодзіць іх доступу да прыродных рэсурсаў (Паўднёва-Кітайскага) мора».

У сьпіс кампаній, зьвязаных з кітайскімі вайскоўцамі, трапілі авіяцыйная кампанія Skyrizon, а таксама Advanced Micro-Fabrication Equipment Inc, Luokung Technology Corp, Пэкінскі інвэстыцыйны цэнтар разьвіцьця Zhongguancun, GOWIN Semiconductor Corp, Grand China Air Co Ltd, Global Tone Communication Technology Co Ltd і China National Aviation Holding Co Ltd.

У сераду адміністрацыя Трампа адмовілася ад плянаў ўнясеньня ў чорны сьпіс кітайскіх тэхналягічных гігантаў Alibaba, Tencent і Baidu, паведамілі чатыры чалавекі, знаёмыя з гэтым пытаньнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG